Адбылося гэта 1 красавіка падчас святочнага канцэрта, прысвечанага Дню яднання Беларусі і Расіі “Песня нас аб’ядноўвае”, які праходзіў у рамках XVIII абласнога агляду-конкурсу “народных” і “узорных” аматарскіх калектываў. Аматары народнай песні пачулі беларускія і рускія творы ў выкананні Смілавіцкага народнага хора і народнага вакальнага ансамбля “Вербніца”. Перад гледачамі таксама выступалі жаночы гурт “Квецень” і жартоўны гурт “Чэрвеньскія балагуры”. Кранальная і задорная музыка, шчырыя спевы ўсхвалявалі кожнага, хто быў на канцэрце.
У якасці журы агляду-конкурсу прысутнічалі начальнік аддзела народнай творчасці, культурна-дасугавай дзейнасці і ўстаноў адукацыі галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінаблвыканкама Яўген Асташоў, намеснік дырэктара ДУ “Мінскі абласны цэнтр народнай творчасці” Наталля Даўнаровіч, загадчык аддзела аматарскай творчасці гэтай жа ўстановы Іна Шыбут і галоўны рэжысёр Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці Вераніка Жыгалко, а таксама ганаровы госць - Анатоль Феліксавіч Шунтаў — былы галоўны рэжысёр і мастацкі кіраўнік Дзяржаўнай акадэмічнай харавой капэлы імя Р.Р.Шырмы, член праўлення саюза музычных дзеячаў Мінскай вобласці. Пасля кароткага абмеркавання члены журы выказалі аднагалосную думку аб тым, што чэрвеньскія калектывы па-ранейшаму годныя звання “народны”, падзякавалі іх кіраўнікам - Алене Шут, Надзеі Чарніцкай, Андрэю Каленіку – за плённую працу, дасягнутыя поспехі ў развіцці аматарскай мастацкай творчасці, папулярызацыю нацыянальных культурных традыцый, высокі мастацкі ўзровень і актыўную канцэртную дзейнасць. Разам з тым былі абмеркаваны некаторыя пытанні па ўдасканаленні мастацкіх прыёмаў, перспектыў развіцця і пашырэння дзейнасці калектываў.
Алена Гоман
Дырэктар РЦКіА

