Задоўга да намечанай даты жахары разам з прадстаўнікамі розных арганізацый і прадпрыемстваў актыўна заняліся падрыхтоўкай і добраўпарадкаваннем прысядзібных тэрыторый. І вось ён прыйшоў, гэты доўгачаканы дзень.
Зранку на тэрыторыі раённага Дома рамёстваў панавала ажыўленне.
Радавалі погляд імправізаваныя куточкі сялянскага побыту. Прыгажун – млын суседнічаў з паважнымі бусламі ў капялюшах, бабулі з дзядулямі, бы сапрўдныя, мясціліся на лавачках ля плоту з вышыванкамі ды гладышамі.
Майстры з розных куточкаў Чэрвеньшчыны падрыхтавалі цудоўную выставу – продаж, а таксама арганізавалі майстар – класы для ўсіх жадаючых. Тут жа прымацавалася “Кола жаданняў”, на якое кожны мог пачапіць каляровую стужачку, задумаўшы перад гэтым сваё жаданне. Таксама працавалі розныя забаўляльныя пляцоўкі і гандлёвыя кропкі.
Распачаў свята народны вакальны ансамбль “Вербніца” Чэрвеньскага раённага Цэнтра культуры і адпачынку з песняй “Дзень добры, родныя мясціны”. Далей вядучая распавяла аб гісторыі ўзнікнення назвы вёскі Вайнілава і запрасіла разам з ёй зазірнуць у “бабулін куфэрак”, дзе кожная рэч сімвалізавала пэўны перыяд у гісторыі любай вёсачкі. Па добрай традыцыі на працягу святочнай праграмы было шмат віншаванняў і падарункаў. Свае музычныя падарункі жыхарам вескі адрасавалі госці з Чэрвеньскага псіханеўралагічнага дома-інтэртнату. Ушаноўвалі доўгажыхароў і воінаў – афганцаў, лепшых працаўнікоў гаспадаркі і ветэранаў працы, самы працяглы шлюб і маладажонаў, адзіную ў вёсцы выпускніцу і двух будучых першакласнікаў, шматдзетныя сем’і і самага маленькага жыхара, пераможцаў агляду – конкурсу на лепшую сядзібу і настаўніцу фізічнай культуры, якая пражывае у вёсцы, бо гэты дзень супаў з Днём работнікаў фізічнай культуры і спорту.
Цудоўную канцэртную праграму падрыхтавалі самадзейныя артысты з клубных устаноў Чэрвеньскага раёна.

