Режим работы
Режим работы
  • пн
  • вт
  • ср
  • чт
  • пт
  • сб
  • вс
8:30-13:00 | 14:00-17:30
10 ноября 2016

Свята вёскі адзначалі ў Красным Дары

Вёска мая, вёска родная,

Я – твой вясковы чалавек.

Адною мараю, адзіным лёсам

З табою звязаны навек…

Чакалі яго з нецярплівасцю: хацелася хутчэй сабрацца разам, прыгадаць былое, пагутарыць з аднавяскоўцамі, сустрэцца з сябрамі і ронымі.

Удзельнікаў і гасцей на ўваходзе ў Краснадарскі сельскі Цэнтр вольнага часу сустракала выстава мясцовых майстроў. Тут можна было ўбачыць вырабы з тканіны, сурвэткі, звязаныя кручком, вышыўку, мяккія цацкі, разнастайныя пано і шмат іншага (на здымку). Гасцінныя гаспадыні частавалі сваім печывам.

Вершам пра родную вёску адкрыла свята вядучая – былая настаўніца Тамара Ігнатовіч. Яна адзначыла, што амаль ўсе мы родам з вёсачак – маленькіх, ці вялікіх, але вельмі дарагіх нашаму сэрцу. І ў кожнага ёсць свае патаемныя сцяжынкі і бацькоўская хата ў засені бэзу і язьміну. Маленькая радзіма – гэта  кропачка на зямным шары, але ў свядомасці кожнага чалавека яна настолькі вялікая, што здольна да канца дзён валодаць і сэрцам, і душой. 

Да ўдзельнікаў свята звярнулася старшыня Раваніцкага сельвыканкама Вольга Тарасік:

- Аграгарадок наш– невялікі, усяго шэсць вуліц, дзе пражывае 308 чалавек. З іх 52 – моладзь да 18 гадоў, 175 – працаздольныя і 81 чалавек – пенсіянеры. На вёсцы ў гэтым годзе нарадзілася 5 дзяцей. І гэта добра. Бо пакуль у вёсцы звіняць дзіцячыя галасы – вёска жыве. У нас ёсць усё неабходнае для жыцця: магазін, паштовае аддзяленне, ФАП, МТФ “Цэнтр”, комплексны прыёмны пункт. Працуюць таварыствы з абмежаванай адказнасцю “Кадуцый” і “ЛесДыВаТол”, сялянская гаспадарка “Залатая пара”.

Старшыня сельвыканкама выказала  падзяку ўсім установам, хто аказвае дапамогу ў  дабраўпардкаванні населеных пунктаў сельсавета і Краснага Дара: ААТ  “Раванічы” і яго дырэктару Сяргею Кіпецю, Раваніцкаму дзіцячаму саду-сярэдняй школе і дырэктару  Валянціне Ільмоўскай, кіраўніцтву “ЛесДыВаТол”, галоўнаму ўрачу Раваніцкай участковай бальніцы Наталлі Жэкавай.Таксама падзяквала тым, хто аказаў спонсарскую дапамогу для правядзення свята: тварыству з абмежаванай адказнасцю “Кадуцый” і кіраўніку Алегу Карасю,  сялянскай гаспадарцы “Залатая пара” і кіраўніку Аляксею Навумчыку.

З прывітальным словам да ўдзельнікаў свята звярнулася начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама  Лідзія Шчэцінка (на здымку). Яна ад імя райвыканкама павіншавала ўсіх жыхароў аграгарадка са святам, адзначыла, што правядзенне святаў вёсак стала традыцыяй.

 - Гэта цудоўная ідэя, - сказала Лідзія Аляксандраўна, - таму што, на жаль, не кожны дзень мы маем магчымасць убачыць, сказаць словы ўдзячнасці жыхарам вёскі. Галоўны здабытак любога населенага пункта – гэта добраўпарадкаваныя дамы, вуліцы, камфартабельныя ўмовы жыцця, але галоўная каштоўнасць – гэта людзі. Са сваімі традыцымі, з асаблівасцямі сваёй вёскі, аграгарадка. Кожны з вас уносіць свой уклад у развіццё вёскі, яе росквіт. Сваёй працай, сваімі поспехамі, штодзённай работай вы ўслаўляеце і памнажаеце традыцыі свайго населенага пункта. Сёння ў зале і ветэраны працы, і моладзь. І вельмі прыемна бачыць малышоў на руках маладых матуль. Вельмі добра, калі ёсць на вёсцы дзеці, чуецца іх смех. Есць тады будучыня і ў вёскі.

Затым вядучая пазнаёміла прыстуных з гісторыяй вёскі.

Красны Дар  вядомы як урочышча Божы Дар яшчэ з 16 стагоддзя. І так называлася вёска ажно да 1945 года. Паводле перапісу 1897 года ў “Божым Дары” быў 31 двор, 214 жыхароў. У 1906 годзе – у сялянскай хаце была адчынена царкоўна-прыходская школа, якая ўтрымлівалася за кошт сродкаў сялян. Пасля рэвалюцыі 1917 года ў вёсцы была адчынена працоўная школа першай ступені, дзе мелася невялічкая бібліятэка. У наступныя тры гады вёска была акупіравана войскамі кайзераўскай Германіі, потым - войскамі Польшчы. З пачатку ліпеня 1941 года па ліпень 1944 года –нямецка-фашысцкімі захопнікамі. На франтах Вялікай Айчыннай вайны загінула 13 вяскоўцаў.  Сёння ў цэнтры вёскі стаіць помнік-стэла ў іх гонар.

Удзельнікі свята ўшанавалі памяць загінуўшых хвілінай маўчання. Максім Даброцька выканаў песню “Ад герояў былых гадоў…”

У 1997 годзе ў вёсцы, якая стала сядзіба калгаса “Краснадарскі”, было 140 асабістых гаспадарак, 395 жыхароў. Тут размяшчаліся майстэрні па рамонце сельскагаспадарчай тэхнікі, працавала аддзяленне сувязі, магазін, сталовая,  школа. Пазней адчынілі фельчарска-акушэрскі пункт, Цэнтр вольнага часу. У апошні час зачынілі школу, адбылося аб’яднанне калгасаў. У 2010 годзе вёска набыла статус аграгарадка.

Падчас свята ўдзячныя словы былі выказаны у адрас былых кіраўнікоў гаспадаркі “Красны Дар”: Мікалая Камінскага, Аляксандра Лапаткі і Мікалая Марудэнкі. Да вяскоўцаў звярнуліся былы кіраўнік гаспадаркі Мікалай Марудэнка (на здымку)  і цяперашні яе ырэктар Сяргей Кіпець (на здымку).

Тамара Цітавец, намеснік дырэктара ААТ “Раванічы” па ідэалагічнай рабоце прыгадала ўсіх працаўнікоў, якія шмат гадоў адпрацавалі ў “Краснадарскім”. Гэта жывёлаводы – Марыя Семашкевіч, сям’я Марыі і Івана Забаўскіх, Фаіна Сецкая,  Мікалай Васько, Мікалай Валейна, Лілія Шукан, Зінаіда Ярашэвіч; механізатары і вадзіцелі, якія аддалі працы ў гаспадарцы шмат гадоў -- Пётр Алтынаў, Станіслаў Высоцкі, Іван Капаніцкі, Леанід Петрашкевіч (у яго два сыны таксама працуюць у гаспадарцы механізатарамі), Іосіф Дубоўскі; работнікі былой канторы – Тамара Дубоўская, Людміла Высоцкая, Зінаіда Суша, Алена Васько,  Святлана Галкіна;  палявод Вольга Цалуйка і работніца запраўкі Марыя Зяневіч. Зараз працуюць пенсіянеры -- Марыя і Мікалай Нікіціны, Ала і Анатоль Яблонскія, Ніна Вакуленка.

Прыгадалі былых настаўнікаў Краснадарскай школы: Галіну Манулік, Леаніду Шышонак, Эльзу Маковіч, Алену Дубавец. Маладымі прыгажунямі прыйшлі яны працаваць у Краснадарскую школу. Не адно пакаленне вучылася ў іх. Алена Дубавец, былы дырэктар і настаўнік школы, якая прысутнічала на свяце, сказала:

- Прыехала ў раён у 1970 годзе. Працавала спачатку ў маленькай школе – было толькі дзве хаткі. Потым пабудавалі новую. Дзякуй сёння ўсім былым кіраўнікам саўгаса “Краснадаркскі” за клопат пра школу. Між іншым, школы раёна нам зайздросцілі, таму што мы заўсёды адчувалі падтрымку з боку кіраўніцтва. Мы вельмі добра жылі. Прымалі ўдзел у мастацкай самадзейнасці. Перамаглі аднойчы ў раённым конкурсе. Дзякую бацькам, якія дазвалялі нам ажыццяўляць розныя ідэі, за тое, што прывучалі дзяцей да працы. Дзякуючы тамтэйшаму кіраўніку гаспадаркі Аляксандру Лапатку, мы з вучнямі аб’ездзілі амаль палову былога СССР. А калі гаварыць пра тэатры і цырк, дык мы былі там пастаяннымі наведвальнікамі. Дзякуй прафсаюзнаму лідэру саўгаса Ганне Крыварот, яна   ўвесь час купляла нам білеты. Кожныя канікулы мы вандравалі. Усе гэтыя паездкі былі нам бесплатныя. Вельмі рада, што бачу зараз сваіх выпускнікоў у зале. Дзякуй усім настаўнікам, з якімі я працавала. Жылі мы вельмі дружна. Нам шанцавала на моладзь, якая прыходзіла ў школу.

Ушанавалі на свяце 80-гадовых юбіляраў: Эльзу Маковіч і Зінаіду Ярашэвіч. А таксама самую старэйшую жанчыну вёскі Галіну Манулік. Ёй споўнілася 94 гады. Юбілярам уручылі сертыфікаты, падарункі і кветкі.

На сцэну запрасілі сем’і, якія пражылі разам больш за пяцьдзесят гадоў: Іван і Марыя Забаўскія, Марыя і Валянцін Пікулік, Анатоль і Святлана Галкіны (на здымку). Яны атрымліваюць падарункі і кветкі.

Павіншавалі са святам  самую маленькую жыхарку вёскі – Наташу Цітавец, якая нарадзілася 12 жніўня. Яе бацькі Таццяна і Георгій атрымалі падарунак (на здымку).

Назвалі таксама і лепшую вучаніцу вёскі Красны Дар. Гэта Ганна Чэркас. 

Са словамі на дарогу да будучага вайскоўца Дзмітрыя Тыркіча (на здымку) звярнулася Вольга Тарасік. Яна пажадала яму добрай службы і ўручыла сувеніры і кветкі.

Сяргей Кіпець і Тамара Цітавец павіншавалі працаўнікоў, хто выходзіць на заслужаны адпачынак, уручылі падарункі:  Ніне Вакуленка, Ірыне Бандаровіч, Івану Капаніцкаму, Марыі Нікіцінай, Анатолю Скуратовічу (на здымку). 

Сертыфікаты майстрых уручылі і выказалі словы падзякі: Альбіне Певень (на здымку), Ніне Качан, Наталлі Лебедзевай,  Кацярыне Лебедзевай, Марыне Пікулік,  Марыне Гурыновіч, Васіліне Яблонскай, Наталлі Сідаравай,  Марыі Цімашкевіч.

Удзельнікаў свята ўшаноўвалі сваімі выступленнямі самадзейныя артысты Раваніцкага, Чарнаградскага і Руднянскага сельскіх Дамоў культуры. Працаваў гандаль.

Таццяна МАРЦЬЯНАВА.

Фота аўтара

Галерея изображений

Просмотреть встроенную фотогалерею в Интернете по адресу:
https://cherven.gov.by/ru/2016-god-kultury/meropriyatiya/item/2051-svyata-vyoski-adznachali-%D1%9E-krasnym-dary.html#sigProId43522de953