Сярод ганаровых гасцей свята –намеснік старшыні райвыканкама Ала Шахоцька, якая павіншавала вяскоўцаў з Днём вёскі, пажадала аптымізму і шчасця, а вёсцы – росквіту на доўгія гады.
Неаднаразова на сцэну ўзнімалася старшыня Лядзенскага сельвыканкама Алена Гамеза, каб асабіста павіншаваць паважаных вяскоўцаў. Так з павагай вядучыя называлі прозвішчы найстарэйшых жыхароў вёскі, воінаў-інтэрнацыяналістаў, шаноўных юбіляраў. Не абмінулі увагай і самых маленькіх жыхароў, будучых школьнікаў і выпускнікоў, а таксама добрасумленных бацькоў. З задавальненнем апладыравалі аднавяскоўцы і людзям, якія захавалі каханне, павагу і цеплыню пачуццяў на працягу многіх гадоў і сёлета адзначаюць юбілеі з дня вяселля. Нямала цудоўных слоў было сказана і ў адрас людзей, якія шмат гадоў прапрацавалі на карысць родных вёсак у розных сферах дзейнасці: паштовай сувязі, ахове здароўя, адукацыі і культуры, сельскай гаспадарцы, сацыяльнай рабоце, гандлі і лясгасе.
Работнікі раённага центра культуры і адпачынку разам з мясцовымі жыхарамі пастараліся зрабіць атмасферу свята цёплай і добразычлівай: распрацавалі цікавы і насычаны сцэнарый мерапрыемства, спявалі, чыталі вершы. Прысутных парадавалі душэўнымі песнямі народны вакальны ансамбль “Вербніца”, вакальная група “Квецень”, народны жартоўны гурт “Чэрвеньскія балагуры” і мясцовыя самадзейныя выканаўцы. Усіх узрадавалі бясплатныя прысмакі ад мясцовай гаспадаркі КСУП “Ганута-Агра” (дырэктар С.Смалянкоў), адмысловая выстава ад мясцовых майстрых і цудоўнае надвор’е. Хочацца спадзявацца, што ўсхваляваныя цеплынёй і шчырасцю вясковага свята жыхары Хутара і Ведрыцы гэтак жа актыўна правядуць увесь Год культуры і стануць удзельнікамі яшчэ многіх культурных мерапрыемстваў і падзей, падтрымаюць свае вёскі ў належным стане, захаваюць павагу адзін да аднаго і да сваёй малай радзімы.
А. Гоман,
дырэктар РЦКіА