Валавы збор зерня складае 14 тысяч 150 тон пры сярэдняй ураджайнасці 84 цэнтнеры з гектара.
Сярод першых у раёне завяршылі ўборку кукурузы на зерне ў сельскагаспадарчым вытворчым філіяле “Аграбуд” адкрытага акцыянернага таварыства “Мінскжалезабетон” .
Прыярытэтным гатункам зерневага накірунку ў гаспадарцы абралі гібрыд нямецкай селекцыі “Ранальдзіньё”. Пры вырошчванні ў мінулыя гады на частцы плошчаў гібрыд зарэкамендаваў сябе станоўча, таму сёлета сеялі кукурузу па зерневай тэхналогіі толькі ім.

Галоўны аграном гаспадаркі Леанард Мельнік, камбайнер Васіль Зуськоў і вадзіцель на адвозцы зерня Юрый Жарабцоў
– Кукуруза беларускай селекцыі мае нізкую вільгацеаддачу, – тлумачыць галоўны аграном сельгасфіліяла Леанард Мельнік. – Яна вельмі позна становіцца прыдатнай для ўборкі на зерне. Таму і спыніліся на нямецкім насенні, хаця яно і даражэйшае…
Два гады таму гаспадарка, нароўні з традыцыйнай дапрацоўкай зерня кукурузы, асвоіла тэхналогію яго закладкі ў герметычныя поліэтыленавыя рукавы метадам плюшчэння з дабаўленнем кансерванту. Аперацыю выконвае плюшчылка вытворчасці Шчучынскага рамонтнага завода, якая агрэгатуецца з трактарам.

Плюшчанае зерне кукурузы ў рукавах
– Гэта дае магчымасць істотна знізіць выдаткі на сушэнне зерня, паколькі ў рукавы яно закладваецца з вільготнасцю сорак працэнтаў, што амаль адпавядае натуральнай, – кажа Леанард Мельнік. – Сёлета мы заплюшчылі ў рукавы 550 тон кукурузы. Для патрэб жывёлагадоўлі гэтага дастаткова. Астатняе зерне высушылі, з тым разлікам, каб потым большую яго частку прадаць. Такая магчымасць ёсць, бо сёлета намалацілі 6 тысяч 500 тон збожжа – на 2 тысячы 500 тон больш, чым летась. Так што фуражу маем дастаткова.
Трывалая кармавая база, якую ствараюць у гаспадарцы ў тым ліку і за кошт паспяховага вырошчвання кукурузы, станоўча адбіваецца на прадукцыйнасці дойнага статка. Сёння сельгасфіліял уваходзіць у чацвёрку лепшых у раёне па гэтаму паказчыку.

