Лёгкага выезду “Коласа” не чакаў ніхто. Па-першае, яшчэ не астыла ў памяці нядаўняе паражэнне нашай каманды на полі саперніка ў папярэднім раўндзе Кубка Беларусі – 0:5. Па другое, у чэмпіянаце “Маладзечна”, згуляўшы два матчы, разграміла ў гасцях дзяржынскае “Адзінства” – 7:1, а потым дома паздзекавалася з “Крупак-ДРБУ-164” – 14:0.
Ды і выязны састаў чэрвеньцаў сабраўся не аптымальны: праблемнымі выглядалі лініі паўабароны і нападзення.
За тым, як развіваліся падзеі ў гульні, усе ахвочыя маглі сачыць анлайн, дзякуючы відэатрансляцыі, якую наладзіў маладзечанскі клуб. На жаль, “Колас” не справіўся са стартавым націскам гаспадароў поля, і ўжо на 5-й хвіліне Аляксандр Курыловіч быў вымушаны вымаць мяч з сеткі.
Да гонару нашых футбалістаў, гэтая няўдача не выбіла іх з каляіны. Далей іх гульня ў абароне была надзейнай і асэнсаванай. Больш таго, чэрвеньцы мелі нават пару рэальных шанцаў параўнаць лік.
Невядома, чым бы яшчэ ўсё скончылася, калі б у “Коласа” была паўнавартасная лаўка запасных ігракоў. Менавіта гэтая акалічнасць, на мой погляд, адбілася на канчатковым выніку матча. Адчуўшы, што голымі рукамі нашых не ўзяць, трэнерскі штаб “Маладзечна” пачаў выпускаць на поле “свежых” ігракоў. Як вынік, гаспадары забілі яшчэ двойчы, на 72-й і 81-й хвілінах – 3:0.
Чэрвенцы правялі матч у Маладзечна ў наступным складзе: Курыловіч, Кастэнка, Гумінскі (Шмідаў, 75), Гурноўскі, Весялоў, Івашкін, Шафераў (Прытыка, 90), Хілык, Кійко, Шарыпаў, Дошчачка (Шчавель, 60).
Фота з матча ТУТ

