Яркая, непаўторная праграма, якая сёлета была аформлена па-беларуску, падаравала ўсім добры настрой.
Шчырыя віншаванні прысутным прагучалі з вуснаў старшыні раённага выканаўчага камітэта Андрэя Зубара.
Таксама чэрвеньцаў павіншавала са святам госця з Расіі, дэпутат Савета дэпутатаў горада Каралёў Маскоўскай вобласці, які з’яўляецца пабрацімам Чэрвеня, дырэктар муніцыпальнага ўнітарнага прадпрыемства “Развіццё” Вольга Волкава.
Любоў да Чэрвеня і яго жыхароў разам з віншавальнымі словамі выказаў на ўрачыстасці наш вядомы зямляк-кампазітар, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі Кім Цесакоў.
Спадабалася гледачам маштабнае шэсце, да якога рыхтаваліся не адзін тыдзень. Калону блоку “Сельская гаспадарка” ўзначаліў доктар сельскагаспадарчых навук Леанід Шофман, які ўнёс вялікі ўклад у развіццё галіны. За ўпрыгожанай калоссем з родных ніў аўтамашынай з маладой жнейкай ў нацыянальным строі па плошчы велічна рушыла высокапрадукцыйная тэхніка гаспадарак: трактар “Беларус-2022” з дадатковым рулонным прэсам, камфортны ў эксплуатацыі трактар “Кейс”, колавы ўніверсальны прапашны трактар “Фэндт-933” з культыватарам “Топ Даун”, самаходны апырсквальнік “Кафіні”, кормаўборачны камбайн “Джон Дзір-7480”, кормаўборачны комплекс “КВК-800”.
Асабліва ўразіў тэлескапічны пагрузчык, які ўмее танцаваць. Над пастаноўкай і выкананнем вальсу працаваў яго кіроўца Уладзімір Брэчка з філіяла “Аграбокс” СП “Унібокс”.
Блок “Навука і тэхніка” адкрыў чырвона-зялёны макет падводнага карабля з паветраных шарыкаў. Сам праект субмарыны прыдумаў наш зямляк Казімір Чарноўскі.
Далей выкаціў драўляны танк Т-34, зроблены работнікамі чэрвеньскага лясгаса. Менавіта ўраджэнец Чэрвеня Уладзімір Фундатар удзельнічаў у распрацоўцы дызельнага рухавіка для такой баявой машыны.
А макет ракеты нагадаў, што наш горад знакаміты не толькі пакарэннем зямлі, але і космасу, дзякуючы народжанаму тут касманаўту Алегу Навіцкаму. Адметна, што ў гэтыя дні славуты зямляк рыхтуецца да новай касмічнай экспедыцыі.
Майстар вытворчага навучання Смілавіцкага сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя Арцём Крывапуст прадэманстраваў падчас свята свае вынаходніцтвы – кастом-байк “Чопер”, які прызначаны для прагулачных вандровак і франтальную касілку “Казуля”.
Для тых, хто цікавіцца модай, была прадстаўлена цікавая джынсавая калекцыя адзення, створаная дзесяцікласніцай СШ №2 Смілавічаў Палінай Савановіч.
Не менш цікавым быў блок “Архітэктура і будаўніцтва”. Падчас яго дэманстрацыі ў тэатралізаваным стылі прыгадалі выбітных архітэктараў, ураджэнцаў Чэрвеньшчыны – Яўгена Гляцэвіча, які, у прыватнасці, спраектаваў будынак аўтавакзала ў Чэрвені, і Уладзімра Караля, вядомага сваімі праектамі “Абеліск Перамогі” і Галоўны паштамт у Мінску, “Брэсцкая крэпасць-герой”.
У блоку “Спорт” віталі нашых знакамітых землякоў – алімпійскага чэмпіёна па цяжкай атлетыцы Валерыя Шарага, паралімпійскую чэмпіёнку па лыжных гонках і адаптацыйнаму веславанню Людмілу Валчок, вядомых у футбольным свеце людзей – Заслужанага трэнера Рэспублікі Беларусь Анатоля Усенку і Выдатніка прафтэхадукацыі СССР Леаніда Корзуна.
У блоку “Культура” артысты народных калектываў раёна – вакальнага ансамбля “Вербніца”, гумарыстычнага гурта “Чэрвеньскія балагуры”, музычнай капэлы “Ігуменскія крыніцы”, вакальнага ансамбля “Рэха”, Смілавіцкага хору – прадставілі спецыяльна створаныя да свята мясцовымі майстрыхамі Ірынай Фабінюк, Марыяй Кадзет і Раісай Лухверчык ручнікі-абярэгі.
Цёпла віталі гледачы маленькіх дзяўчынак, якія ўдзельнічалі ва ўпершыню зладжаным сёлета ў Чэрвені конкурсе міні-міс, і іх “кавалераў”. За імі па плошчы прайшліся выхаванцы дашкольных і школьных устаноў, навучэнцы Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Чэрвеня. Ну і, бадай, адным з самых адметных нумароў стаў танец пад музыку нашага знакамітага земляка-кампазітара Станіслава Манюшкі…
З раніцы і без таго было цёпла, але яшчэ цяплей стала ўсім ад імправізаванага “параду ўсмешак”, які прадставілі напрыканцы шэсця прадпрыемствы і ўстановы раёна. Шчырыя эмоцыі падаравалі работнікі раённага спажывецкага таварыства, чэрвеньскіх ПМС, ПМК-237, ПМК-8, вытворча-харчовага заводу, філіяла “Мінаблпаліва”, дома-інтэрнату для дзяцей-інвалідаў і маладых інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, псіханеўралагічнага дома-інтэрната, раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, цэнтральнай раённай бальніцы, Смілавіцкай валяльна-лямцавай фабрыкі, рыбгаса “Волма”. Выявы ўсмешак, якія расквечвалі капоты аўтамашын, паветраныя шары, у кожнай арганізацыі былі арыгінальнымі і непаўторнымі.
Завяршылася тэатралізаванае шэсце песняй “Беларусь” і прыгожым танцам.
Адпускаючы ў неба рознакаляровыя паветраныя шары, гледачы яшчэ раз віталі нашых славутых землякоў і іх дасягненні, руплівую працу прадпрыемстваў і арганізацый.
Вяртаючыся з урачыстасці, на вуліцы Карла Маркса кожны мог бліжэй пазнаёміцца з тэхнікай, якая брала ўдзел у шэсці. Жадаючых сфатаграфавацца на яе фоне і нават за штурвалам магутных машын было шмат, асабліва сярод дзятвы.
Юлія АДАМОВІЧ,студэнтка Інстытута журналістыкі БДУ.
Фота Ігара АДАМОВІЧА

