З краёў далёкіх і з тлумы сталічнай
Мой накірунак, як заўжды, адзін –
Да сонечных бароў тваіх сунічных
І да тваіх мядовых лугавін…
Не паддаешся ты ніякай скрусе,
І шчодра родзяць луг твой і ралля.
Жыві, квітней часцінка Беларусі,
Валевачоўская любімая зямля!
Мінулы суботні ранак пасля некалькіх даждлівых дзён шчодра надарыў сонечным светам і цяплом жыхароў аграгарадка Валевачы. Цёплае жнівеньскае надвор’е спрыяла святочнай атмасферы: на вёсцы ладзіўся дзень вёскі – свята аграгарадка. Яно сабрала не толькі мясцовых жыхароў – прыехалі шматлікія госці, родныя, сябры.
Адкрываючы ўрачыстасць, да прысутных звярнулася старшыня Валевачоўскага сельвыканкама Алена Чыканоўская. Яна павіншавала ўсіх са святам, пажадала добрага настрою і падзяквала тым, хто дапамагаў у яго падрыхтоўцы. У прыватнасці, ААТ “Валевачы” і дырэктара Андрэя Грыцкевіча, прыватнае прадпрыемства “Імастаркомпані” і дырэктару Аляксандру Жадану, сям’ю Бораздавых, якія за асабістыя сродкі адрамантавалі дарожнае пакрыцё вуліцы Гомельскай, Мікалая Быкава.
Далей вядучая ўрачыстасці бібліятэкар Алена Садчанка расказала пра гісторыю вёскі.
- На жаль, мы не можам дакладна ўстанавіць дату яе заснавання, - сказала яна. – Але больш за 200 гадоў таму вёска значылася ў Ігуменскім павеце і належала роду Манюшкі. Мяркуецца, што назва вёскі – “Валевачы” пайшла ад слова “валео”, што адзначае здароўе, здаровы лад жыцця. У старажытнасці ў вёсцы існавалі гаючыя крыніцы і тарфяные гразі. Тут можна было лячыць шмат хвароб. Меліся добрыя ўмовы для здаровага жыцця. Нездарма тут пэўны час жылі грэкі-купцы. Менавіта яны далі такую назву паселішчу, не характэрную для славянскай мовы. На жаль, меліярацыя змяніла характар мясцовасці, зніклі крыніцы, але прыгажосці сваёй вёска не згубіла. Маляўнічыя краявіды і сёння радуюць вока.
На сённяшні дзень у нашых Валевачах 209 двароў, пражывае больш за 600 чалавек.
Далей святочную праграму прадоўжыла настаўніца Валевачоўскай школы Таццяна Шаўчэнка. На сцэну запрасілі старшыню Чэрвеньскага раённага савета дэпутатаў Валянціну Тарасік:
- Шаноўныя валевачоўцы, госці. Са святам вёскі вас, са святам вашага аграгарадка. Тут ёсць сёння ўсё – пошта і лазня, сучаснае моцнае сельгаспрадпрыемства, якое развіваецца, многія працуюць на гэтым прадпрыемстве. У вас ёсць банк, сельвыканкам, урачэбная амбулаторыя, некалькі кропак гандлю і царква. Хапае ўсяго, што неабходна для нармальнага сучаснага жыцця. Тут і сапраўды гарадок. Ёсць дзе праявіць свае таленты. Сёння мы ўбачылі і творы таленавітых людзей – вышыванкі, разьбу па дрэве, мяккія цацкі, а які каравай выпеклі да свята! Дзякуй усім. Вы клапоціцеся не толькі пра свае падворкі, але і на агульных тэрыторыях наводзіце парадак. Вёска развіваецца. Мы бачым, якія тут цудоўныя дамы, усё ў кветках. Больш за ўсё парадавала тое, што на вуліцах вёскі шмат дзетак – у калясках, на маленькіх веласіпедах, у дварах – шмат цацак, арэляў. Вёска папаўняецца новымі жыхарамі і гэта вельмі радуе. Шчасця вам, здароўя, працоўных поспехаў, дабрыбыту і самае галоўнае – мірнага неба.
Затым вядучая прадоўжыла гістарычны экскурс ў мінулае вёскі. Яна распавяла аб сельскагаспадарчай арцелі “Камсамолец”, якая была арганізавана ў 1933 годзе, з цэнтрам у вёсцы Валевачы ў перыяд калектывізацыі сельскай гаспадаркі. Аб першым старшыні сельвыканкама Антоне Ярашэвічу, які трагічна загінуў ад рук бандтыў. Назвала імёны актыўных працаўнікоў калгаса: Кірылу Сакольчыка, Аляксея Гірынскага, Канстанціна Корзуна, Пятра Рудога, Ганны Юдо, Надзею Нахамчык і іншых. Ім было прысвоена званне “Ганаровы калгаснік”. Ветэранамі працы калгаса “Камсамолец” былі: Марыя Сасноўская, Агапа Сасноўская, Анісья Молчан.
Падчас Вялікай Айчыннай вайны Валевачы ўваходзілі ў партызанскую зону. Сувязной партызанскага атрада “Камуніст” была ўраджэнка вёскі Вольга Шатэрнік. Ахвярамі фашысцкіх захопнікаў сталі 15 жыхароў вёскі.
Пасля Перамогі вярнуліся людзі да працы на роднай зямлі. Жыхары вёскі Валевачы працавалі на палетках калгаса “Іскра”, падымалі разбураную гаспадарку.
Гаспадарка сёння – гэта адкрытае акцыянернае таварыства “Валевачы”. Яго кіраўнік Андрэй Грыцкевіч (на здымку) запрасіў на сцэну ветэранаў гаспадаркі: Валянціну Гірынскую, Рыгора Гірынскага, Валянціну Галубец, Зінаіду Занько, Зінаіду Колтун, Анастасію Крывіцкую, Таццяну Камейка, Надзею Яроцкую, Марыю Яроцкую, Пятра Галубца, Леаніда Галубца, Сяргея Кавалевіча, Аляксандра Кавалевіча, Зінаіду Мількевіч, і Леаніда Пунціка, уручыў ім падзякі і падарункі ад гаспадаркі.
Падчас свята ўшанавалі самую багатую на гады жанчыну – Таццяну Дзядзюля, якой споўнілася 90 гадоў. Яна прысвяціла ўсё сваё жыццё дзецям і настаўніцкай працы.
Сёлета вёска Валевачы папоўнілася дзесяццю маленькімі жыхарамі. Нарадзілася 9 дзяўчынак і адзін хлопчык. Ушанавалі бацькоў самай малодшай жыхаркі – Ганначкі Галецкай – Ірыну і Ўладзіміра.
Шчыра віталі шматдзетныя сем’і: Наталлі і Васіля Калодзіч і Уладзіміра Гермеля, у якіх выхоўваецца па чатыры дзіцяці (на здымку).
Не засталіся без увагі і сем’і, дзе муж і жонка крочаць разам па жыцці 55 гадоў. Гэта Рыгор і Валянціна Гірынскія. Выгадавалі пяцёра сыноў, маюць дзесяць унукаў і 4 праўнукі. Залатое вяселле сёлета ў Нахамчыкаў – Канстанціна і Валянціны. У іх сям’і трое дзяцей (на здымку).
Сям’я Гірынскіх перадала эстафету доўгага сумеснага жыцця самай маладой на вёсцы сям’і Ермаловіч Андрэю і Наталлі.
Напярэдадні свята на вёсцы праводзіўся конкурс на лепшы падворак, які паказаў, што такіх падворкаў шмат. Сядзібы дагледжаны, тут жывуць сапраўдныя гаспадары і гаспадыні. Вылучылі лепшыя. Гэта падворкі сям’яў Алейнік і Міснікавых (на здымку).
Падчас свята працавала выстава народных умельцаў. Усе ўдзельнікі свята знайшлі для сябе штосьці цікавае. Самыя маленькія мелі магчымасць паскакаць на батуце, пакатацца на горках, маленькіх аўтамабілях, паласавацца цукровай ватай, набыць паветраныя шарыкі.
Дарослым былі прапанаваны конкурс частушак, гульні, цір, латарэя і дыскатэка.
Завяршылася свята канцэртнай праграмай, якую ладзілі работнікі Грабёнскага, Руднянскага, Валевачоўскага сельскіх дамоў культуры. Прагучалі песні ў выкананні салістаў: Таццяны Гардзеевай, Ірыны Краснагір, Людмілы Мельнік, Ірыны Лаўрэнковай, гуртоў “Мужыкі”, “Крыніца”.
У свяце бралі ўдзел намеснік старшыні райвыканкама па сацыяльнай сферы і ідэалагічнай рабоце Ала Шахоцька, начальнік аддзела ідэалогіі, культуры і па справах моладзі райвыканкама Лідзія Шчэцінка і кандыдат у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання Пётр Атрошчанка. Працаваў пікет у яго падтрымку.
Таццяна МАРЦЬЯНАВА.
Фота аўтара

