Режим работы
Режим работы
  • пн
  • вт
  • ср
  • чт
  • пт
  • сб
  • вс
8:30-13:00 | 14:00-17:30
08 сентября 2016

Дзве яго запаветныя мары збыліся!

Жыхар г. Чэрвеня Эрнест Збігніевіч Вяржынскі — ветэран працы, былы ваенны, яго агульны працоўны стаж налічвае ажно 68 гадоў. Як чалавек адказны, прыйшоў на выбарчы ўчастак датэрмінова аддаць свой голас за аднаго з кандыдатаў у дэпутаты. Дзіця вайны – яму дастаўся цяжкі лёс: гады акупацыі, пасляваенная нішчымніца, дзіцячы дом…

Пра сябе распавёў наступнае: “Нарадзіўся я ў Віцебску ў 1940 годзе. Калі пачалася вайна, давялося ўцякаць з горада – моцна бамбілі. Бацка быў вадзіцелем. Пайшоў на фронт. Са старэйшай сястрой Ліляй (яна старэйшая на тры гады), мамай і бабуляй перабраліся ў вёску Двор Таронкавічы ў Лепельскім раёне.

Нагараваліся падчас акупацыі. Сям’ю ледзь не расстралялі. Немец прыйшоў у хату па курэй. Пад печчу былі дзве куры. Дасталі. Крычыць, тры давай. Добра, што суседка пачула, прыбегла са сваёй курой.
Дзед Андрэй па матчынай лініі партызаніў. Пасля вайны ён падарваўся на міне ў 1946 годзе. Араў калгаснае поле. Ад моцнага выбуху загінуў разам са сваім напарнікам. Той прама на месцы, а дзеда яшчэ паспелі давезці да бальніцы, там і памёр.

Пасля вайны жылі таксама цяжка. Бацька не вярнуўся. Маці аднойчы ноччу забралі ў турму. Атрымалася так: ішла ўвечары з работы праз калгаснае поле. Там жыта расло, яго ўжо назаўтра павінны былі ўбраць. Яна і сарвала жменю таго жыта. Хтосьці данёс. Засталіся мы з сястрой і бабуляй. А тут неўзабаве ў вёску вярнуліся франтавікі-аднавяскоўцы. Ордэны, медалі на грудзях. Даведаўшыся пра нашу гісторыю, паехалі ў Лепель і прывезлі маму дамоў. Мама пазней расказвала, што яны там у турме такога крыку нарабілі, ўсе падумалі, што зноў вайна пачалася. А мама пасля гэтага перажывання пачала хварэць. Не магла забяспечыць нам належнае выхаванне. Дырэктар школы настаяў на тым, каб яна аддала нас у дзіцячы дом. Не хацела яна, але ўсё ж згадзілася. Ёй дазволілі нас суправаджаць. Прыехалі туды, нас адразу павялі з сястрой снедаць. Далі нам кашу з каўбасой. А я думаю, там жа мама за варотамі стаіць, нічога не ела (слёзы заблішчэлі на вачах). Непрыкметна схаваў гэты кусочак каўбасы ў рукаў кашулі, вынес ёй на вуліцу…
Дзіцячы дом прыгадваю з удзячнасцю. рам выхоўваліся дзеці такія ж, як мы. Аднойчы над дзіцячым домам праляцелі тры верталёты. З зайдрасцю ўглядаўся я ўсед гэтым дзіўным машынам. Мне было толькі восем гадоў. Тады і нарадзілася ў мяне мара – стаць верталётчыкам…
У пятнаццаць гадоў выйшаў з дзіцячага дома. Не ведаў чым займацца. Выпадкова сустрэўся з кіраўніком духавога ваеннага аркестра з Заслонава, ваенны гарадок такі каля Лепеля. Ён узяў мяне да сябе выхаванцам, каб я не блытаўся без справы. Там служыў чэрвенец Васіль Буры (аб гэтым я даведаўся пазней). Год пабыў у аркестры. Як споўнілася 16 гадоў, пайшоў працаваць грузчыкам. Па 16 тон вугалю разгружалі з машын для кацельняў ваеннага гарнізона, развозілі удвух з сябрам.

Аднойчы ў Лепелі ўбачылі аб’яву, што запрашаюць камсамольцаў-добраахвотнікаў на цаліну. Пайшлі мы, тры сябры, у райкам камсамола. Нам ахвотна аформілі ўсе неабходныя дакументы, павезлі ў Віцебск, адтуль цягнікамі ў Казахстан. Па вобласці нас сабралі тады 250 чалавек. Ехалі вельмі доўга: толькі да Масквы трое сутак. У той год, 1957-ы, быў Міжнародны фестываль моладзі і студэнтаў. Моладзь з розных краін збіралася ў Маскву, дык наш цягнік прыпынялі, каб прапусціць пасажырскія паязды з удзельнікамі фестывалю на сталіцу. Пасля Масквы ехалі ўжо хутчэй. Нас так было многа, што ехалі на дахах вагонаў, па чарзе спалі. Прыехалі ў пасёлак Дзянісаўка (Кустанайская вобласць). Я не трапіў туды, дзе ўбіралі збожжа, а на будоўлю мастоў. Першы заробак атрымаў – паўтары тысячы рублёў! Шалёныя грошы! Дзіву даліся з хлопцамі. Яшчэ амаль нічога не будавалі, а грошы такія плоцяць. Пазней азалася, майстар спецыяльна нам такія грошы налічваў, каб не збеглі. Пазней плацілі меней, і тое што наперад атрымалі, з нас вылічылі…

Гэта толькі ў кніжках і ў кіно паказваюць, як цудоўна жылі і працавалі на цаліне. На самой справе той год, што быў у Казахстане, жылі мы ў палатках. Холад быў моцны, ветры. Летам яшчэ у рацэ мыліся, а зімой не было дзе. Вошы заядалі…

Пабудавалі мы там некалькі мастоў, тады нас перакінулі на Урал, горад Чусавы Пермскай вобласці. Там я паспеў паўдзельнічаць у будаўніцтве двух мастоў і пайшоў у войска. Мне пашчасціла: я трапіў у вайсковую частку, дзе былі верталёты. Служыў у Беларусі, у Кобрыне, ва Удмуртыі, Карэліі, Германіі. У войску і набыў спецыяльнасць бартавога тэхніка, экзамены здаваў экстэрнам за курс вучылішча. Збылася мая дзіцячая мара – лятаць на верталёце. Трынаццаць гадоў я адлятаў, а там лічыўся год за два. Увогуле ў мяне вайсковага стажу 38 гадоў. Пра мяне пісалі ў газеце “Красная звезда”, фатаграфавалі на вучэннях. Звольніўся ў запас з правам нашэння вайсковай формы. Ёсць Удзячны ліст ад камандуючага паветраным войскам, медаль “За воинскую доблесть. В ознаменование 100-летия со дня рождения Владимира Ильича Ленина”. Вельмі любіў лятаць. Падчас службы абляцеў Ураіну, Прыбалтыку, Расію… Налятаў каля трох тысяч часоў.
Пакуль быў ваенным, давялося змяніць дванаццаць гарнізонаў. Вельмі надакучыла бадзяцца па казённых кватэрах. Не паспееш адну абжыць, як трэба ўжо пераязджаць на другую. Пасля дэмабілізацыі жыў у Мінску. Не сядзеў на пенсіі, увесь час працаваў. Сусед прапанаваў пайсці на “Інтэграл” у ахову. Там начальнік аховы як даведаўся, што я служыў ў авіяцыі, узрадаваўся. Аказалася, што ён служыў у такіх войсках. Мяне адразу і ўзялі начальнікам каравула. Восем гадоў там адпрацаваў. Пазней перайшоў на завод “Калібр”. Мяне туды пазваў сам дырэктар. Да прызначэння на гэту пасаду ён працаваў на “Інтэграле”, мяне ведаў па рабоце. Адразу назначылі на пасаду начальніка аховы. Працаваў там некалькі гадоў.
Увесь час марыў мець свой дом. А тут яшчэ ўрачы параілі маленькаму ўнуку змяніць месца жыхарства. Па стану здароўя яму лепш жыць у сельскай мясцовасці. Паехалі спачатку на радзіму жонкі Марыі ў вёску Капланцы ў Бярэзінскім раёне. Але жыццё там не заладзілася. Вёска не перспектыўная. Няма з кім было нават пагутарыць па-суседску. Сястра жонкі жыла ў Чэрвені, яна і пераманіла нас сюды. Купілі дом. Жывём ужо чатырнаццаць гадоў. Падабаецца нам у Чэрвені. Маем тут сяброў. Збылася і другая мая мара…

Таццяна МАРЦЬЯНАВА.Фота аўтара.

Инвестиционные предложения

Инвестиционные предложения

Туристические объекты района

сброс