Першы матч у Маладзечне “Колас” правёў у нядзелю, 23 ліпеня, у рамках чэмпіянату Беларусі сярод каманд другой лігі.
Ён меў для нашай каманды важнае значэнне і ў турнірным, і ў псіхалагічным плане. Пасля паражэння ў гасцях ад «Вікторыі» чэрвеньцам былі патрэбныя станоўчыя эмоцыі.
Імпэту дадавала тое, што напярэдадні гульні каманда ўзмацнілася двума вядомымі ігракамі. З дзяржынскага «Адзінства» перайшоў у «Колас» лепшы бамбардзір чэмпіянату Мінскай вобласці-2022 Віктар Кліміхін. 33-гадовы футбаліст за сваю кар’еру таксама гуляў за «Смалявічы-СТІ», «Слонім», «Валну» (Пінск), «Нёман-Агра» (Стоўбцы). Яшчэ адно гучнае падпісанне – 30-гадовы паўабаронца Яўген Елязаранка, які літаральна днямі пакінуў футбольны клуб першай лігі «Асіповічы». «Нафтан» (Наваполацк), «Шахцёр» (Салігорск), «Гомель», «Слуцк» – вось няпоўны пералік каманд за якія ён выступаў у мінулым. У складзе «Шахцёра» Яўген стаў сярэбраным прызёрам чэмпіянату Беларусі-2016, а яшчэ ў свой час правёў восем матчаў у складзе маладзёжнай зборнай краіны. Да ўсяго, вярнуўся ў «Колас» у якасці іграка Ян Герасёў, які ўжо гуляў за нашых летась, а з пачатку сёлетняга сезона працаваў у трэнерскім штабе каманды. Такім чынам, чэрвеньцы выйшлі на матч з «ДЮСШ-4» у абноўленым саставе. Герасёў і Елязаранка занялі месца ў цэнтры паўабароны, а Кліміхін, у адсутнасць Аляксея Хадневіча, які, на жаль, пакуль што не можа дапамагчы «Коласу» з-за траўмы, прыйшоўся вельмі дарэчы на пазіцыі нападаючага.
Каманды пачалі гульню без разведкі, аддаючы перавагу атакуючым дзеянням. На 10-й хвіліне сустрэчы лік адкрылі гаспадары поля. Пры гэтым узяццю варот папярэднічаў даволі спрэчны эпізод, калі рэферы палічыла, што парушэння правілаў на нашым іграку не было. «Колас» адыграўся праз дзесяць хвілін: Віктар Кліміхін у выдатным стылі атакаваў галкіпера «ДЮСШ-4» і выйграў у яго «бліжні бой» – 1:1. У гэты момант адна з трыбун стадыёна азвалася шматгалосым радасным воклічам: так адсвяткавала першы гол Віктара за «Колас» група падтрымкі – жонка, дзеці, цесць, цешча і іншыя сваякі.
Далей была цяжкая, вязкая барацьба з мноствам аўтаў і дробных фалоў. Нашы мелі не адну магчымасць выйсці наперад, але заўсёдная праблема з рэалізацыяй галявых момантаў і надзейная гульня галкіпера маладзечанцаў перашкаджалі забіць.
Аднак справядлівасць узяла верх. Футбольны бог годна ацаніў шчыраванні Аляксандра Палешчука, які ўсю гульню рупліва «араў» броўку, часам беспаспяхова, бо ў адбор мяча ўступалі адразу два, а то і тры сапернікі. На 86-й хвіліне нашаму паўабаронцу ўдалося прарвацца ў штрафную пляцоўку, дзе супраць яго парушылі правілы. Пенальці бездакорна выканаў Яўген Елязаранка. І гэты гол стаў пераможным для «Коласа».
Такім чынам, абодва дэбютанты чэрвеньцаў вызначыліся ўжо ў першым сваім матчы і дапамаглі здабыць такую патрэбную вікторыю. Зрэшты, у гэтай перамозе – заслуга кожнага іграка каманды і трэнерскага штаба на чале з Дзянісам Трапашкам. Але наперадзе яшчэ шмат працы.
У суботу, 29 ліпеня, у матчы 12 тура чэмпіянату «Колас» згуляе ў Чэрвені з дзяржынскім «Адзінствам». Гульня пачнецца ў 17 гадзін.
“ДЮСШ-4” (Маладзечна) – “Колас” (Чэрвень) – 1:2. 23 ліпеня. Маладзечна. Стадыён «Гарадскі». 150 гледачоў. “Колас”: Андрэенка, Рубін, Цярэшка, Вінцукоўскі, Грыб, Асіпенка, Паляшчук (Чысты, 86), Елязаранка, Герасёў (Чыжэўскі, 73), Шугункоў (Галюк, 56), Кліміхін. Галы ў “Коласа”: Кліміхін (21), Елязаранка (86 – з пенальці).
Лёс распарадзіўся так, што ўжо праз два дні пасля выязнога матча чэмпіянату з “ДЮСШ-4” “Коласу” зноў давялося накіравацца ў Маладзечна на гульню з гэтай камандай. Цяпер ужо – у Кубку Мінскай вобласці.
Кубкавы састаў нашай каманды быў прыкметна зменены. Адмыслова пад гэтыя спаборніцтвы ў “Колас” запрасілі шэраг ігракоў, якія раней гулялі за чэрвеньцаў. Усе яны – галкіпер Сяргей Сянюк, абаронца Андрэй Лапшын, паўабаронцы Мікіта Радкевіч і Ілля Казлоўскі – выйшлі на газон маладзечанскага стадыёна з першых хвілін сустрэчы.
У пачатку матча ініцыятыву захапілі гаспадары поля. Аднак нашы, адбіўшы стартавы націск “ДЮСШ-4”, паступова выраўнялі гульню. І на 30-й хвіліне адкрылі лік: Віктар Кліміхін, атрымаўшы перадачу ад Максіма Чыжэўскага, выйграў дуэль у галкіпера.
Праз дзевяць хвілін маладзечанцы адыграліся. Але на перапынак каманды пайшлі пры ліку 2:1 на карысць “Коласа”: на перадапошняй хвіліне першага тайма ігрок “ДЮСШ-4” зрэзаў мяч ва ўласныя вароты.
Нашы актыўна пачалі другі тайм, аднак шматлікія атакі не прынеслі поспеху. Чарговая хваля ціску на вароты “ДЮСШ-4” пачалася пасля таго, як галоўны трэнер “Коласа” Дзяніс Трапашка правёў замены. Менавіта яны ў выніку і спрацавалі. Пад заслону сустрэчы падача вуглавога Аляксандрам Палешчуком завяршылася трапным ударам галовой Паўла Клімовіча – 3:1.
Перамога чэрвеньцаў з розніцай у два мячы – неблагі вынік, які дазволіць нашай камандзе больш упэўнена адчуваць сябе ў наступную сераду на газоне роднага стадыёна, дзе адбудзецца паўторны матч з “ДЮСШ-4”. Час яго пачатку стане вядомым пазней. Сачыце за інфармацыяй у сацыяльных сетках.
“ДЮСШ-4” (Маладзечна) – “Колас” (Чэрвень) – 1:3. 26 ліпеня. Маладзечна. Стадыён «Гарадскі». 100 гледачоў. “Колас”: Сянюк, Рубін (Весялоў, 81), Лапшын, Вінцукоўскі, Грыб, Радкевіч, Герасёў, (Асіпенка, 46), Казлоўскі (Паляшчук, 62), Чыжэўскі, Галюк (Клімовіч, 77), Кліміхін (Каваленка, 77). Галы ў “Коласа”: Кліміхін (30), аўтагол (44), Клімовіч (90+1).
Ігар АДАМОВІЧ

