Режим работы
Режим работы
  • пн
  • вт
  • ср
  • чт
  • пт
  • сб
  • вс
8:30-13:00 | 14:00-17:30
08 февраля 2017

Пагутарылі з Алегам Навіцкім, завіталі ў Дзярждуму і Беларускае Пасольства

Дэлегацыя, у якую ўвайшлі дзеці з 15 дамоў-інтэрнатаў сямейнага тыпу з розных куткоў нашай краіны, што пабудаваны за кошт сродкаў ААБ "Беларусбанк", а таксама шматдзетная сям'я Пацалуевых са Смілавічаў, у якой выхоўваецца шасцёра дзяцей, наведала на мінулым тыдні Расійскую Федэрацыю.

Падрабязнасці распавяла "Раённаму весніку" намеснік старшыні Чэрвеньскага райвыканкама па ідэалагічнай рабоце і сацыяльнай сферы Ала ШАХОЦЬКА:

 - Паездка стала магчымай, дзякуючы спонсарскай падтрымцы ААБ “Беларусбанк” пры ўдзеле Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, а таксама - пабрацімскім стасункам паміж Чэрвенем і падмаскоўным горадам Каралёвым.

Праграма трохдзённага знаходжання дэлегацыі ў Расіі атрымалася надзвычай насычанай. Паколькі зараз у космасе працуе ўраджэнец Чэрвеня Алег Навіцкі, большая частка мерапрыемстваў была звязана з касмічнай тэматыкай. І, безумоўна, галоўнай падзеяй для ўсіх нас стаў дваццаціхвілінны сеанс прамой сувязі з земляком-касманаўтам у Цэнтры кіравання палётамі.

Алег Віктаравіч быў рады гэтай віртуальнай сустрэчы і з задавальненнем адказаў на пытанні, якія задавалі пераважна дзеці. А іх цікавіла літаральна ўсё: што касманаўты ядуць на арбіце, як запускаецца карабель, якія адчуванні ў касманаўта пры старце і падчас знаходжання на станцыі, ці страшна ў космасе.

Пасля сустрэчы з Алегам Навіцкім у многіх дзяцей і нават дарослых з'явілася мара стаць касманаўтам. Магчыма, у кагосьці з іх яна спраўдзіцца. І гэта стане яшчэ адным доказам таго, што беларусы ўмеюць рабіць усё, у тым ліку асвойваць касмічную прастору….

Бліжэй пазнаёміцца з накірункамі развіцця касмічнай індустрыі ў Расійскай Федэрацыі, якія маюць значэнне для ўсяго свету, у тым ліку - для Беларусі, мы атрымалі магчымасць падчас паездкі ў Цэнтр падрыхтоўкі касманаўтаў. Тут нам паказалі трэнажоры, макет касмічнага карабля, капсулу, у якой прызямляюцца касманаўты, і нават - змесціва чамаданчыка касманаўта для прызямлення. Дэманстрацыя апошняга суправаджалася расповедам пра тое, як павінны дзейнічаць касманаўты, каб выжыць у экстрэмальных умовах, у якіх яны могуць па нейкіх прычынах апынуцца пасля пасадкі, да таго часу, пакуль іх не знойдуць пошукавыя службы.

Незабыўныя ўспаміны засталіся ў дзяцей і дарослых ад сустрэчы з прадстаўнікамі атрада расійскіх касманаўтаў, у якой бралі ўдзел адразу  шэсць дзеючых касманаўтаў - Герояў Расіі. Яны падрабязна распавядалі пра асаблівасці прафесіі, свой шлях у касманаўтыку, адказалі на пытанні. Вельмі цікавым і захапляльным таксама было наведванне Цэнтра дадатковай адукацыі "Кванторыум" пры гімназіі №11 горада Каралёва, які працуе пад апекай мясцовага тэхналагічнага ўніверсітэта. Тут мы пабачылі лабараторыі, вучэбныя класы, дзе дзеці займаюцца мадэляваннем, праграмаваннем, асновамі робататэхнікі. Паколькі Каралёў - самы вялікі навуковы горад Расійскай Федэрацыі, горад касмічны, з касмічнай тэматыкай звязана і дзейнасць "Кванторыуму". У прыватнасці,  школьнікі і студэнты тэхналагічнага ўніверсітэта асвойваюць тут распрацоўкі, звязаныя з аўтаматызаванымі сістэмамі кіравання касмічнай тэхнікай. Адметна, што асобныя элементы сваіх мадэляў яны маюць магчымасць ствараць з дапамогай  3D-прынтара. І мы са здзіўленнем пабачылі ўжывую, як гэта адбываецца.

Яшчэ адным мерапрыемствам паездкі стала наведванне Дзяржаўнай Думы Расійскай Федэрацыі, дзе нас чакала сустрэча з прадстаўнікамі Камуністычнай партыі Расійскай Федэрацыі і яе лідарам Генадзем Зюганавым. На памяць аб ёй кожнае дзіця атрымала ў падарунак планшэт.

Таксама ў Маскве нам наладзілі цёплы прыём у Пасольстве Беларусі з наведваннем Дзелавога і культурнага комплексу, смачным абедам і падарункамі. А яшчэ наша дэлегацыя пабывала на агляднай экскурсіі па Краснай плошчы і ў Троіца-Сергіевай Лаўры.

… Пабрацімскія сувязі для таго і патрэбныя, каб абменьвацца вопытам, узбагачаць адзін аднаго. І наша супрацоўніцтва з падмаскоўным горадам Каралёвым будзе доўжыцца. Ужо на наступным тыдні чакаем прыезд адтуль у Чэрвень каманды юных эрудытаў, якая возьме ўдзел у міжрэгіянальным фестывалі інтэлектуальных гульняў "Ігуменская завея". А на пачатак ліпеня запланаваны візіт дэлегацыі з Каралёва на святкаванне Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. 

Занатаваў Ігар АДАМОВІЧ

Галерея изображений

Просмотреть встроенную фотогалерею в Интернете по адресу:
https://cherven.gov.by/ru/novosti-rajona/item/2373-pagutaryli-z-alegam-navitskim-zavitali-%D1%9E-dzyarzhdumu-i-belaruskae-pasolstva.html#sigProId5eeb6a53bf

Инвестиционные предложения

Инвестиционные предложения

Туристические объекты района

сброс