Режим работы
Режим работы
  • пн
  • вт
  • ср
  • чт
  • пт
  • сб
  • вс
8:30-13:00 | 14:00-17:30
12 апреля 2024

Твае людзі, Чэрвеньшчына: педагог са Смілавічаў Наталля Чэрнік

Калі Наталля Іванаўна Чэрнік толькі распачынала свой педагагічны шлях, яна не задумвалася над тым, якую ролю ў выхаванні школьнікаў можа мець праваслаўе. Гэтае ўсведамленне прыйшло да яе з гадамі, з вопытам.

Таму недарэмна выкладчыца рускай мовы і літаратуры, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце з вялікім стажам пэўны час таму абрала для сябе менавіта гэты напрамак, узначаліўшы рэсурсны цэнтр па духоўна-маральнаму выхаванню.

Створаны ён на базе другой смілавіцкай школы, але па сутнасці з’яўляецца раённым. Зрэшты, яго ўжо добра ведаюць і ў вобласці, і ў рэспубліцы, бо Наталля Чэрнік умее ўсталёўваць доўгатэрміновыя кантакты з аднадумцамі. Так, рэсурсны цэнтр пяць гадоў актыўна супрацоўнічае з матывацыйным трэнерам, бізнесменам, паралімпійскім чэмпіёнам Аляксеем Талаем, а таксама з куратарам сацыяльных і гуманітарных праектаў Дабрачыннага фонду імя Аляксея Талая Аленай Ярашэвіч.

Пазнаёміўшыся сёлета падчас семінара ў Барысаве з прарэктарам па вучэбнай рабоце Інстытута тэалогіі БДУ Андрэем Гаранскім, Наталля Іванаўна таксама дамовілася з ім аб сумеснай працы. Вынікам стала рэалізацыя праекта “Беларусь праваслаўная”. І, безумоўна, вельмі важнай і неабходнай лічыць Наталля Чэрнік працу з агульнаадукацыйнымі ўстановамі ўсёй Чэрвеньшчыны па захаванню праваслаўных традыцый, сямейных каштоўнасцяў.

– Вы верыце ў Бога? – не магу не задаць пытанне сваёй суразмоўцы.

– Я б не сказала, што такая моцная ў праваслаўі, – задуменна кажа Наталля Іванаўна. – Я яшчэ толькі спасцігаю яго… Гэта, мабыць, прыходзіць з жыццёвым вопытам.

– Начутая, што ў вашай школе часта праходзяць сустрэчы са святарамі. А як дзеці да іх ставяцца?

– Ой, ведаеце, яны іх вельмі чакаюць. У нашай Смілавіцкай царкве служыць малады айцец Віктар, у Заполлі – айцец Мікалай. І вучні ўжо ведаюць, што на кожным мерапрыемстве, куды мы запрашаем святароў, будзе штосьці вельмі цікавае і адметнае. Можна сказаць, там адбываецца спасціжэнне чалавечай душы.

– Наталля Іванаўна, а ў чым Вы бачыце сваю педагагічную місію?

– Калі сцісла, дык гэта гучыць так: “Сеяць дабро”. А калі больш разгорнута казаць пра тое, што я хацела б яшчэ зрабіць, дык найперш – наладзіць сямейнае выхаванне. Бо абсалютна ўсё пачынаецца з сям’і. Так атрымалася, што ў нашай другой смілавіцкай школе бацькі, у асноўным, – гэта мае былыя вучні. І яны чуюць мяне альбо пачынаюць чуць. Не ўсе, канешне… Але я буду прыкладаць намаганні, каб кожны ці кожная з іх зразумелі, што сям’я – гэта галоўнае, што ёсць і павінна быць у дзіцяці, а сямейнае выхаванне – аснова асноў. Без такога ўзаемапаразумення поспеху мы не дасягнем…

12 04 2024 60

Паколькі Наталля Чэрнік, у асноўным, працавала намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце – напачатку ў першай, а затым і ў другой школе Смілавічаў, дык выпуск у яе быў толькі адзін. Але, па сутнасці, усе тыя вучні, якія судакранаюцца з Наталляй Іванаўнай падчас вучобы ў школе, таксама яе выпускнікі. І яна з задавальненнем стасуецца з імі – і падчас вечароў сустрэчы, і проста сутыкнуўшыся на вуліцы.

Што тычыцца выкладання рускай мовы і літаратуры, дык настаўніца дужа задаволена вынікам свайго вучня, які здаў цэнтралізаваны экзамен па прадмету на 100 балаў.

– Гэта мэта, якую я сабе паставіла і да якой настойліва ішла дзень пры дні, – прызнаецца Наталля Чэрнік. – І яна яшчэ раз падкрэслівае праў-
дзівасць думкі, якую звычайна стараюся давесці да сваіх вучняў: “Заўсёды і ўсюды трэба браць верхнюю планку. Тады ты дасягнеш усяго”. І ведаеце, гэта сапраўды працуе. Я вельмі задаволена, што многія дзеці бяруць выказванне за аснову.

Сярод нешматлікіх захапленняў Наталлі Іванаўны (а на іх проста не хапае часу, бо яна – уся ў працы) – чытанне. І, што самае цікавае, настаўніца захоплена класікай. Перачытвае творы па шмат разоў – і абавязкова знаходзіць штосьці новае.

– Знаходзіцца, здаецца, нязначны элемент, – дзеліцца думкамі мая суразмоўца, – але атрымліваецца зацікавіць ім дзяцей. І вучні пагружаюцца ў чытанне. А сёння прымусіць школьнікаў чытаць, ды яшчэ папяровыя кнігі, – вельмі цяжкая задача, практычна невыканальная. Таму мяне вельмі радуе, што мае выпускнікі – чытаюць…

А што тычыцца вось гэтага – “уся ў працы”, дык не дзеля прыгажосці яно Наталляй Чэрнік сказана, а адлюстроўвае самую сутнасць яе цяперашняга жыцця.

– Я звычайна прыходжу з працы дахаты, а ў мяне ў галаве працягваюць нараджацца ідэі, – усміхаецца Наталля Іванаўна. – Я пагружаюся ў іх, абдумваю, распрацоўваю… А тады прыходжу да дзяцей і абмяркоўваю з імі. Выношу, так бы мовіць, на іх суд…

Але не варта думаць, што Наталля Чэрнік з-за працы не бачыць нікога і нічога навокал. У яе ёсць родныя, якіх яна вельмі любіць і чыімі поспехамі ганарыцца.
На жаль, ужо няма яе мужа, але ва ўсім падтрымліваюць маму і бабулю дзеці і ўнукі. Цікавая адметнасць гэтай сям’і – супадзенні дзён нараджэння. Так, дачка Наталлі Іванаўны Настасся і сын Кірыл нарадзіліся 23 красавіка, але з розніцай у пяць гадоў. Таксама ў адзін дзень (24 лістапада, але ў розныя гады) нарадзіліся нявестка Хрысціна, унучка Яўгенія і ўнук Аляксандр.

Дарэчы, з Яўгеніяй у Наталлі Чэрнік асаблівая повязь, бо дзяўчына таксама вырашыла стаць настаўніцай, толькі пачатковых класаў. Зараз вучыцца ў БДПУ імя М.Танка.
Відавочна, праз пэўны час на свет з’явіцца настаўніцкая дынастыя, складзеная з трох пакаленняў. Бо апрача настаўніка цяперашняга (Наталлі Іванаўны) і будучага (Яўгеніі), быў у родзе і настаўнік колішні (светлая яму памяць). Гэта – дзядзька Наталлі Чэрнік, брат яе мамы Аляксандр Пятровіч Кацько. У свой час ён выкладаў геаграфію ў Грабянецкай школе.

Вельмі грунтоўна паразмаўляўшы аб праблемах выхавання сучасных школьнікаў, прапаную Наталлі Іванаўне трохі адпачыць ад сур’ёзнасці і прыгадаць які-небудзь смешны выпадак з практыкі. І такі, вядома ж, знаходзіцца.

– Гэта было яшчэ ў тыя часы, калі ў выпускным класе здавалі экзамен па літаратуры, – з усмешкай кажа Наталля Чэрнік. – І быў у нас хлопчык ну такі ўжо слабы… Ужо стараліся спытацца ў яго самае вядомае, элементарнае. Напрыклад:

– Што напісаў Дастаеўскі?
Маўчыць. Тут ужо адна настаўніца-асістэнтка не вытрымала і давай цішком падказваць. Шэпча:
– “Ідыёт” (назва рамана Дастаеўскага).
І тут наш хлопец як напыжыцца:
– А хто даў Вам права мяне зневажаць?! (смяемся)
Наступнае пытанне:
– Ну, а што напісаў Грыбаедаў?
Маўчанне. Падказка зноў: “Горе от ума”.
Вучань (з гонарам):
– “Горы и туман”! (смяемся)

12 04 2024 61

Але гэта, канешне, выключэнне з правілаў. І проста сведчанне таго, наколькі цярплівым і ўседаравальным даводзіцца быць настаўніку. А яшчэ – з любоўю ставіцца да ўсіх дзяцей, не дзелячы на добрых і дрэнных. І абаграваць іх вялікім чулым мацярынскім сэрцам. Такім, як у Наталлі Іванаўны Чэрнік.

Святлана АДАМОВІЧ. Фота аўтара

Инвестиционные предложения

Инвестиционные предложения

Туристические объекты района

сброс