Режим работы
Режим работы
  • пн
  • вт
  • ср
  • чт
  • пт
  • сб
  • вс
8:30-13:00 | 14:00-17:30
07 июня 2024

Намеснік дырэктара Валевачоўскай школы Алена Макась яднае гісторыю і сучаснасць

Намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце Валевачоўскай сярэдняй школы Алену Яўгенаўну Макась добра ведаюць у настаўніцкім асяроддзі як на Чэрвеньшчыне, так і на Міншчыне. Прычым не толькі як кіраўніка, але і як выкладчыка гісторыі і нямецкай мовы. Аднойчы абраўшы педагагічную прафесію, яна застаецца вернай ёй вось ужо 32 гады.

Па выніках 2023 года таленавітая настаўніца прызнана адной з лепшых у сферы адукацыі раёна. Яе партрэт – на Дошцы гонару. І нездарма! Шмат гадоў яе вучні становяцца пераможцамі і прызёрамі самых разнастайных конкурсаў – як на раённым, так і на абласным, і нават на рэспубліканскім узроўні. А ўсё таму, што Алена Яўгенаўна сама захоплена гісторыяй, прычым яшчэ са школьных гадоў. І яе свядомы выбар прафесіі адбыўся тады ж.

– Я нарадзілася на маляўнічай Мядзельшчыне, – пачынае расповед пра сябе мая суразмоўца. – Мне пашанцавала, бо ў школе было шмат настаўнікаў, шчыра захопленых сваімі прадметамі, працай. Яны заўсёды знаходзілі агульную мову з вучнямі, былі сапраўдным прыкладам для пераймання. Асабліва мне падабаліся ўрокі гісторыі. Яны былі настолькі цікавымі і насычанымі… Таму я па заканчэнні школы і паступіла ў Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя А.М.Горкага на спецыяльнасць “гісторыя і замежная мова”.

…Калі настаўнік шчыра захоплены сваёй прафесіяй, тады на іншыя захапленні ў яго застаецца мала часу. Так атрымліваецца і ў Алены Яўгенаўны Макась. А калі і надараюцца ў яе вольныя хвілінкі, дык яна з вялікай асалодай чытае кнігі. І пераважна – гістарычную літаратуру.
– Люблю чытаць як класікаў, так і сучасных аўтараў, – тлумачыць Алена Яўгенаўна. – Мне цікава супастаўляць факты і тое, як аўтар іх выкладае. Люблю аналізаваць. Падабаюцца гістарычныя дэтэктывы, дзе сучаснасць пераплятаецца з гісторыяй. Вось так чытаеш, супастаўляеш – і сама развіваешся. Так я вывучыла ўсё жыццё Марка Шагала, прасачыла за лёсам 12-і апосталаў і крыжа Еўфрасінні Полацкай…

– Адкуль у Вас такая любоў да чытання?

– Яе таксама прывілі ў школе. Наш класны кіраўнік была выкладчыкам літаратуры. Гэта ўсё дзякуючы яе апантанасці. Таму ў нас увесь клас чытаў. Памятаю, што пяцікласніцай асабіста я перачытала праграмную літаратуру далёка наперад. У нас і факультатыў быў па рускай літаратуры. Так што чыталі мы навыперадкі – адно перад адным!

– Алена Яўгенаўна, чым Вам падабаецца настаўніцкая праца?

– Мне падабаецца перадаваць дзецям веды, вучыць іх таму, чым захоплена сама. Падабаецца адкрываць для іх штосьці новае, карыснае. І калі некалькі пар дзіцячых вочак сочаць за кожным тваім рухам, некалькі пар вушак ловяць кожнае тваё слова… Гэта, безумоўна, натхняе і прыно-
сіць вялікае задавальненне. А яшчэ ж дзеці думаюць нестандартна і, бывае, задаюць такія пытанні… Памятаю, была ў мяне адна дасціпная вучаніца. І калі я прадумвала ўрок, дык ужо ведала, аб чым яна абавязкова ў мяне спытаецца… А яшчэ я пераймаю ад дзяцей іх энергію, задор і… маладзею сама. Прыемна назіраць за тым, як сталеюць твае вучні, прыгадваць, якімі яны былі, і параўноўваць з тым, якімі сталі.

– А якія вучні запамінаюцца найперш?

– Ведаеце, розныя. І добрыя, і непаслухмяныя. Кожны па-свойму цікавы.

– Вашы вучні традыцыйна займаюць месцы ў розных конкурсах, са сваімі навукова-даследчымі працамі… Як удаецца так іх зацікавіць?

– Лічу, што зацікаўленых вучняў можна знайсці заўсёды. Нават у невялікай вясковай школе. Было б уласнае жаданне настаўніка. Мне самой цікава даследаваць гістарычныя падзеі, у тым ліку і на мясцовым матэрыяле, – і займацца гэтым з вучнямі.

– На мясцовым – Вы маеце на ўвазе Чэрвеньшчыну?

– Так! Я ж ужо больш за 30 гадоў тут. Як прыехала па размеркаванні, так і засталася. Таму даўно лічу Чэрвеньшчыну сваёй другой малой радзімай.

– А якія дасягненні зараз можаце прыгадаць?

– Канешне, больш атрымлівалася займацца даследчай дзейнасцю, калі я працавала проста настаўнікам гісторыі і нямецкай мовы, а не на пасадзе намесніка дырэктара. Хаця сумяшчаць таксама атрымліваецца. Так, у маёй асабістай скарбонцы ёсць Дыплом 3-й ступені з раённай навукова-практычнай канферэнцыі, якую ладзілі для настаўнікаў. Дыпломы атрымалі мае вучні і за паспяховы ўдзел у абласным этапе рэспубліканскага конкурсу “Дакументальны сведка вайны” ў намінацыі “Вызначэнне імёнаў загінуўшых абаронцаў Айчыны”. Летась па выніках абласной дыстанцыйнай алімпіяды мая вучаніца атрымала Дыплом 1-й ступені па нямецкай мове.

– Вось як цікава – па розных накірунках! А чым Вам больш падабаецца займацца – настаўніцкай дзейнасцю ці адміністрацыйнай?

– Па шчырасці, больш настаўніцкай. Бо яна і творчая, і ў ёй можна самарэалізавацца. Адміністрацыйная ж дзейнасць больш адказная. Прычым ты адказваеш за ўвесь калектыў, за ўсю школу…

– Алена Яўгенаўна, у чым Вы бачыце сваю педагагічную місію?

– Пра ролю педагога ў жыцці любога чалавека словамі не скажаш, гэта трэба адчуць сэрцам. Хочацца прыгадаць адну ўсходнюю мудрасць: “Калі твае планы разлічаныя на год, сей проса, калі твае планы разлічаныя на дзесяцігоддзі – саджай дрэвы, калі ж твае планы разлічаныя на стагоддзі – выхоўвай людзей”. Вось і я бачу сваю педагагічную місію ў тым, каб выхоўваць людзей, якія змогуць выбудаваць грамадства для сябе і для ўсіх нас. Мы павінны вучыць дзяцей любіць сваю радзіму, сваю вёску… Бо тое, што любяць, – берагуць. І, канешне ж, трэба вучыць дзяцей быць неабыякавымі…

– А якое ў Вас жыццёвае крэда?

– У мяне, я б сказала, такія жыццёвыя прынцыпы, якіх стараюся прытрымлівацца і якім вучу дзяцей: “Не памыляецца той, хто нічога не робіць” і “Паабяцаў – выканай”.

Вельмі цікава было назіраць і слухаць, як дзеці ўспрымалі з’яўленне журналіста ў школе, а таксама… новы вобраз сваёй настаўніцы. І калі мы ішлі па калідорах школы, шукаючы месца для фотасесіі, раз-пораз чулі:
– Яна пастрыглася!
– Не, Алена Яўгенаўна прычоску новую зрабіла!
– А я табе кажу, што стрыжка новая!
Прычым жыва абмяркоўвалі гэта як дзяўчаты, так і хлопцы.

Камусьці тут падасца, што дзеці не павінны гэтак фамільярна абмяркоўваць свайго настаўніка. А я, прынамсі, пачула і ўбачыла іншае. Бязмежны давер, павагу, любоў, шчырую зацікаўленасць, жаданне судакранацца… А яшчэ – бляск у вачах, нязмушанасць, шчырасць…

Словам, выснова бясспрэчная: Алену Яўгенаўну Макась вучні любяць. А гэта, бадай, самае галоўнае ў жыцці настаўніка – каб цябе любілі і паважалі вучні, памяталі праз гады і былі шчыра ўдзячныя, асабліва – за навуку жыццёвую.

Жадаю Алене Яўгенаўне Макась пабольш такіх вучняў, а таксама далейшых поспехаў у настаўніцкай прафесіі!

Святлана АДАМОВІЧ. Фота аўтара

Инвестиционные предложения

Инвестиционные предложения

Туристические объекты района

сброс