Якое слова аб’яднала гэтым летам французскую сталіцу і названую вёску на Чэрвеньшчыне? Той, хто пастаянна чытае “раёнку”, здагадаецца хутка. Канешне ж, «Алімпіяда»!
Лепшыя спартсмены Алімпіяды Юлія Мельнікава і Мікіта Нікановіч з Дзмітрыем Жураўлёвым.
Барацьба за медалі XXXIII летніх Алімпійскіх гульняў у Парыжы ў самым разгары, а 22-я дзіцячая Алімпіяда ў Грабёнцы паспяхова завяршылася літаральна на мінулым тыдні.
Бег і язда на веласіпедах, стральба з цацачнай зброі і сілавыя практыкаванні, скіпінг і боўлінг, футбол і піянербол – усяго дваццаць два віды спорту – на два тыдні ўзялі ў палон бескампраміснай барацьбы мясцовую і прыезджую дзятву і падлеткаў. Акрамя традыцыйных, сёлета на Алімпіядзе асвоілі новае спаборніцтва – міні-квіддзіч, падчас якога кожны меў магчымасць адчуць сябе Гары Потарам.
Выступаючы ў асобных відах спорту, удзельнікі гульняў традыцыйна набіралі балы ў агульны залік, каб вызначыць лепшых спартсменку і спартсмена Алімпіяды. Уладальнікамі запаветных кубкаў сталі Юлія Мельнікава і Мікіта Нікановіч.
– Сёлета Алімпіяда праходзіла ў няпростых умовах з-за спёкі, – распавёў маскоўскі тэлежурналіст Дзмітрый Жураўлёў, які пры падтрымцы мясцовых энтузіястаў вось ужо больш за два дзесяцігоддзі ладзіць у Грабёнцы гэтыя ўнікальныя спаборніцтвы. – Адпаведна, удзельнікаў было крыху менш, чым летась. Затое прыкметна больш было тых, хто ўдзельнічаў ва ўсіх, ці амаль ва ўсіх відах праграмы. І таму гульні атрымаліся вельмі цікавымі. Нярэдка барацьба ішла да апошняга метра, да апошняй секунды, да апошняга стрэла. Адным з найбольш запамінальных момантаў стаў удзел Дамінікі Гілевіч у спаборніцтвах па стральбе. Чатырохгадовая дзяўчынка ў 1/16 і 1/8 фіналу перамагла старэйшых па ўзросту саперніц, а саступіла толькі ў чвэрцьфінале ды і тое – будучай чатырнаццацігадовай чэмпіёнцы…

Грабёнская Алімпіяда – важная і чаканая падзея не толькі для юных спартсменаў, але і для іх бацькоў. Асабліва падабаецца яна мінчанам, якія прыязджаюць у вёску на лета.
Напрыклад, другі год у спаборніцтвах удзельнічаюць усе дзеці з сям’і Гілевічаў. Акрамя згаданай ужо Дзмітрыем Жураўлёвым Дамінікі, гэта двухгадовая Эмілія (самая маленькая на гульнях), дзевяцігадовая Віялета і адзінаццацігадовы Цімафей.

Дар’я Гілевіч з дзецьмі.
– Захапляюся апантанасцю Дзмітрыя Анатольевіча, – кажа іх мама, Дар’я Гілевіч. – У Мінску я не бачыла нічога падобнага. І ўсе, каму распавядаю, дзівяцца: як удаецца на энтузіязме арганізаваць мерапрыемства такога маштабу, ды яшчэ і ў вёсцы. Гэта ж трэба прыдумаць: і сцяг свой ёсць у Алімпіяды, і гімн. Нам так спадабалася, што мы сваім малым сёлета набылі майкі колеру сцяга і нанеслі на іх сімволіку гульняў. Дзеці задаволеныя. Мы, бацькі, таксама, бо ў іх ёсць цікавы і карысны для здароўя занятак.
Ігар АДАМОВІЧ. Фота аўтара

