Режим работы
Режим работы
  • пн
  • вт
  • ср
  • чт
  • пт
  • сб
  • вс
8:30-13:00 | 14:00-17:30
15 августа 2024

Жніво-2024 на Чэрвеньшчыне: хлебаробы філіяла «Агра-Бокс» СП «Унібокс» першымі ў раёне завяршылі абмалот збажыны

У гаспадарцы намалацілі 5514 тон збожжа пры сярэдняй ураджайнасці 33 цэнтнеры з гектара.

Тысячнікі “Аграбокса”: камбайнер Сяргей Губар, камбайнер Сяргей Сасункевіч і памочнік камбайнера Сяргей Барташэвіч, вадзіцелі на адвозцы збожжа Сяргей Патапаў і Алег Тарэлка, камбайнер Віктар Жалабковіч.

Зерневыя тут убіралі шасцю камбайнамі – чатырма “Лавердамі” і двума “Донамі-1500 Б”. Камбайнеры – Сяргей Губар, Віктар Жалабковіч, Юрый Качан і Сяргей Шчурок, а таксама камбайнавы экіпаж Сяргей Сасункевіча і Сяргея Барташэвіча пераадолелі тысячны рубеж намалоту. Важкі ўнёсак у агульны каравай зрабілі таксама камбайнер Ігар Яковін і яго памочнік Уладзімір Сасункевіч. Акрамя таго, больш чым па тысячы тон збожжа перавезлі ад камбайнаў вадзіцелі Сяргей Патапаў, Сяргей Тарэлка, Генадзь Сечка і Анатоль Нежавец.

– У нас ніхто не цягнуў коўдру на сябе, не спаборнічаў навыперадкі, – дзеліцца дырэктар гаспадаркі Андрэй Вяргейчык. – Калі ў кагосьці надаралася паломка, астатнія дапамагалі хутчэй адрамантаваць тэхніку. Узаемавыручка і ўзаемапавага ў калектыве – і ёсць падмурак поспеху.

Андрэй Вяргейчык распавёў, што ўборка зерневых прайшла ў сельгасфіліяле на адным подыху. Невялікія перапынкі надараліся хіба што пасля дажджоў. Даводзілася чакаць, пакуль збажына абсохне. Але ў цэлым надвор’е паспрыяла хлебаробам. Як падчас развіцця пасеваў, так і падчас выспявання збажыны. А пры абмалоце вільготнасць зерня была ў межах нормы, што дазволіла зэканоміць на яго дапрацоўцы.

Апошнія гектары сёлетняга ўраджаю хлебаробы “Агра-Бокса” дажыналі на палетку трыцікале ва ўрочышчы Белае, непадалёк ад цэнтральнай сядзібы гаспадаркі. Тут усе разам і патрапілі ў фотааб’ектыў. Пагутарылі як старыя знаёмыя, бо сустракаемся ў полі штогод: колькасць жніўных сезонаў у кожнага з іх не змяшчаецца на пальцах рук, ды і аўтар гэтых радкоў піша пра жніво ўжо тры з паловай дзесяцігоддзі.

– А вось я, лічы, малады камбайнер, – з усмешкай кажа Віктар Жалабковіч, які мае 18 гадоў механізатарскага стажу. – Звычайна працую на трактары: ворыва, сяўба, нарыхтоўка кармоў. Аднойчы, гадоў дзесяць таму, убіраў збажыну, таксама на “Лавердзе”. А летась папрасілі зноў сесці на камбайн. І нічога – рукі ўсё ўспомнілі. Сёлета ўжо другі мой сезон на жніве…

З цікавым чалавекам выпала пазнаёміцца на зернятоку. Аператар збожжасушыльнай устаноўкі Аляксандр Канонік – ураджэнец тутэйшых мясцін, але большую частку жыцця пражыў у Мінску.

Вадзіцель на адвозцы збожжа Станіслаў Папельскі і аператар зернесушыльнай устаноўкі Аляксандр Канонік.

– Пасля службы ў войску ўладкаваўся ў сталіцу вадзіцелем аўтобуса, – распавёў ён. – Трыццаць пяць гадоў адпрацаваў на гарадскіх маршрутах. Але родная зямля не адпускала: зарабіў пенсію і вярнуўся ў Чарнаву. Ужо шостае лета дапамагаю сушыць збожжа.

Уборка саломы – не менш важны клопат у гаспадарцы. Паколькі ў гарачую жніўную пару рабочых рук заўсёды не стае, на яе прэсаванні і звозцы задзейнічаны нават механізатары, якія абслугоўваюць жывёлагадоўлю. Пакармілі жывёлу, перачапіліся – і ў поле. А на пагрузцы саломы шчыруе механізатар з больш як 40-гадовым стажам Уладзімір Вяргейчык. Калісьці ён працаваў у суседнім “Аграбудзе”, потым перайшоў у “Аграбокс”. Два гады таму ў якасці памочніка камбайнера быў сярод пераможцаў раённага спаборніцтва на жніве. Апошнім часам займаецца яшчэ і нарыхтоўкай кармоў на камбайне “Палессе”.

Механізатар Уладзімір Вяргейчык на пагрузцы саломы.

Таксама днямі ў “Аграбоксе” завершаць сяўбу азімага рапсу. Сёлета ён зойме тут 300 гектараў. Гэты від работ выконвае на трактары “Фэндт- 930” механізатар Іван Шлыкевіч, які два гады таму прыйшоў у гаспадарку з лясгаса.

Дырэктар гаспадаркі Андрэй Вяргейчык і механізатар на сяўбе азімага рапсу Іван Шлыкевіч.

– Але пасеяць рапс – яшчэ не ўсё, – заўважае Андрэй Вяргейчык. – Паводле тэхналогіі, палетак на працягу 24 гадзін пасля сяўбы трэба апрацаваць прэпаратам супраць пустазелля. Пакуль ішло жніво, дадатковая нагрузка выпадала на Сяргея Губара. З раніцы ён заводзіў трактар і ехаў на рапс, а потым ужо сядаў за штурвал камбайна…

Яшчэ не восень, а ў полі ўжо – “работ восем”. Звезці салому, унесці мінеральныя ўгнаенні і заараць палеткі пад сяўбу азімых зерневых. Ды і трава для ўборкі на сянаж ёсць

Сыходзячы па стромкіх прыступках з кабін камбайнаў на зямлю, рупліўцы “Агра-Бокса” стомлена выціраюць далонямі пот з ілба, распраўляюць здранцвелыя за дзень спіны і ідуць адпачываць, каб на раніцу зноў упрэгчыся ў воз спрадвечных сялянскіх клопатаў. Такі яны абралі лёс. А лёс і час абралі іх.

Ігар АДАМОВІЧ. Фота аўтара

Инвестиционные предложения

Инвестиционные предложения

Туристические объекты района

сброс