24 жніўня ў Мінску адбыўся адкрыты раённы марафон “Вясёлка”, які арганізаваў клуб аматараў бегу Першамайскага фізкультурна-аздараўленчага цэнтра.

У ім удзельнічалі больш за 90 спартсменаў з розных куткоў Беларусі. Яны пераадольвалі дыстанцыю 42 кіламетры 195 метраў на трасе вакол аднаго з участкаў Сляпянскай воднай сістэмы.
У жанчын залік праводзіўся па чатырох узроставых групах. У групе “30 – 39 гадоў” другое месца заняла Алена Грынько з Чэрвеня. Яе час – 5 гадзін 17 хвілін і 26 секунд.
– Аматарскім бегам я займаюся ўжо пяты год, але на марафонскую дыстанцыю выйшла ўпершыню, – распавяла яна. – Беглі мы ў спёку – 31 градус. Трыццаць кіламетраў прабегла лёгка, а потым мяне напаткала так званая “марафонская сцяна”. Гэта калі ногі зводзіць сутарга, і калі ўжо нават не ідзеш, а літаральна паўзеш. Даводзілася перасоўвацца на адной назе. Апошнія два кіламетры прабегла, але не памятаю як, усё было, нібыта ў тумане.
Канешне, я вельмі задаволена, што ўдалося не проста дабегчы да фінішу, але і заваяваць медаль. І двайное задавальненне атрымала ад усведамлення таго, што не згубілася сярод мінчан, а таксама прафесійных лёгкаатлетаў, якія таксама ўдзельнічалі ў марафоне.
Я займаюся у сталічным клубе аматараў бегу “ПАДАБАЙКА_RUN”, які быў створаны сёлета ў красавіку і аб’ядноўвае 75 чалавек. Таму гэты поспех падзяляю з усімі сябрамі клуба і нашым трэнерам Сяргеем Багдановічам.
Ігар АДАМОВІЧ

