Машыніст зернесушыльнага комплексу «КЗСВ-30Г эксперыментальнай базы «Натальеўск» Васіль Сікірыцкі заняў другое месца ў раённым спаборніцтве, перапрацаваўшы 6040 тон збожжа.
Як казалі нашы продкі, “не той ураджай, што ў полі, а той, што ў засеках”. Васіль Сікірыцкі добра ведае цану гэтаму выслоўю. Бо менавіта праца, якой ён займаецца ужо больш за чатыры дзесяцігоддзі, вянчае шлях збожжа з поля да засекаў.
– Вунь, старая нямецкая сушылка з мінулага стагоддзя, якую памятаю яшчэ новай, ужо сваё адслужыла, яе дэмантуюць, а я яшчэ працую, – жартуе Васіль Яўгенавіч.
У абавязках аператара зернесушыльнага комплексу – кантроль за вільготнасцю і якасцю апрацоўкі збожжа, станам абсталявання і механізмаў. Вытворчы працэс пераважна аўтаматызаваны. Але ёсць моманты, калі без ручной працы не абысціся.
– Напрыклад, пры пераходзе з адной культуры на іншую трэба мяняць сіты – тлумачыць Васіль Сікірыцкі. – На адным сіце трэба адкруціць і закруціць дванаццаць балтоў. На адной устаноўцы восем сіт, а ўстаноўкі ў нас дзве. Шрубакрут у рукі – і пайшоў. Калі працуем удвох, то агулам на замену сіт ідзе каля чатырох гадзін.
Сёлетні багаты ўраджай азімага рапсу і зерневых у гаспадарцы запатрабаваў ад кожнага, хто быў заняты на яго ўборцы, падвоенага напружання сіл.
– Але ўсё адно жніво неяк хутка праляцела – не паспелі азірнуцца, – дзеліцца Васіль Сікірыцкі. – Збожжа прывозілі да нас з поля амаль сухім, дапрацоўка была мінімальнай. Гэта дазваляла
эканоміць паліва.
Адзінае, што нашы магутныя камбайны малацілі хутчэй, чым мы маглі дапрацаваць. Таму часам даводзілася накрываць гурбы збожжа плёнкай, каб не намачыў дождж. Добра, што ён ішоў рэдка.
Ігар Адамовіч

