Режим работы
Режим работы
  • пн
  • вт
  • ср
  • чт
  • пт
  • сб
  • вс
8:30-13:00 | 14:00-17:30
18 ноября 2024

Жыццё – як песня

Бліжэй пазнаёміцца з сёлетнім пераможцам раённага спаборніцтва на жніве механізатарам эксперыментальнай базы “Натальеўск” Андрэем Гамезам мы планавалі даўно. Але ў перыяд масавых сельгасработ гэта было практычна немагчыма. Бо падчас працы ў полі кожная хвіліна – на вагу золата, а рабочы дзень доўжыцца дацямна.

Клопатаў у Андрэя хапае і сёння: то “зялёнку” на трактары возіць, то салому. Аднак вымеркаваць час для сустрэчы нарэшце атрымалася.

Мы сядзім у светлай зале прасторнай кватэры на вуліцы Нараўлянскай у Чэрвені, якую Гамезы бясплатна атрымалі ад дзяржавы як шматдзетная сям’я, і я занатоўваю расповед Андрэя.

Пра сябе і сям’ю

– Мае карані – у Язоўках. Бацькі нарадзіліся і жылі там, а калі пажаніліся, то пераехалі ў Велікаполле, дзе ўжо мы на свет з’явіліся: я, два браты і сястра. Тата працаваў механізатарам. Ён заўчасна пайшоў з жыцця, мне тады ўсяго адзінаццаць было. Малым яшчэ паспеў паездзіць з бацькам на трактары і камбайне. І, мабыць, дзесьці падсвядома пераняў ад яго эстафету. Ажаніўся я рана. Хлопцамі мы ездзілі верхам на конях праз лес у Калодзежы на танцы. Там і сустрэў сваю Аню. У нас чацвёра дзяцей. Першынцу Станіславу ўжо 22 гады. Ён адвучыўся ў машынабудаўнічым каледжы, адслужыў у войску на мяжы, працуе ў прыватнай фірме ў Мінску. Дачка Кацярына – таксама ў сталіцы. Яна кандытар, працуе ў піцэрыі. Яшчэ адна дачка, Паліна, вучыцца ў дзявятым класе Хутарскай школы. Яна туды хадзіла, калі мы ў Любішына жылі, дык вырашылі ўжо не мяняць настаўнікаў. Ну, а малодшы сын Мікіта – трэцякласнік. Ён побач з домам вучыцца, у чацвёртай школе. Мікітка ў нас – футбаліст, з першага класа займаецца ў ДЮСШ. Ужо два медалі са спаборніцтваў прывёз. Кватэру гэтую мы пяць гадоў таму атрымалі. І хаця яна была без аддзелкі, усё адно – вельмі радыя і ўдзячныя нашаму Прэзідэнту. Дзякуй Богу, заробкі ў “Натальеўску” неблагія, таму за два гады пакрысе давялі жытло да ладу. Нам толькі столь і дзверы спецыялісты рабілі, астатняе ўсё сваімі рукамі. Засяліліся тры гады таму пад самы Новы год. 29 снежня ў гэтым пакоі ёлку ставілі.

Пра камбайны і трактары

– Пасля школы я адвучыўся ў нашым ПТВ-80 на газаэлектразваршчыка. Пазнаёміўся з Аняй. Напачатку жылі мы ў цешчы ў Любішына, і я ўладкаваўся ў “Натальеўск” слесарам. А неўзабаве гаспадарка накіравала на курсы трактарыста. Часовыя правы мне прывезлі проста ў поле: я тады на трактары жывёле ваду падвозіў.
Праз некаторы час пакрыўдзіўся, што не даюць жыллё. (Малады, быў, гарачы). Сышоў да фермера ў Хутар. Праўда, праз пяць гадоў папрасіўся ў дырэктара Алены Махнач назад. Тады ж і атрымаў службовую кватэру ў Любішына. На той час у нас ужо было трое дзяцей. Я вельмі ўдзячны Алене Эдуардаўне за падтрымку і жыццёвую навуку. Яна і жонцы маёй прапанавала ісці працаваць у кантору. Потым накіравала яе на вучобу ў Горкі, каб атрымала вышэйшую адукацыю. Працаваць механізатарам я пачынаў на “МТЗ-80”. Дагэтуль памятаю, як уносіў мінеральныя ўгнаенні старэнькім агрэгатам, які мы называлі “ступа”, і заняў першае месца ў раёне. Паклікалі на свята ў Чэрвень. На вялікай сцэне старшыня райвыканкама Аляксандр Лапатка ўручыў мне Дыплом, прэмію і гадзіннік. Гэта былі мае першыя ўзнагароды. А першым камбайнам у мяне быў “ДОН-1500”. Я тады працаваў памочнікам камбайнера, і мы ездзілі сваім ходам на жніво ажно пад Брэст. Два дні туды, чатыры дні ўбіралі, два дні назад. На наступны год механізатар з гэтага камбайна звольніўся, і камбайнерам стаў я. Потым далі чатырохгадовы “КЗС-1218”, а сёлета – такі самы новы, на якім я першае месца ў раёне і заняў. Але і мой стары камбайн не падвёў: перадаў яго Аляксею Клімовічу, дык ён таксама першым стаў, толькі сярод моладзі. Трактар мне сёлета таксама новы далі. Так што – жыві, працуй і радуйся. Калі ты не лайдак, то і працаваць на вёсцы можна, і зарабляць годна.

Пра бульбу і шчаслівы капялюш

– З усіх работ больш за ўсё люблю займацца бульбай. Вырошчваць яе навучыўся, калі працаваў у фермера. Не магу растлумачыць чаму, але мне вельмі падабаецца яе садзіць, даглядаць і ўбіраць. Вось надыдзе вясна, абсохне зямля, я бульбасаджалку настрою – і ў поле. Вы неяк пыталіся, чаму я ўбіраю бульбу ў капелюшы. Гэта даўняя гісторыя. Неяк спадабаўся мне на рынку ў Ждановічах капялюш. А якраз восень была, з голай галавой ўжо халаднавата. Набыў яго, надзеў, і паехаў бульбу капаць. У той сезон трактар і камбайн працавалі як гадзіннік, ды і клубняў было багата. Так гэты капялюш стаў у мяне накшталт талісмана. І надзяваю яго толькі на бульбу, каб не зношваўся.

Пра рыбалку і егіпецкія піраміды

– Вольнага часу ў нас, самі ведаеце, зусім няшмат. А на рыбалку хочацца! Дык я, калі на камбайне працую, заўсёды важу за спінкай сядзення вуду. Бывае заспее ў полі дождж, малаціць няма як. А непадалёк – сажалка ці возера. Дык, пакуль збажына абсохне, можна вуду закінуць.
Больш грунтоўны адпачынак, не лічачы зімы, звычайна бывае перад жнівом. Камбайны падрыхтаваныя, а ў поле яшчэ рана. Дык кіраўніцтва дае тры-чатыры вольныя дні. Тады выбіраемся сем’ямі да вады: на Браслаўскія азёры, на Асіповіцкае вадасховішча.
На Поўдні з жонкай былі толькі аднойчы, у Егіпце. Уражанні, канешне, незабыўныя. Ад мора і асабліва ад знакамітых пірамід. Нават не верыцца, што гэты цуд створаны рукамі людзей.

Пра бацькаў гармонік

– Мой тата быў гарманістам-самавучкай. Калісьці ўсе Язоўкі “на вушы ставіў”. Ніводныя провады ў войска, імяніны, хрысціны без яго не абыходзіліся. Ну і я трохі ад таты навучыўся іграць. Але гэты гармонік, з якім фатаграфавацца будзем, не бацькаў: жончыны сваякі аддалі. А той – у Язоўках, у маёй цёткі Валі, татавай сястры. Яна ў сваёй хаце музей стварыла. Вось і гармонік там. Як экспанат, як памяць… Андрэй Гамеза бярэ ў рукі гармонік. Спрацаваныя пальцы спачатку нясмела, а потым больш упэўнена выводзяць знаёмую мелодыю “Старога клёна”. Я ціхенька падпяваю і думаю: жыццё – як песня, у якой хапае і весялосці, і суму. Так і жывём.

Ігар АДАМОВІЧ. Фота аўтара

Инвестиционные предложения

Инвестиционные предложения

Туристические объекты района

сброс