Режим работы
Режим работы
  • пн
  • вт
  • ср
  • чт
  • пт
  • сб
  • вс
8:30-13:00 | 14:00-17:30
18 ноября 2024

Ад даяркі – да намесніка дырэктара гаспадаркі

Удзельнік гуртка “Юны карэспандэнт” Руднянскай сярэдняй школы Марыя Патапава разам са сваім педагогам Таццянай Пятроўнай Нахамчык замахнулася… на інтэрв’ю – даволі складаны жанр журналістыкі! І распытвалася пра жыццё і працу не педагога, а працаўніка сельскай гаспадаркі. Але… Інтэрв’ю сапраўды атрымалася. Зрэшты, мяркуйце самі…

Паколькі я жыву ў сельскай мясцовасці, дык і цікаўлюся найперш прафесіямі, якія падыходзяць для вяскоўцаў.

Таму маё першае інтэрв’ю – з намеснікам дырэктара па жывёлагадоўлі філіяла “Агра-Бокс” СП “Унібокс” Аленай Уладзіміраўнай Лютай.

– Алена Уладзіміраўна, з чаго Вы пачыналі свой працоўны шлях?

– Жыла я ў сельскай мясцовасці і таму была прывучана да працы з маленства. Дапамагала бацькам па хатняй гаспадарцы, з ахвотай –мне гэта было даспадобы. Таму свой працоўны шлях менавіта ў жывёлагадоўлі (а мы ж гутарым пра яе!) я пачала звычайнай даяркай.

– А хто Вы па прафесіі зараз?

– Заатэхнік. Займаю пасаду намесніка дырэктара гаспадаркі па жывёлагадоўлі. Гэта сур’ёзны абавязак – адказваць не толькі за дарослых жывёл, але і за маладняк. Догляд, кантроль, дапамога – усё кладзецца на плечы кіраўніка.

– Алена Уладзіміраўна, а хто паўплываў на Ваш выбар прафесіі?

– Як я ўжо зазначыла, у жывёлагадоўлі для мяне ўсё пачыналася з працы даяркі. А як год прамінуў, мой першы кіраўнік накіраваў мяне вучыцца за тэхніка-асемянатара. Я адвучылася і адпрацавала 15 гадоў на гэтай пазіцыі. Мне вельмі падабаецца заатэхнія! Таму і паступіла ў ВНУ ў горадзе Гродна, адвучылася 5 гадоў. Зараз маю вышэйшую адукацыю. Шчыра скажу: ні разу не пашкадавала, што выбрала сваю прафесію!

– Што ўяўляе сабой Ваш працоўны дзень? У якіх умовах даводзіцца працаваць?

– Мой дзень пачынаецца а пятай раніцы з кармлення жывёл, абходу. Затым надыходзіць чарга дакументацыі, якая звязана з узнаўленнем статка, асемяненнем ды іншым. Я адказваю за ўсіх жывёл. А таксама за ўсіх працаўнікоў, якія шчыруюць не толькі на нашай ферме, але і ва ўсёй гаспадарцы. Умовы працы добрыя. Не скажу, што дужа проста, але і не дужа цяжка. Мне вельмі падабаецца.

– Алена Уладзіміраўна, а як Вы ставіліся да сваёй цяперашняй прафесіі, калі былі ў нашым узросце?

– Ой, па шчырасці, пра сельскую гаспадарку нават чуць не хацела! Марыла стаць настаўнікам. Але так склалася, што прыйшла ў жывёлагадоўлю…

– А як уплывае на Вас пасада? Усё ж намеснік дырэктара…

– Ды ніяк! Як была я простым чалавекам, калі рабіла даяркай, такой і застаюся на пасадзе.

– У якім узросце Вы задумаліся аб выбары прафесіі?

– Ну, мусіць, з класа пятага-шостага, як і ўсе дзеці. А вось з дзявятага выбар быў усвядомлены, самастойны.

– Ці важна добра вучыцца ў школе, каб працаваць па гэтай прафесіі?

– А ці важна ўвогуле вучыцца ў школе?! Важна! І трэба! Гэта добрыя часы нашага жыцця: выдатныя, бесклапотныя, займальныя і цікавыя. Самае ж важнае – знайсці ў сабе жаданне працаваць, калі вы пойдзеце вучыцца далей і скончыце наступную навучальную ўстанову. А як не па сваім жаданні, дык нічога ў вас і не атрымаецца. Гэта павінен быць усвядомлены выбар.

– Што трэба ведаць і ўмець, каб працаваць у жывёлагадоўлі?

– Ведаць і ўмець трэба шмат. У свеце сучасных тэхналогій мы павінны ахопліваць увесь спектр пытанняў, якія ёсць. Пачынаючы ад утрымання асноўнага статка кароў і маладняку да патрабаванняў заканадаўства нашай Рэспублікі Беларусь.

– Алена Уладзіміраўна, калі б у Вас была магчымасць памяняць прафесію, якую б Вы выбралі?

– Адназначна – штосьці з жывёлагадоўлі. Магчыма – заатэхнію. І ў любым выпадку – штосьці, звязанае з сельскай гаспадаркай.

– Як доўга Вы працуеце на пасадзе намесніка дырэктара?

– Была зацверджана ў верасні. Да гэтага шчыравала заатэхнікам – тут жа. А ў цэлым, у сельскай гаспадарцы я – 18 гадоў.

– Што неабходна зрабіць, каб выбраць прафесію па душы?

– Ведаеце, не магу даць адназначную параду. Глядзіце. Да прыходу ў сваю любімую цяпер жывёлагадоўлю я скончыла мастацкае вучылішча па спецыяльнасці “кравец і вышывальшчыца, мастацкая вышыўка”. Потым лёс склаўся так, што я пераехала з Брэсцкай вобласці ў Мінскую і пайшла працаваць даяркай. Гэта і ёсць пачатак маёй прафесійнай дзейнасці ў жывёлагадоўлі. І я ні разу не пашкадавала аб сваім выбары! А да гэтага яшчэ ж працавала ў дзіцячым садку памочнікам выхавальніка ясельнай групы. Але толькі калі трапіла ў сельскую гаспадарку, зразумела, што гэта – маё! Я заўсёды з задавальненнем іду на сваю працу, як бы цяжка ні было.

– Паўтарылі б свой выбар сёння?

– Так! Адназначна – так! Гэта маё жыццё, мой дружны калектыў… Гэта ўсё маё – роднае і дарагое сэрцу.

– Алена Уладзіміраўна, а якая Вы па характары?

– Патрабавальная. Люблю справядлівасць, сумленнасць, цаню павагу да сябе і людзей, якія побач. Я вельмі шаную сваіх працаўнікоў!

– Чым Вы любіце займацца ў вольныя хвіліны?

– Люблю чытаць. Як мастацкую літаратуру, так і дапаможнікі па прафесійнай дзейнасці. Шукаю цікавую і патрэбную інфармацыю, якая дапамагае мне ў працы. Карыстаюся сацыяльнымі сеткамі, абмяркоўваю навіны са сваёй дачкой, якая, дарэчы, таксама працуе ў жывёлагадоўлі.

– А ці любіце беларускія сыры і малочныя прадукты?

– Так! Гэта ж усё тое, да вырабу чаго мы маем непасрэднае дачыненне.

– Які вобраз мульцяшнага героя Вам падыходзіць?

– Мабыць, я – “Пчолка Мая”, якая шчыруе з самага ранку і да позняга вечара.

– Калі б Вы атрымалі магчымасць наведаць іншыя краіны, куды б накіраваліся ў першую чаргу?

– Шчыра кажучы, мару праехаць па нашай Беларусі. У нас шмат цудоўных мясцінаў, якія прывабліваюць сваёй прыгажосцю, загадкавасцю, нязведанасцю.

– Алена Уладзіміраўна, вялікі дзякуй за такую цікавую гутарку! Поспехаў Вам у працы, вялікіх дасягненняў!

– Дзякую!

Марыя ПАТАПАВА, навучэнка 8 класа, удзельнік гуртка “Юны карэспандэнт” Руднянскай сярэдняй школы Чэрвеньскага раёна. Фота аўтара

Инвестиционные предложения

Инвестиционные предложения

Туристические объекты района

сброс