Дублёры прысталічнай «Іслачы» сталі трэцім сапернікам «Коласа» ў рамках падрыхтоўкі да новага футбольнага сезона.
Таварыскі матч, які адбыўся на клубнай базе “ваўкоў” у пасёлку Бальшавік пад Мінскам, нягледзячы на адмоўны для чэрвеньцаў вынік, пакінуў неблагія ўражанні ад гульні нашай каманды. Асабліва, калі ўлічыць тое, што ў складзе «Іслачы-2» на працягу матча былі задзейнічаны чатыры ігракі асноўнага саставу, які выступае ў вышэйшай лізе чэмпіянату Беларусі.
“Колас” ад пачатку стараўся гуляць першым нумарам, што стварала рызыку быць злоўленымі на контратаках. Гаспадары поля даволі хутка адкрылі лік, рэалізаваўшы пенальці: на сёмай хвіліне Мікалай Івашкін згуляў рукою ва ўласнай штрафной пляцоўцы.
Пасля прапушчанага мяча “Колас” шмат атакаваў, але ў выніку зноў прапусціў. На 22-й хвіліне памылка ў абароне прывяла да таго, што ігрок “Іслачы-2” выйшаў сам-насам з Вячаславам Камінскім і выйграў у яго дуэль.
На жаль, у пачатку другога тайма наш вопытны і надзейны галкіпер стаў “героем” яшчэ аднаго непрыемнага эпізоду. Выйшаўшы з мячом далёка з варот, ён спрабаваў перайграць іграка гаспадароў поля. Але штосьці пайшло не так, і плямісты ўляцеў у нашу пустую брамку – 0:3.
Відавочна, гледзячы на тое, як чэрвеньцы фактычна самі сабе “прывезлі” ўсе тры мячы, футбольны бог падумаў: “Досыць з іх прыгод на сёння». Прынамсі, у далейшым гульня праходзіла з перавагай “Коласа”. Асабліва “вогненнай” у выкананні нашых атрымалася апошняя дваццаціхвілінка.
Здавалася, што “Колас” не толькі адыграецца, але і паспрабуе пакінуць пасёлак Бальшавік пераможцам. Аднак забіць удалося толькі аднойчы. На 75-й хвіліне гульні Павел Дзямчук, абыграўшы галкіпера “Іслачы-2”, спакойна закаціў мяч у вароты. Ён жа неўзабаве атрымаў выдатны шанц аформіць дубль і скараціць розніцу ў ліку да мінімуму, але “стрэліў па вераб’ях”.
Пасляматчавы каментарый галоўнага трэнера “Коласа” Дзяніса Трапашкі:
– Калі ацэньваць гульню па ліку, то ён, на мой погляд, не адлюстроўвае суадносіны сіл на полі. Лічу, што справядлівым быў бы мінімум нічыйны вынік.
Па зместу трэці спарынг быў для мяне самым інфарматыўным і больш за ўсё спадабаўся. Мы пачалі намацваць гульнявыя сувязі, выконваць трэнерскія ўстаноўкі. Разумею, што хлопцам цяжка хутка набраць патрэбныя фізічныя кандыцыі без штодзённых трэніровак, але, паколькі такой магчымасці няма, мы дамовіліся, што будзем рабіць гэта праз таварыскія гульні.
– Магутная канцоўка сустрэчы з “Іслаччу-2” у выкананні “Коласа”– гэта была трэнерская ўстаноўка?
– Так. Мы свядома перайшлі на гульню ў два нападаючыя. І не тое, каб ставілася задача выйграць любой цаной (вынік на дадзеным этапе падрыхтоўкі – другасны). Важна было, каб ігракі набылі ўпэўненасць у атакуючых дзеяннях, адчулі смак забітых мячоў. У гэтым плане парадаваўся за Паўла Дземчука, які размачыў вароты “Іслачы-2” і мог забіць яшчэ.
– Гэта – другі мяч Паўла ў трох сёлетніх спарынгах. Ці стала такая выніковасць сюрпрызам для трэнера?
– Зусім не. Павел прыйшоў летась у нашу каманду, маючы вопыт выступлення за юнацкую зборную Беларусі. А туды абы каго не запрашаюць. У яго ёсць усе якасці, якія павінен мець нападаючы. У мінулым сезоне Паша атрымоўваў не так шмат гульнявога часу, але пры такой стараннасці як зараз сёлета ён мае ўсе шанцы часцей з’яўляцца на полі.
– Наступны сапернік “Коласа” ў таварыскай гульні – “МЛ Віцебск-2”. Ці ёсць адчуванне, што гэта будзе самы складаны спарынг?
– Ад пачатку, калі планаваліся таварыскія матчы, таксама думалася, што “МЛ Віцебск-2” будзе самым моцным сапернікам. Але і “СДЮШАР Дынама”, і “Арсенал-2, і “Іслач-2” прадэманстравалі добры ўзровень падрыхтоўкі. Так што не будзем гадаць, дачакаемся гульні.
Таварыскі матч «Коласа» з камандай «МЛ Віцебск-2» адбудзецца 5 красавіка на стадыёне футбольнай школы Мікалая Мурашкі ў Мінску (вуліца Сярова, 18) і пачнецца ў 15 гадзін 30 хвілін.
Ігар АДАМОВІЧ. Фота аўтара
“Іслач-2” (МІнскі раён) – “Колас” (Чэрвень) – 3:1.
29 сакавіка. Мінскі раён. Стадыён пасёлка Бальшавік.
“Колас”: Камінскі, Весялоў, Івашкін, Джугір (Дзямчук, 67), Васюк (Міцкевіч, 25), Бутэнас (Вашчынін, 65), Завадскі І. (Чысты, 82), Дзямчук (Раманятаў, 46), Сёмкін (Каваленка, 46), Вашчынін (Кліміхін, 46), Лізуноў (Сёмкін, 71).
Гол у “Коласа”: Дзямчук (73).