Режим работы
Режим работы
  • пн
  • вт
  • ср
  • чт
  • пт
  • сб
  • вс
8:30-13:00 | 14:00-17:30
11 апреля 2025

Новая вясна: палявы рэпартаж з ААТ “Чэрвеньскі райаграсервіс”

Сёлетняе надвор’е – поўнае сюрпрызаў для земляробаў. Цёплы сакавік даў магчымасць гаспадаркам раёна надзвычай рана разгарнуць увесь комплекс веснавых палявых работ.

У пачатку красавіка на палеткі вярнулася зіма, але, як абяцаюць сіноптыкі, ужо ў панядзелак прыгрэе да плюс васямнаццаці. А, значыць, тэхніка зноў выйдзе ў поле.

Да красавіцкай “зімы” ў пераважнай большасці гаспадарак цалкам зрабілі першую падкормку азімых культур і пасеялі раннія яравыя зерневыя. ААТ “Чэрвеньскі райаграсервіс” – не выключэнне.

…У адзін з пагодлівых дзён мы разам з дырэктарам гаспадаркі Раманам Хлапцовым скіроўваемся на палетак, дзе дасяваюць апошнія гектары зерневых. Шлях ад Чэрвеня да Малінаўкі – больш за 30 кіламетраў, таму часу, каб пагутарыць, хапае. 

– Гэтая пасяўная – першая для мяне не толькі як для кіраўніка, але і ўвогуле ў жыцці, – кажа Раман Русланавіч. – Нарадзіўся я ў Віцебску, але з падлеткавага ўзросту жыў у вёсцы на Магілёўшчыне. Мама працавала на ферме, ну і я ля яе завіхаўся. Мо, таму і абраў блізкую па духу прафесію – адвучыўся на заатэхніка ў сельгасакадэміі.

Вытворчую практыку праходзіў у закрытым акцыянерным таварыстве “АСБ-Агра Гарадзец” Шклоўскага раёна. Туды ж і размеркаваўся пасля атрымання дыплома. Адпрацаваў пяць гадоў галоўным заатэхнікам, а напрыканцы 2019 года мяне запрасілі на такую ж пасаду ў “Чэрвеньскі райаграсервіс”.

Сёлетняя прапанова стаць дырэктарам, па праўдзе, была нечаканай. Старшыня райвыканкама Уладзімір Міхайлавіч Навіцкі падчас гутаркі даводзіў, што кандыдат на пасаду кіраўніка з вопытам працы ў гаспадарцы – аптымальны варыянт. Быў дзень на роздум, і я пагадзіўся.

Натуральна, раней у пытанні земляробства паглыбляцца не даводзілася. Дзякуй Богу, ёсць намеснікі, вопытны галоўны аграном, якія мне ў гэтым дапамагаюць.

Па шляху на поле Раман Хлапцоў распавядае, што ў райаграсервісе, як і ў іншых гаспадарках, апошнім часам прыярытэт у структуры зерневага кліну аддаецца азімым культурам, таму яравых сёлета няшмат – усяго 500 гектараў. Але агульны аб’ём работ увесну ўсё адно вялікі. Яшчэ трэба пасеяць 1600 гектараў кукурузы, 870 – аднагадовых кармавых культур, па 200 гектараў люцэрны і проса.

Пагутарылі мы і пра адну з вострых праблем у земляробстве – недахоп вільгаці ў глебе.

– Вось бачыце – мінаем меліярацыйны канал, а ён – пусты, – заўважае Раман Хлапцоў. – Таму мы вельмі ўзважана падыходзім да перадпасяўной апрацоўкі глебы. Культыватар “КШМ” выходзіць на поле не раней, чым за дзень да сяўбы, каб глеба была не пераўвільготненая, але і не сухая. Калі даць запас у два-тры дні, то зямля можа перасохнуць…

Калі мінаем паварот на вёску Прамень, дырэктар згадвае, што ў гаспадарцы захавалі базу тутэйшага машыннага двара, які застаўся ў спадчыну ад колішняга сельгаспрадпрыемства “Лядзенскі”. Гэта дае магчымасць эканоміць час і паліва, пакідаючы тэхніку на ноч тут, калі яна працуе непадалёк. Бо адсюль да цэнтральнай сядзібы райаграсервіса – больш за шэсць дзясяткаў кіламетраў, асабліва не наездзішся. На машынным двары захавалася не толькі сама пляцоўка, але і базавае абсталяванне для тэрміновага рамонту тэхнікі. А, калі што якое, дык перасоўная рамонтная брыгада – напагатове. 

Ну вось і прыехалі. Па шырокаму полю, на даляглядзе якога бачныя дахі хат вёскі Малінаўка, павольна набліжаецца да нас, пабліскваючы на сонцы ярка-зялёнай фарбай, магутны “Джон Дзір”. За ім цягнецца шлейф лёгкага пылу ад сеялкі… Колькі не пераконваў сябе, выпраўляючыся ў поле, што нічога ўжо не змяніць, а ўсё адно затрымцела сэрца ад усведамлення: у гэтага трактара ніколі не будзе ранейшага гаспадара…

На сконе сёлетняй зімы заўчасна пайшоў з жыцця адзін з лепшых механізатараў не толькі райаграсервіса, але і раёна Міхаіл Гатоўка. Шчыры працаўнік, які апошнім часам адзін выконваў амаль увесь аб’ём пасяўных работ у гаспадарцы.

– Цяжкая страта для нас, – уздыхае Раман Хлапцоў. – Але даводзіцца мірыцца з рэчаіснасцю. Трактар з сеялкай, на якім працаваў Міша, мы шмат каму прапаноўвалі. Ахвотных доўга не знаходзілася: тэхніка складаная, шмат аўтаматыкі, мудрагелістых рэгуліровак. Урэшце, паразумеліся з Анатолем Богачам. Запрасілі прадстаўнікоў дылерскага цэнтру “Хорш”, дзе набывалі сеялку. Яны бясплатна навучылі Анатоля, як абыходзіцца з тэхнікай. Па трактару некаторыя парады даў наш механізатар Андрэй Крыцкі, які даўней меў з ім справу.

Вадзіцель на падвозе насення Аляксандр Гуз, механізатар Анатоль Богач і дырэктар гаспадаркі Раман Хлапцоў

– Я дзесяць гадоў адпрацаваў тут, у “Лядзенскім”, – далучаецца да размовы Анатоль Богач. – Потым на чатыры гады сышоў трактарыстам у лясгас. Вярнуўся ўжо пасля далучэння нашай гаспадаркі да райаграсервіса. Нарыхтоўваў кармы на “КВК”, працаваў на жніве, а ўзімку абслугоўваў фермы.

Перасесці на “Джон Дзір” наважыўся не адразу, пасля доўгіх роздумаў. Напачатку было страшнавата, але паступова прывык. Пачынаў з унясення арганікі, а потым ўжо і сеялку зачапіў. У дзень засяваю 60 – 80 гектараў, у залежнасці ад даўжыні гону. У Мішы атрымоўвалася болей, але я пакуль не спяшаюся, бо яшчэ не спрактыкаваўся як след. Ды і за якасць вельмі хвалююся. Каб жа ўсё хаця паўзыходзіла і вырасла.

Шмат часу ідзе на загрузку насення. Адна загрузка – каля сарака хвілін. Таму абавязкова загружаемся на ноч, каб з раніцы не марнаваць час.

Паўтысячы гектараў пасеяў. Але гэта – толькі пачатак. Шчэ ж і “адналетка” наперадзе, і кукуруза. Працы хопіць…

На зваротным шляху гутарым з Раманам Хлапцовым пра жывёлагадоўлю. Як практыкаваны спецыяліст у гэтай галіне, ён з захапленнем дзеліцца задумамі, увасабленне якіх у жыццё павінна паспрыяць росту вытворчасці малака ў гаспадарцы. Асабліва цікава распавядае пра будаўніцтва новага малочнатаварнага комплексу ў вёсцы Дыя. Але гэта – тэма для асобнай публікацыі.

Напрыканцы паездкі збочваем з аб’язной трасы на палетак ля вёскі Хвойнікі. Тут працуе на ворыве глебы механізатар Міхаіл Ладуцька.

Механізатар Міхаіл Ладуцька

– Я ўжо амаль трыццаць пяць гадоў на трактары ў полі, але так рана, здаецца, ніколі не выходзілі, – кажа ён. – Хаця надвор’е цяпер такое, што не разбярэш. Здараецца, зябліва ўздымаем да самага Новага года. Трэба араць – будзем араць! Абы ўсё парасло!

Ігар АДАМОВІЧ. Фота аўтара

Инвестиционные предложения

Инвестиционные предложения

    Туристические объекты района

    сброс