Режим работы
Режим работы
  • пн
  • вт
  • ср
  • чт
  • пт
  • сб
  • вс
8:30-13:00 | 14:00-17:30
04 августа 2025

Чэрвеньскі “Колас” пераканаўча стартаваў у Кубку Мінскай вобласці па футболу

У першым матчы 1/8 фіналу нашы хлопцы не пакінулі шанцаў «Беразіно».

Перад пачаткам сустрэчы адбылася адметная падзея. Спартыўны дырэктар “Коласа” Дзмітрый Чысты ўручыў падарункі ад каманды – каляровы прынтар і футбольны мяч з аўтографамі ігракоў – калектыву аддзялення сацыяльнай рэабілітацыі, абілітацыі інвалідаў Чэрвеньскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, работнікі якога актыўна падтрымліваюць “Колас”. У знак удзячнасці футбалісты атрымалі сувеніры, якія наведвальнікі аддзялення вырабілі сваімі рукамі ў працоўных майстэрнях. Пажаданні поспеху былі ўзаемнымі: у “Коласа” наперадзе – час вырашальных матчаў, а каманда аддзялення на гэтым тыдні брала ўдзел у Міжрэгіянальнай спецыяльнай Паралімпіядзе.

Стартавы састаў “Коласа” на матч з “Беразіно” быў не зусім звычайны. Кубкавая заяўка нашай каманды папоўнілася чатырма новымі ігракамі, і ўсе яны ўдзельнічалі ў гульні ад пачатку. Зрэшты, зусім новы з гэтай чацвёркі – толькі ігрок сталічнага “Трактара” Іван Калошкін, за плячыма якога – вопыт выступлення ў першай лізе чэмпіянату Беларусі. Раман Бурэц і Ілья Казлоўскі (таксама – з “Трактара”) раней ужо гулялі за “Колас”. І менавіта Казлоўскі стаў аўтарам адзінага забітага мяча ў фінальным матчы Кубка Мінскай вобласці-2021 “Колас” – “Маладзечна”, дзякуючы якому чэрвеньцы заваявалі гэты ганаровы трафей. Чацвёртым сярод новых стаў Аляксандр Паляшчук, які разам з нашай камандай удзельнічаў у абодвух этапах Кубка рэгіёнаў УЕФА.

Сустрэча з “Беразіно” праходзіла на залітым дажджом газоне, што, зразумела, перашкаджала нашым тэхнічным ігракам паказваць усе свае здольнасці: мяч нярэдка спыняўся ў лужынах. Але і ў такіх умовах чэрвеньцы парадавалі заўзятараў выніковай гульнёй.

Ужо на другой хвіліне матча Аляксандр Красноў адкрыў лік, а яшчэ праз тры хвіліны Ілья Завадскі яго падвоіў. Далей выніковыя атакі “Коласа” ішлі хвалямі. У апошнія шэсць хвілін першага тайма мяч яшчэ тройчы пабываў у варотах “Беразіно”. Спачатку забіў Іван Калошкін, а потым дуплетам стрэліў Аляксандр Красноў, аформіўшы хет-трык.

Непрыемны эпізод надарыўся ў кампенсаваны час першага тайма. Наш паўабаронца Ян Герасёў паддаўся на правакацыю саперніка і быў выдалены за грубасць. Але і ўдзесяцёх ігракі “Коласа” працягнулі пасля перапынку граміць геаграфічных суседзяў. Другі тайм стаў зорным для Сяргея Лізунова, які выйшаў на замену. Ён прымусіў галкіпера бярэзінцаў вымаць мяч з сеткі чатыры разы.

Матч у адказ – праз тыдзень у Беразіно. Відавочна, што ён стане простай фармальнасцю. Хіба што неба павінна абрынуцца на зямлю, каб “Колас” не прайшоў у чвэрцьфінал. 

Ігар АДАМОВІЧ. Фота аўтара

“Колас” (Чэрвень) – “Беразіно” – 9:0.
30 ліпеня. Чэрвень. Стадыён ДЮСШ. 50 гледачоў.
“Колас”: Сіліч, Казлоўскі, Джугір, Мінянкоў (Весялоў, 46), Завадскі (Будрыцоў, 77), Герасёў, Шадурка (Кліміхін, 46), Паляшчук (Трапашка, 77), Калошкін (Каваленка, 61), Бурэц (Бутэнас 61), Красноў (Лізуноў, 46).
Галы ў “Коласа”: Красноў (2, 43, 44), Завадскі (5), Калошкін (39), Лізуноў (49, 52, 59, 88).

Инвестиционные предложения

Инвестиционные предложения

Туристические объекты района

сброс