Да дзяцей, якія адпачываюць у лагеры імя Гагарына, завіталі Алег Навіцкі і Марына Васілеўская.
Панядзелка гэтага тыдня ў выхаваўча-аздараўленчым лагеры імя Гагарына дзяржаўнага прадпрыемства «Мінсктранс», які месціцца ў маляўнічым кутку побач з санаторыем «Волма», чакалі з нецярплівасцю і хваляваннем. Яшчэ б! Да дзяцей, што адпачываюць тут, завіталі сапраўдныя касманаўты – Герой Расіі ўраджэнец Чэрвеня Алег Навіцкі і Герой Беларусі, першая жанчына-беларуска, якая пабывала ў космасе, Марына Васілеўская.

Зорных гасцей сустрэлі духмяным караваем і танцам у выкананні самых маленькіх наведвальнікаў лагера. Таксама ім з гонарам паказалі мясцовы міні-музей пад адкрытым небам, які ўмясціў у сябе гісторыю касманаўтыкі ад Канстанціна Цыялкоўскага да сённяшніх дзён. А дзеці з трэцяга атрада распавялі хаця і прыдуманую, але шчырую гісторыю аб тым, як Юрый Гагарын вырашыў паляцець у космас.

У пачатку адкрытага дыялогу, які адбыўся ва ўтульнай зале санаторыя “Волма”, Алег Навіцкі сказаў:
– Калі мы ішлі сюды, я пацікавіўся, калі быў створаны лагер. Аказваецца, у 1970 годзе. Мы з ім амаль што равеснікі. У дзяцінстве я ездзіў у іншы піянерскі лагер, у супрацьлеглы бок ад Чэрвеня, а тут не быў ні разу. Але лёс распарадзіўся так, што я прыехаў сюды зараз. Прыехаў з задавальненнем, каб сказаць вам: няма такіх вышынь, якія не можа пакарыць звычайны чалавек, тым больш беларус. У нас для гэтага ёсць ўсё, у прыватнасці – выдатная сістэма адукацыі. Проста трэба правільна карыстацца ведамі і не баяцца ісці да сваёй мары…

З першых хвілін сустрэчы дзеці літаральна закідалі касманаўтаў пытаннямі. Вось толькі некторыя з іх.
— Ці бачылі вы ў космасе іншапланецян?
Алег Навіцкі:
– Насамрэч – не. Але аднойчы яны мяне моцна напалохалі. Падчас аднаго з палётаў я вырашыў ноччу зрабіць фотаздымкі, выключыў у адсеку святло і з фотаапаратам падляцеў да ілюмінатара. Зірнуў, а адтуль на мяне глядзіць вялізнае вока! Мне ажно дыхаць заняло. Адскочыў ад ілюмінатара, потым зірнуў зноў… А там – шкло трохслойнае, і з-за праламлення святла мая зрэнка павялічылася да неймавернага памеру. Гэта было адлюстраванне майго вока, але з першага разу я гэта не зразумеў.
– Што вы адчулі, калі пабачылі Зямлю з космасу ўпершыню?
Марына Васілеўская:
– Калі мы падляцелі да агляднага ілюмінатара ў першы дзень, я ад убачанага заплакала. Наша планета – сапраўдны цуд! Яна неверагодная, без межаў, нібыта адна наша агульная сям’я. Яе абараняе толькі тоненькі слой атмасферы. Ты яго бачыш і выдатна разумееш, што разбурыць гэта можна вельмі хутка. Бо ты адварочваеш галаву назад, а там – цемра, там неабсяжны Сусвет… У такі момант прыходзіць асэнсаванне таго, што мы павінны цаніць, любіць і берагчы тое, што маем. На жаль, людзі сёння больш знішчаюць, чым ствараюць. Усім нам трэба больш дабрыні і спагады, тады, мне здаецца, будуць парадак і шчасце на нашай планеце.

– Што вы думаеце пра будучыню ў асваенні космасу?
Алег Навіцкі:
– Не ведаю, якія ёсць падставы, каб у будучым асвойваць космас… Мы яшчэ не навялі парадку на Зямлі пасля сваёй прысутнасці. Мы вельмі моцна яе забруджваем, так, што часам нават становіцца сорамна. Я вельмі рады, што ў вас чыста, парадак, што вы сочыце за тэрыторыяй лагера. Але ўвогуле Сусветны акіян сёння вельмі моцна забруджаны, з космасу бачныя вялізныя астравы са смецця. Шмат выкідваецца паліва, з-за дзейнасці чалавека гараць лясы. Мы распрацоўваем нетры, і таксама пакідаем беспарадак. Таму перш, чым кудысьці ляцець, трэба навесці парадак у сябе дома. Так, цывілізацыя і прагрэс не павінны стаяць на месцы, але ўсё трэба рабіць асэнсавана і прыстойна.
– Што б вы хацелі сказаць дзецям, якія мараць паляцець у космас?
Марына Васілеўская:
– Найперш, трэба вучыцца. Трэба верыць у свае сілы, верыць у сябе, ісці наперад. Калі ўпаў, трэба ўставаць і ісці далей. Бо наперадзе цябе чакаюць поспехі.
Я, як і Алег Віктаравіч, са звычайнай рабочай сям’і, і свой шлях да поспеху прайшла сама. З 18 гадоў працую, у розных сферах спрабавала сябе, каб знайсці тое месца, дзе буду сябе ўтульна адчуваць. А яшчэ ў жыцці мне дапамагае вера ў Бога. Яна – магутная абарона ад ўсяго дрэннага…

Пасля сустрэчы касманаўты падзяліліся ўражаннямі ад яе.
Марына Васілеўская:
– Сустрэча прайшла выдатна. Усцешыла, што ў зале былі дзеці, якія мараць стаць касманаўтамі. Але, нават калі і не стануць, то мяркую, яны – на правільным жыццёвым шляху і вырастуць годнымі грамадзянамі нашай краіны.
Алег Навіцкі:
– Спадабалася, што дзеці не саромеліся задаваць пытанні, а самі пытанні былі змястоўнымі і цікавямі. Бо, не сакрэт, што часам на падобных сустрэчах дзеці маўчаць. Ну, прыехалі касманаўты: паглядзелі на іх, паслухалі, сфатаграфаваліся, узялі аўтографы і разышліся. Тут якраз усё ішло ад сэрца…
А вось што распавяла “Раённаму весніку” дырэктар выхаваўча-аздараўленчага лагера імя Гагарына Наталля Макейчык:
– Сустрэча з касманаўтамі прайшла ў рамках рэспубліканскай інфармацыйна-асветніцкай акцыі “Крок да поспеху”. Сёлета гэта ў нас ужо трэцяя падобная сустрэча. Раней нашымі гасцямі былі намеснік генеральнага дырэктара дзяржаўнага прадпрыемства “Мінсктранс” воін-інтэрнацыяналіст Аляксандр Данчанка, а таксама паўабаронца футбольнага клуба БАТЭ (Барысаў) Аляксандр Свірэпа.
Пабачыць жывых легенд, пагутарыць з імі, дакрануцца да іх і ўсвядоміць, што тыя, хто дасягнуў адметных вышынь, у жыцці – самыя звычайныя людзі – вельмі важна для нашых выхаванцаў. Перад імі – прыклады таго, што, здаецца, немагчымае насамрэч магчыма. Варта толькі старанна вучыцца, умець пераадольваць цяжкасці, настойліва ісці да пастаўленай мэты.
Ігар АДАМОВІЧ. Фота аўтара

