Режим работы
Режим работы
  • пн
  • вт
  • ср
  • чт
  • пт
  • сб
  • вс
8:30-13:00 | 14:00-17:30
06 марта 2026

Трыумф юнацтва: каманда Чэрвеньскай ДЮСШ — чэмпіён раёна па міні-футболу

У першы дзень вясны завяршыўся чэмпіянат Чэрвеньскага раёна па футболу. Упрыгажэннем спаборніцтваў, якія доўжыліся амаль тры месяцы і выклікалі велізарную цікаваць у мясцовых заўзятараў, сталі матч за трэцяе месца і фінал.

“Колас” – “Брэка-team” – 10:2

«Колас»: Курыловіч, Шмідаў, Трапашка Дзяніс, Сёмкін, Трапашка Дзмітрый, Гумінскі, Герасёў, Сасункевіч, Качановіч, Курын.

«Брэка-team»: Прыступа, Брэчка, Данільчык, Лявонцьеў, Міцкевіч, Аўраменка, Кірнішнюк.

Галы: Курын – 1:0 (5), Герасёў – 2:0 (11), Дзяніс Трапашка – 3:0 (14), Сасункевіч – 4:0 (16), Сасункевіч – 5:0 (19), Герасёў – 6:0 (21), Герасёў – 7:0 (22), Сёмкін – 8:0 (27), Дзяніс Трапашка – 9:0 (30), Гумінскі – 10:0 (32), Аўраменка – 10:1 (33), Брэчка – 10:2 (36).

Для каманд, якія не здолелі прабіцца ў фінал, суцяшэннем стала магчымасць пазмагацца за бронзавыя медалі чэмпіянату.

Шлях да матчу за трэцяе месца быў для іх розным. “Колас” у паўфінальнай серыі, якая, паводле рэгламенту, доўжылася да двух перамог адной з каманд, саступіўшы ў першай гульні “Льву” 3:8, так і не змог зачапіцца за вынік у другой. Хаця шанцы на спрыяльны зыход у яго былі: за дванаццаць хвілін да заканчэння асноўнага часу сустрэчы бела-сінія вялі ў ліку – 3:2. Але апраметнае падключэнне галкіпера Паўла Сіліча пятым у атаку прывяло да мяча ў пустыя вароты і фактычна зламала гульню “Коласа”. Не даючы саперніку апамятацца, львы да фінальнай сірэны забілі яшчэ тройчы і выйгралі не толькі матч, але і паўфінальную серыю.

Што да каманды Мікіты Брэчкі, то яна, саступіўшы “ДЮСШ” у першым матчы, выйграла паўторны, таму лёс фіналіста тут вырашаўся ў трэцяй гульні. А ў ёй выхаванцы спартшколы, зрабіўшы да перапынку галявы запас у пяць мячоў, у другім тайме яго захавалі. Перамога з лікам 12:7 вывела “ДЮСШ” у фінал.

Не атрымалі футбалісты “Брэка-team” станоўчых эмоцый і ў матчы за трэцяе месца. “Колас” ці не ўпершыню ў чэмпіянаце сабраў калі і не аптымальны, то цалкам збалансаваны і баяздольны састаў, не пакінуў сапернікам нават мізэрных шанцаў на барацьбу за медалі. Па сутнасці, ён усё вырашыў на сваю карысць яшчэ да перапынку, адгрузіўшы ў вароты Аляксандра Прыступы пяць безадказных мячоў. Але, адчуўшы смак галоў, ігракі “Коласа” не скінулі абаротаў і ў другім тайме, учыніўшы “Брэка-team” разгром – 10:2, заваявалі «бронзу».

“ДЮСШ – “Леў” – 4:1

«ДЮСШ»: Шыманскі, Яблонскі Мікіта, Снытко Максім, Камароўскі, Трапашка Ілья, Крук, Няхай Іван, Пяршай, Грыбко, Сушкевіч, Шчэрба, Забаўскі, Лявонцьеў Ілья, Пашкевіч, Савіч, Рупека, Асонаў, Снытко Яўген.

«Леў»: Мурашка, Лебедзеў, Курбанаў, Пузына, Весялоў, Жалабковіч, Лаўрык, Сцепановіч, Лук’янаў.

Галы: Ілья Трапашка – 1:0 (6), Адрыян Мурашка – 1:1 (12), Іван Няхай – 2:1 (28), Ілья Трапашка – 3:1 (39), Ілья Трапашка – 4:1 (40).

Перад фінальным матчам, бадай, галоўнай інтрыгай было пытанне ўдзелу ў ім у складзе “ДЮСШ” Ільі Трапашкі. Мала таго, што ён на працягу чэмпіянату быў бясспрэчным лідарам каманды, дык яшчэ менавіта ў фінале меў шанц абысці ў спрэчцы лепшых бамбардзіраў Мікіту Каваленку, з якім у яго была роўная колькасць забітых мячоў – 27.

Ілья на фінал прыехаў. І завочную дуэль у Каваленкі выйграў. Прычым зрабіў гэта бліскуча, не адкладаючы справу на потым, а паразіўшы вароты “Льва” ўжо на шостай хвіліне гульні.

Праўда, яшчэ да перапынку галкіпер львоў Адрыян Мурашка аднавіў раўнавагу ў ліку. Яго падключэнне ў атаку і ўдар здалёк прывялі да рыкашэту, пасля якога мяч уляцеў у вароты Кірыла Шыманскага. Дарэчы, і да гэтага эпізоду, і пасля Кірыл выдатна спраўляўся са сваімі абавязкамі, што надавала ўпэўненасці ўсёй камандзе.

Пасля перапынку пераломным у гульні стаў гол Івана Нехая, якому асіставаў Ілья Трапашка. Саступаючы 1:2, ігракі “Льва” вымушаны былі задоўга да заканчэння асноўнага часу матча выкарыстоўваць у атацы фармат “пяць на чатыры”. Аднак выхаванцы спартшколы не толькі выстаялі, але і пакаралі сапернікаў двума ўзяццямі пустых варот у выкананні Ільі Трапашкі, які давёў свой бамбардзірскі рахунак да трыццаці мячоў.

4:1 – прыгожая і цалкам заслужаная перамога “ДЮСШ” над грозным “Львом”, які запомніўся ў чэмпіянаце хуткім атакуючым футболам, жалезнай воляй і, бадай, самым стабільным сярод усіх каманд саставам. Але ў фінале мы пабачылі трыумф юнацтва, за якім – будучыня чэрвеньскага футбола.    

І менавіта чэмпіянат, кожная гульня якога праходзіла пры амаль поўнай трыбуне, засведчыў, што наш футбол жывы. Жывы, насуперак меркаванням скептыкаў, якія не верылі, што на пляцоўцы спартыўнага комплексу “Ігумен” гэтай суровай зімой будзе горача, весела, цікава.

Дзякуй арганізатарам спаборніцтваў за сапраўднае свята, якое яны ўсім нам падаравалі! І асобна – за фінальны акорд гэтага свята – цырымонію ўшанавання пераможцаў і прызёраў. Стол, на якім размясціліся ўзнагароды, з цяжкасцю ўмясціў кубкі, медалі, памятныя прызы-статуэткі. 

Лепшым іграком чэмпіянату быў названы Сяргей Пузына (“Леў”), лепшым нападаючым – Сяргей Лізуноў (“Зорка-МГАТК”), лепшым абаронцам – Мікалай Курбанаў (“Леў”), лепшым галкіперам – Кірыл Шыманскі (“ДЮСШ”).

Лепшым бамбардзірам спаборніцтваў стаў Ілья Трапашка (“ДЮСШ”), які забіў 30 мячоў. Лепшы асістэнт – Павел Клімовіч (КАФ “Смілавічы”). На яго рахунку – 20 галявых перадач.

На гэтым прызы не скончыліся. Падчас цырымоніі ўзнагароджання ўганаравалі лепшага іграка па версіі зборных тураў Мікіту Каваленку (КАФ “Смілавічы”) і лепшага трэнера Дзяніса Трапашку (“ДЮСШ”). Прыз глядацкіх сімпатый уручылі Аляксандру Курыловічу (“Колас”), прыз “Містэр fair play” – Арцёму Аўраменку (“Брэка-Цім”), прыз “Самы малады ігрок турніру “ – Мікіту Яблонскаму (“ДЮСШ”).

Памятныя статуэткі таксама атрымалі суддзі Сяргей Купровіч, Аляксандр Мрынскі і Дзмітрый Чысты і аўтар гэтых радкоў – за шырокае асвятленне чэмпіянату ў сацыяльных сетках і на старонках газеты “Раённы веснік”.

Инвестиционные предложения

Инвестиционные предложения

Туристические объекты района

сброс