На скрыжаванні дарог у Жураўкавічах стаіць чырванаватага колеру камень-валун з памятнай дошкай, на якой – прозвішчы 32 жыхароў паселішча і суседняй вёскі Падгор’е, што не вярнуліся з франтоў Вялікай Айчыннай вайны. Сярод іх – Анісім Самуілавіч Патапчык. Помнік з’явіўся тут, дзякуючы намаганням яго сына, ветэрана вайны Канстанціна Анісімавіча Патапчыка, пры падтрымцы неабыякавых людзей…
Канстанціна Анисімавіча Патапчыка віншуюць намеснік старшыні райвыканкама Ала Шахоцька і старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Лойка.
Усякі раз, прыходзячы да манумента землякам, Канстанцін Анісімавіч нібыта вяртаецца ў гарачы ліпеньскі дзень 1944 года, калі ён васямнаццацігадовым юнаком, разам з бацькам і аднавяскоўцамі, кожнага з якіх памятае ў твар, па пыльнай дарозе прайшоў праз гэтае скрыжаванне ў ваенна-палявы камісарыят для адпраўкі на фронт.

…Патапчык-старэйшы загінуў у лютым 1945-га на поўначы Польшчы. Сын Канстанцін цудам ацалеў пасля цяжкага ранення ў той жа Польшчы крыху больш чым праз месяц пасля прызыву.
На сваім вяку ветэран пабачыў столькі, што яго, здавалася б, наўрад ці можна чым здзівіць. Але нядаўна надарылася падзея, якая па-сапраўднаму ўзрушыла Канстанціна Анісімавіча. Амаль праз семдзесят адзін год былога кулямётчыка 1109-га стралковага палка 380-й Магілёўскай Чырванасцяжнай стралковай дывізіі 50-й арміі 2-га Беларускага фронта знайшла баявая ўзнагарода – ордэн Славы ІІІ ступені.
Гэтай неверагоднай гісторыі з прыгожым фіналам магло б і не быць, калі б не шчаслівы выпадак. Даследуючы базу дадзеных інтэрнэт-партала “Памяць народа”, створанага Міністэрствам абароны Расійскай Федэрацыі, Уладзімір Івашкевіч, намеснік старшыні савета клуба “Ветэран” Мінскага аўтазавода, на якім амаль 48 гадоў адпрацаваў наш герой, выпадкова натрапіў на яго ўзнагародны ліст, датаваны 1946 годам: “Чырвонаармеец Патапчык Канстанцін Анісімавіч, знаходзячыся на пасадзе руч. кулямётчыка 1109-га стралковага палка 380-й Магілёўскай Чырванасцяжнай стралковай дывізіі 50-й арміі 2-га Беларускага фронта, прымаў актыўны ўдзел у баях з нямецкімі захопнікамі з 25.07.44 г. да 14.08.44 г. У баі пры заняцці Аўгустоўскага канала быў цяжка паранены. Скразное кулявое раненне вобласці таза з пашкоджаннем бярцовай косткі і нярвовай сістэмы пазваночнага слупа.
У цяперашні час працуе ў калгасе падлікоўцам.

За актыўны ўдзел на франтах Вялікай Айчыннай вайны і атрыманае цяжкае раненне варты ўзнагароджання ордэнам Славы ІІІ ступені”.
Калі звязаліся з ветэранам, то высветлілася, што ордэн Славы яму… не ўручалі.
Далей за справу ўзяўся смілавіцкі краязнаўца і пісьменнік Іван Ярашэвіч, якога звязваюць з Канстанцінам Анісімавічам цесныя сяброўскія стасункі, і які, пераадольваючы разам з ім шматлікія бюракратычныя бар’еры, шмат зрабіў для таго, каб устанавіць у вёсцы Жураўкавічы помнік загінулым землякам. На афіцыйны запыт у расійскае Міністэрства абароны ветэрану прыйшоў адказ: “Матэрыялы, неабходныя для прыняцця рашэння аб уручэнні Вам ордэна Славы ІІІ ступені, накіраваныя ва Упраўленне Прэзідэнта Расійскай Федэрацыі па дзяржаўных узнагародах. У выпадку прыняцця станоўчага рашэння, уручэнне названай дзяржаўнай узнагароды СССР будзе арганізавана ва ўстаноўленым парадку па дыпламатычных каналах”.

Чакаць давялося нядоўга. Прынамсі, не сем з лішнім дзесяцігоддзяў: Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР, якім Канстанцін Патапчык “за адвагу і храбрасць, праяўленыя ў баях з нямецкімі захопнікамі ў Вялікай Айчыннай вайне”, узнагароджаны ордэнам Славы, з’явіўся 6 лістапада 1947 года, але з-за чыноўніцкай абыякавасці ў адносінах да яго дагэтуль не быў выкананы. У мінулую сераду справядлівасць, нарэшце, перамагла.
У гэты дзень узрушаны і ўзнёслы настрой панаваў у аўтазаводскім клубе “Ветэран”. Канстанцін Анісімавіч, які тут – не толькі жаданы госць, але і паўнапраўны сябра, гэтым разам быў у цэнтры асаблівай увагі.
Заслужаную ўзнагароду яму ўручылі прадстаўнікі расійскай дыпламатыі ў Беларусі – ваенны і ваенна-паветраны аташэ Кірыл Калючкін і трэці сакратар пасольства Галіна Лаўрова. Павіншаваць ветэрана, выказаць яму шчырыя словы ўдзячнасці на ўрачыстасць прыйшлі кіраўнікі прадпрыемства і прафсаюзнай арганізацыі завода, ветэранскіх арганізацый Мінска, Мінскай вобласці і Чэрвеня, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, сябры клуба “Ветэран”, яго былыя калегі.
Сціплы па жыцці, Канстанцін Анісімавіч сумеўся ад такой увагі і ўсяго, што адбылося:
– Ну які я герой? Я проста выконваў салдацкі доўг: абараняў сваю радзіму, свой народ, сваю сям’ю. Мы тады ўвогуле ні пра якія ўзнагароды не ведалі. Я даведаўся толькі пасля вайны, калі атрымліваў медаль “За адвагу”. А на фронце думалі толькі аб тым, каб “эканоміць” патроны і снарады, каб кожны з іх ішоў “па справе”, а не ўхаластую…

Пасля афіцыйнай цырымоніі стасункі сяброў і гасцей клуба з кавалерам ордэна Славы яшчэ доўга працягваліся за кубкам гарбаты. У гэты ж дзень ветэрана запрасілі ў Чэрвень, дзе яго павіншавалі намеснік старшыні райвыканкама Ала Шахоцька, старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Лойка і старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Вольга Коціна.
… Гледзячы на Канстанціна Анісімавіча, які і зараз, у свае дзевяноста два, бадзёры, рухавы жыццялюб, думаецца вось пра што. Хаця гэтай неверагоднай гісторыі з прыгожым фіналам магло б і не быць, але яна павінна была надарыцца. І не толькі таму, што Канстанцін Анісімавіч сапраўды заслужыў ордэн Славы пралітай на фронце крывёю. Магчыма, гэта яшчэ і своеасаблівая падзяка яму з нябёс: за адданасць роднаму заводу, за клопаты па ўвекавечванню памяці загінулых землякоў. За прыклад мужнасці і гонару для нашчадкаў.
Ігар АДАМОВІЧ. Фота аўтара
ДАВЕДКА:
Ордэн Славы – ваенны ордэн СССР, заснаваны Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 8 лістапада 1943 «Аб установе ордэна Славы I, II і III ступені». Ордэнам узнагароджваліся вайскоўцы радавога складу, сяржанты і старшыны Чырвонай Арміі, а ў авіяцыі — і асобы, якія маюць званне малодшага лейтэнанта. Уручаўся ён толькі за асабістыя заслугі асобам, якія здейснілі ў баях за Савецкую Радзіму слаўныя подзвігі адвагі, мужнасці і бясстрашнасці. Воінскія часці і злучэнні ім не ўзнагароджваліся.
Ордэн Славы мае тры ступені, з якіх знак ордэна вышэйшай, I ступені – залаты, а II і III – сярэбраныя (у знака другой ступені пазалочаны цэнтральны медальён). Паводле статуту ордэна, узнагароджанні павінны праводзіцца ў парадку строгай паслядоўнасці – ад ніжэйшай ступені да вышэйшай.
За адзнакі ў баях Вялікай Айчыннай вайны і подзвігі ў іншых ваенных канфліктах было ўручана каля мільёна знакаў ордэна Славы III ступені, больш за 46 тысяч — II ступені і 2678 — I ступені. Поўных кавалераў ордэна Славы — 2671 чалавек. У савецкі час яны прыроўніваліся ў правах да асоб, удастоеных звання Героя Савецкага Саюза.

