Традыцыйны ліпеньскі ПЯТРОЎСКІ ФЭСТ, што праходзіць кожным летам, зноў адбыўся ў вёсцы Язоўкі. Як заўжды, аднавяскоўцаў, суседзяў, гасцей і артыстаў сабрала гаспадыня фэсту – Валянціна Пятроўна ЛАДУЦЬКА. З самай раніцы на яе сядзібе чулася музыка, песні, гаспадарлівыя язоўцы неслі свае прысмакі ды тое, што добра вырасла ў гародзе альбо ў садзе: на імправізаванай гандлёвай кропцы перад веснічкамі кожны жадаючы мог купіць вішні, чарэшні, парэчкі, мёд.
На ўваходзе замест фэйс-кантролю кожнага госця частавалі духмянай медавухай. Яе прывезлі з Чэрвеня прывабныя і ветлівыя пчаляры, каб парадаваць язоўцаў першай сёлетняй мядовай прадукцыяй. Алкаголю напой, створаны па старажытнаму беларускаму рэцэпту, утрымлівае зусім крыху, меней за слабае піва. Але, паспытаўшы яго, здаецца, што глынуў, мабыць, саміх сонечных промняў – ясных, цёплых, мяккіх, добрых і даруючых самыя светлыя пачуцці да ўсяго свету!..
Многія госці, трапіўшы на сядзібу, разбрадаліся па яе шматлікіх кутках: хто ў святліцу з вышыванкамі, хто ў музей сялянскага побыту, хто ў “Іванаву хатку”. Ля музея сталы і паважлівы, але жвавы і гаваркі дабраахвотны экскурсавод у адметным саламяным капялюшы распавядаў усім жадаючым, адкуль якія рэчы ўзяліся: кросны ды пралкі са стрэхаў аднавяскоўцаў, вугалевыя прасы са сметніка, вышыванкі ды глечыкі – ад продкаў гаспадыні ды яе сваякоў… Рэч за рэччу назбіраўся не адзін пакой, сапраўдная хатка стагоддзя гэтак 18-га. Самым малым наведвальнікам музея экскурсавод цярпліва, “на пальцах” тлумачыў, што такое “глечык”, чаму тканіну выраблялі дома і навошта ў прас клалі вуголле.
Канцэртная праграма складалася з выступлення фальклорнай групы суседзяў – Горак і Велікаполля, а таксама эстрадных нумароў у выкананні выхаванцаў псіханеўралагічнага інтэрната і іх мастацкага кіраўніка Марыны СІНЯЎСКАЙ. Усе артысты былі апрануты ў прыгожыя канцэртныя строі ў народным стылі, выглядалі святочна, радасна, па-летняму ярка. Прысутнічаў на свяце і дырэктар дома-інтэрната Уладзімір СЕМІЖОН. Ён быў не толькі ганаровым госцем, але і членам журы, што ацэньвала конкурс хатніх сялянскіх страў і прысмакаў.
На свяце прыгадалі аднавяскоўцаў, што загінулі падчас Вялікай Айчыннай вайны. 35 прозвішчаў прачыталі дзеткі, памочнікі вядучых. У памяць аб іх і ў гонар міру ў краіне выхаванцы інтэрната запусцілі ў неба каляровыя паветраныя шарыкі. Адзначылі і тое, што вёска дала Чэрвеньшчыне і ўсёй Беларусі шмат імёнаў, што прынеслі карысць краіне, дабіліся вялікіх поспехаў у працы, праславіўшы тым самым і родную вёсачку.
Адметна, што ўжо не першы год язоўскі Пятроўскі фэст праходзіць выключна на грошы дабрачынцаў і самой гаспадыні свята Валянціны Пятроўны. Гэта адметная рыса вялікага сэрца – аддаць уласнае, каб зрабіць нешта добрае для іншых.
Наталля КАРАЛЬКЕВІЧ.
Фота аўтара

