Режим работы
Режим работы
  • пн
  • вт
  • ср
  • чт
  • пт
  • сб
  • вс
8:30-13:00 | 14:00-17:30
17 сентября 2018

«Наваселле нашай групы адзначае наш садок»

Гэта радок з вершыка, якім віталі маленькія выхаванцы “Дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці” гасцей — кіраўніка фермерскай гаспадаркі “Ігуменская” Алега Хартановіча і яго намесніка Наталлю Сляпец.

Яны завіталі ў гэтую дзіцячую ўстанову, каб павіншаваць дзетак, іх бацькоў і ўвесь калектыў з пачаткам новага навучальнага года і ўручыць падарункі. Галоўны з іх – гэта адрамантаваная і абсталяваная па апошняму слову тэхнікі група для самых малодшых дзетак: гульнёвы пакой, спальня, раздзявальня, умывальня і раздатачны пакой.

Адноўленыя памяшканні ўразілі: з густам падабраныя фарбы, жалюзі, мэбля, яркія карцінкі на сценах, намаляваныя прафесійным мастаком, якога запрасіў Алег Мікалаевіч, – усё адпавядае пакоям, дзе будуць праводзіць час маленькія выхаванцы.

— Нам даўно неабходна было адкрыць новую групу для малышоў. Але фінансавых магчымасцяў не было, — сказала загадчык “Дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці” Ірына Кучынская. – Цяпер, дзякуючы нашым спонсарам, будаўнічыя работы завершаныя, і мы рады сустракаць у новай групе дзяцей.

Ларыса Асановіч, начальнік упраўлення па адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, звяртаючыся да Алега і Наталлі, сказала:

— Такую грунтоўную дапамогу ўстановам адукацыі раёна не аказваў ні адзін фундатар. Ад імя бацькоў, калектыву педагогаў цэнтра, ад райвыканкама і ад сябе асабіста дзякую за такі цудоўны ўнёсак у развіццё матэрыяльнай базы гэтай дзіцячай установы.

Яна ўручыла “Удзячны ліст”, у якім выказвалася падзяка за аказанне дапамогі ва ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы, стварэнне сучасных, камфортных і бяспечных ўмоў для выхаванцаў ва ўстанове адукацыі.

Словы ўдзячнасці прагучалі таксама ад галоўнага спецыяліста ўпраўлення па адукацыі, спорту і турызму Людмілы Сакавай, загадчыка сектара адукацыі ўпраўлення Юліі Мурашка, дырэктара дашкольнай установы Ірыны Кучынскай і бацькоў.

Ларыса Асановіч і Алег Хартановіч перарэзалі сімвалічную стужку на ўваходзе ў новую групу.

— Я нарадзіўся і вырас у раёне, — сказаў Алег Мікалаевіч. — Гэты садок дораг мне — я ў ім выхоўваўся. У мяне даўно былі думкі – зрабіць прыгажэйшым садок і школу сваю таксама. У далейшых планах – капітальны рамонт ўсяго будынка дзіцячага садка з дахам, фасадам, пляцоўкамі…

У дадатак дзіцячая ўстанова атрымала ад фундатара яшчэ і пральную машыну, пыласос, камп’ютэр з прынтэрам і электрычны прас. Асаблівую радасць у дзяцей выклікала вялізная скрыня з цацкамі. Усіх удзельнікаў мерапрыемства маленькія выхаванцы парадавалі прыгожым танцам і вершыкамі.

Таццяна МАРЦЬЯНАВА. Фота аўтара

Инвестиционные предложения

Инвестиционные предложения

Туристические объекты района

сброс