Начальнік бюро па ахове працы Наталля Лапшына і інжынер па ахове працы Кацярына Адамовіч правяраюць, як выконвае нормы аховы працы і тэхніку бяспекі трактарыст Чэрвеньскага лясніцтва Іван Шлыкевіч.
– Пад нашай апекай – 14 аб’ектаў: лясніцтвы, вытворчы майстарскі ўчастак, лесапункт, гадавальнік, пагрузачная пляцоўка, – распавядае начальнік бюро па ахове працы Наталля Лапшына. – І кожны з іх патрабуе ўвагі. Бо на лесасеках, дрэваапрацоўчай вытворчасці, ды і паўсюль, дзе працуюць механізмы, заўсёды існуе рызыка атрымання работнікам траўмы. Разумеючы гэта, адміністрацыя лясгаса, кіраўнікі і спецыялісты структурных падраздзяленняў надаюць першачарговую ўвагу ахове працы. Цесна супрацоўнічаем і з нашай прафсаюзнай арганізацыяй, грамадскія інспектары якой дапамагаюць нам…
Два апошнія гады Чэрвеньскі лясгас займае першыя месцы ў раённым аглядзе-конкурсе на лепшую арганізацыю аховы працы. Сярод складнікаў поспеху – адсутнасць няшчасных выпадкаў, а таксама фінансавае забеспячэнне патрэб па тэхнічнаму пераўзбраенню вытворчасці і ахове працы. У прыватнасці, летась на гэтыя мерапрыемствы было выдаткавана каля мільёна рублёў.
Ігар АДАМОВІЧ. Фота аўтара

