У глядзельнай зале размясціўся імправізаваны “Бульбахол”. Куток гаспадыні, фотавыстава “Позірк у мінулае”, выстава-фантазія з новага ўраджаю зацікавілі ўдзельнікаў свята. Тут жа былі прадстаўлены стэнды з узорамі новых гатункаў бульбы, выведзеных навукоўцамі Мінскай абласной сельскагаспадарчай доследнай станцыі.
Галоўная дзея фэсту разгарнулася на пляцоўцы перад бібліятэкай-клубам. На вялікім стале размясціліся бульбяныя шэдэўры, якія прыгатавалі мясцовыя жанчыны. Чаго тут толькі ні было! Бульба, фаршыраваная мясам, бульба на шпажках, пірожнае “Бульба”, бульба фры, піражкі з розным начыннем, дранікі са скваркамі! Хіба што бульбяных цукерак не хапала!
Вядучыя Святлана Пархамовіч і Алеся Шчакала распавялі шмат цікавага пра другі хлеб беларусаў. Прайшлі спаборніцтвы па збору бульбы, па вызначэнню лепшай гаспадыні і самага моцнага мужчыны. Гледачы на “ўра” сустрэлі песні ў стылі рэп пра бульбу, з цікавасцю паслухалі паэму мясцовай жыхаркі Галіны Паўлаўны Міцкевіч пра Грабянец, авацыямі прынялі «Усходні танец» у выкананні Арменуі Мкртчан.
Актыўныя ўдзельнікі свята атрымалі “грабянецкую валюту” – “Бульбашыка”, па якой потым вызначылі галоўнага “бульбаша”. Ім стаў Уладзімір Фядурын. А галоўнымі гаспадынямі названы Іна Фядурына і Дзіна Кандракова. Упрыгажэннем фэсту былі журавы – яны “пільнавалі” свае журавіны, і самаробныя коні – на іх з задавальненнем каталіся маленькія жыхары вёскі. Актыўна падтрымлівала ўдзельнікаў і весялілася разам з імі старшыня Чэрвеньскага сельвыканкама Наталля Свірыдовіч. Незабыўныя ўражанні пакінуў канцэрт самадзейных артыстаў з Чэрвеньскага псіханеўралагічнага дома-інтэрната пад кіраўніцтвам Марыны Сіняўскай: спявалі разам і танцавалі. Прыемным падарункам для жыхароў вёскі сталі лаўкі, вырабленыя работнікамі Грабянецкага лясніцтва, якія ўдала аздобілі імправізаваную сцэнічную пляцоўку.
Напрыканцы фэсту яго ўдзельнікі частаваліся прыгатаванымі стравамі. Разыходзіцца не хацелася, бо бульба сапраўды з’яднала нават незнаёмых дагэтуль людзей.
Шчырая ўдзячнасць – кіраўнікам арганізацый, якія падтрымалі свята: дырэктару Мінскай абласной сельскагаспадарчай доследнай станцыі Ігару Забаронку, дырэктару Чэрвеньскага псіханеўралагічнага дома-інтэрната Уладзіміру Семіжону, ляснічаму Грабянецкага лясніцтва Аляксандру Корзуну, а таксама – пчаляру Але Буянковай, якая наладзіла продаж духмянага мёду і пачаставала ім артыстаў.
Галіна НІЦІЕЎСКАЯ,
загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Чэрвеньскай цэнтральнай раённай бібліятэкі.
Фота Аляксея
СЦЕПАНЦОВА

