Режим работы
Режим работы
  • пн
  • вт
  • ср
  • чт
  • пт
  • сб
  • вс
8:30-13:00 | 14:00-17:30
08 октября 2018

Галоўная ўзнагарода настаўніцы Соф’і Рудзік - павага і ўдзячнасць вучняў

Абраўшы прафесію педагога, Соф’я Уладзіміраўна Рудзік, настаўніца англійскай мовы СШ№4, засталася верная ёй па сённяшні дзень. Прысвяціўшы сябе педагагічнай дзейнасці, заўсёды адчувала высокую адказнасць за свой выбар. І вось ужо 40 гадоў упэўнена нясе факел ведаў падрастаючаму пакаленню.

У сям’і Соф’і Уладзіміраўны настаўнікаў не было. Тата працаваў брыгадзірам трактарнай брыгады, мае высокую ўзнагароду — “Знак Пашаны”, мама рабіла цялятніцай і ўвесь час была ў перадавых. Бацькі былі паважанымі людзьмі на Уздзеншчыне, дзе прайшло дзяцінства Соф’і, а для дзяўчыны — самы высокі ўніверсітэт і галоўнае багацце. Таму яшчэ з маленства на ўсё жыццё яна ўсвядоміла, што адносіцца да сваёй справы, дзе б ні працаваў, трэба адказна, з душой, каб людзі паважалі, а бацькі ганарыліся. Гэтым і кіравалася ўвесь час. Старалася добра вучыцца ў школе, куды хадзіла кожны дзень у суседнюю вёску за тры кіламетры. Ды і сорамна было дрэнныя адзнакі атрымліваць, бо ў класе ўсе вучні вучыліся добра. Дзесяць чалавек з 15-ці выпускнікоў паступілі ў той час пасля заканчэння школы ў вышэйшыя навучальныя ўстановы. І сёння з цеплынёй узгадвае Соф’я Уладзіміраўна сваіх настаўнікаў і дзякуе за добрыя веды, выхаванне, за ўвагу, цяпло і шчырасць. Многія з іх паўплывалі на выбар будучай прафесіі дзяўчыны. Ды і бабуля, татава маці, хацела бачыць сваю ўнучку настаўніцай. Так з’явілася жаданне паступіць у Інстытут замежных моў, куды, дарэчы, адразу прайшла па конкурсу. Яна добра ўсведамляла, што настаўніцкая праца вельмі неспакойная, патрабуе высокай адказнасці і арганізаванасці, пастаяннага эмацыянальнага напружання і бясконцай энергіі. Толькі чалавек высокага абавязку, вялікай і чулай душы, добрага і цярплівага сэрца можа справіцца з гэтай цяжкай задачай. Усе гэтыя якасці ўласцівыя Соф’і Уладзіміраўне, якая здольная запальваць праменьчыкі і зоркі ў кожнай дзіцячай душы. Яе самаадданая педагагічная дзейнасць, невычэрпны жыццёвы энтузіязм заўсёды будуць галоўным арыенцірам лепшых чалавечых якасцей для ўсіх, хто мае і меў шчасце ў яе вучыцца. Многія вучні Соф’і Уладзіміраўны пайшлі яе шляхам, абраўшы прафесію настаўніка замежных моў, і цяпер паспяхова працуюць у розных школах і гімназіях рэспублікі. І як не ганарыцца ёй сваімі вучнямі, якія, быццам губка, уцягвалі кожнае яе слова, дасканала вывучалі кожную тэму, а потым на ўступных экзаменах чулі ад камісіі здзіўленае пытанне: хто быў рэпетытарам? А потым, даведаўшыся, што такія выдатныя веды па англійскай мове атрыманы на школьных уроках, шчыра здзіўляліся, маўляў, няўжо ў школе яшчэ засталіся такія настаўнікі?

Былыя выпускнікі заўсёды тэлефануюць ёй і з гордасцю расказваюць пра свае поспехі. Вось і нядаўна адзін з іх паведаміў, што на экзамене па англійскай мове атрымаў восем балаў.

З першых дзён настаўніцкай працы яна пераканалася, што ўсмешка больш эфектыўная, чым абурэнне і раздражненне. Наогул, у Соф’і Уладзіміраўны мяккі, але настойлівы стыль працы. З дзецьмі заўсёды добрыя адносіны, поўнае паразуменне і павага. Яна сцвярджае, што настаўнік павінен, як клапатлівы садоўнік, дабро гадаваць у сэрцах вучняў, таму што ён — канструктар чалавечых душ. Гэтаму вучылі яе старэйшыя калегі, з якімі ёй пашчасціла працаваць. З павагай узгадвае яна сваё першае месца работы ў Вайнілаўскай школе, яе тагачаснага дырэктара Міхаіла Міхайлавіча Рускевіча, яго бацьку, настаўніка Міхаіла Емяльянавіча Рускевіча, калегу Уладзіміра Аляксеевіча Куліка. Пазней, у сярэдняй школе №4 шчодра дзяліліся з ёй вопытам настаўніцкай работы Яўген Антонавіч і Аляксандра Пятроўна Несцяровіч, Эма Міхайлаўна Анціпенка.

— Той, хто жадае вучыцца, той і ў школе набывае добрыя веды, — зазначае Соф’я Уладзіміраўна. – Я прымушаю, канешне, бо без строгасці і патрабавальнасці вынікаў не будзе. Але раблю гэта па-добраму, без канфліктаў.

Соф’я Уладзіміраўна заўсёды аддае шмат часу таму, што любіць, што сілкуе яе душу і розум. Яна жыве па прынцыпу: у вольны час — добрая кніга, падарожжа, пры дрэнным настроі — песня. Ужо шмат гадоў з першых дзён існавання народнага ансамбля народнай песні “Вербніца” яна пастаянная яго ўдзельніца. Некалькі разоў на тыдзень наведвае рэпетыцыі, заўсёды з задавальненнем зацягвае песню ў асяроддзі сяброў. А ў дзяцінстве Соф’я захаплялася спортам: займалася бегам на 400 метраў, баскетболам, паказвала добрыя вынікі. Да гэтага часу захоўвае настаўніца свае Граматы за спартыўныя дасягненні.

Побач з імі – нядаўнія ўзнагароды за пэўныя заслугі ў педагагічнай дзейнасці: Граматы ад Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, упраўлення па адукацыі Мінаблвыканкама, Чэрвенскага райвыканкама і раённага ўпраўлення па адукацыі спорту і турызму.

Соф’я Уладзіміраўна раз-пораз разглядае старыя фатаздымкі. Яны для яе, як водгук мінулых гадоў, якія прымушаюць азірнуцца, прайсціся па жыццёваму шляху: яны нібы супакойваюць, расслабляюць, здымаюць напружанне. Настаўніца ў думках вяртаецца ў родныя мясціны, у вёсачку Хатляны. Часцяком яна адчувае настальгію па ёй. Пайшлі з жыцця тата і маці, але бацькоўскі дом увесь час кліча яе, і сэрца туды рвецца. Тады разам з дачкой і дзвюма сёстрамі яна наведвае сваю малую радзіму. З цягам часу ўсё гэта становіцца больш каштоўным. Кожны раз шчыміць сэрца, ахінаюць успаміны, іншым разам набягаюць слёзы. Магчыма, гэта іскры шчасця ад сустрэчы з юнацтвам?..

У дзень прафесійнага свята Соф”я Уладзіміраўна будзе прымаць не толькі віншаванні, але і словы ўдзячнасці, любві, павагі ад цяперашніх і былых сваіх вучняў.

Ці не гэта з’яўляецца вышэйшай ўзнагародай для сапраўднага настаўніка!

Таццяна МАРЦЬЯНАВА.
Фота аўтара

Инвестиционные предложения

Инвестиционные предложения

Туристические объекты района

сброс