Режим работы
Режим работы
  • пн
  • вт
  • ср
  • чт
  • пт
  • сб
  • вс
8:30-13:00 | 14:00-17:30
18 октября 2018

«Гаспадынька» змяніла месца жыхарства

Заключнае мерапрыемства Тыдня маці адбылося ў Валявацкім сельсавеце. Лялька “Гаспадынька” – своеасаблівая эстафета, якая падарожнічае з аднаго сельсавета ў другі на працягу некалькіх гадоў, перасялілася ў Руднянскі сельсавет . Ад Алены Чыканоўскай, старшыні сельвыканкама яна перайшла да Таццяны Сарока, кіруючай справамі Руднянскага сельвыканкама. Менавіта ў Рудні адбудзецца ў наступным годзе чарговае святкаванне Дня маці.

Сустрэўшы ў Валевачах дэлегацыю жанчын-удзельніц мерапрыемства, Алена Чыканоўская адзначыла, што “Гаспадынька” прынесла з сабой шмат клопатаў і хваляванняў. За год, які прайшоў з мінулага свята, многае было зроблена па добраўпарадкаванні вёскі Валевачы. Яна распавяла пра сучаснае яе жыццё.

18 10 2018 5

Валевачы – прывабнае месца для пражывання, маюцца ўсе ўмовы – ёсць уся інфраструктура, будуецца жыллё, выдзеляюцца зямельныя ўчасткі, набываюць новае аблічча прыватныя дамы.

На ганку будынка сельвыканкама жанчын сустракалі хлебам-соллю і песнямі работнікі культуры. Затым жанчыны накіраваліся ў Валевачоўскую ўрачэбную амбулаторыю. Галоўны ўрач Чэрвенскай цэнтральнай раённай бальніцы Андрэй Прахарэнка распавёў пра дзейнасць ўстаноў аховы здароўя ў раёне і адказаў на пытанні жанчын, якіх цікавіла работа жаночай кансультацыі, праблемы парадзіх і ўльтра-гукавага абследавання.

Экскурсію па амбулаторыі правёў яе загадчык Аляксандр Шубнікаў.
У Чарнаградскім дзіцячым садку ўдзельніц свята таксама віталі песнямі яго работнікі, а выхаванцы – вершыкамі, прысвечанымі маці. Усе жанчыны атрымалі падарункі – драўляныя лапаткі для кухні. Уздоўж дарожкі ў гэтай ўстанове дашкольнай адукацыі пасадзілі традыцыйную “Алею маці” . А ў Чарнаградскім сельскім Доме культуры кіраўнік гуртка “Умелыя рукі” Святлана Баўрына пазнаёміла са сваёй установай, паказала вырабы, якія ствараюць яго наведвальнікі. Некаторыя мяккія цацкі жанчыны купілі сабе ў падарунак.

З задавальненнем пачаставаліся духмянай кавай ў гасціннага гаспадара ААТ “ИммаСтарКомпани” Аляксандра Жадана. Дарэчы, ён аказаў спонсарскую дапамогу для правядзення гэтага свята.

Затым накіраваліся ў вёску Грабёнка. У царкве Святога Архангела Міхаіла айцец Генадзь павіншаваў усіх жанчын са святам, пажадаў здароўя і, каб захоўваў усіх людзей прасцёрты над імі Пакроў Прасвятой Багародзіцы. Святар правёў малебен і прачытаў пропаведзь. На ганку храма ўсе сфатаграфаваліся на памяць .
Салодкі стол і канцэртная праграма чакалі ўдзельніц свята ў сталовай СВФ “Аграбуд” ААТ “Мінскжалезабетон”. Добры настрой стваралі самадзейныя артысты: Анатоль Кеда, Міхаіл Елісееў, Ірына Краснагір, Людміла Мельнік, Людміла Рыжык і Наталля Сінягіна.

Многа цёплых слоў было сказана ў адрас гераінь свята начальнікам упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва райвыканкама Аленай Калтовіч, старшынёй райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Ларысай Ефіменка, намеснікам начальніка ўпраўлення па адукацыі, спорту і турызму Вольгай Лосік. Жанчыны атрымалі невялікія падарункі і кветкі.

Падчас святкавання высветлілася, што ў Людмілы Пац з вёскі Клінок – дзень нараджэння. Усе дружна яе павішавалі, а Любоў Джафарава ад раённай арганізацыі грамадскага аб’ядання “Беларускі саюз жанчын” уручыла падарунак – білет на канцэрт Германа Цітова.

А яшчэ жанчыны прынялі ўдзел у акцыі “Павіншуем маму разам”, арганізаванай старшынёй раённага аб’яднання прафсаюзаў Вольгай Коцінай у рамках рэспубліканскай акцыі, якая ладзіцца штогод Федэрацыяй прафсаюзаў Беларусі. На падрыхтаваных канвертах жанчыны напісалі адрасы сваіх мам і ўклалі туды віншавальныя паштоўкі.

Таццяна МАРЦЬЯНАВА.
Фота аўтара

Инвестиционные предложения

Инвестиционные предложения

Туристические объекты района

сброс