У сельскагаспадарчым вытворчым філіяле «Аграбуд» ААТ «Мінскжалезабетон» гэтымі днямі актыўна ўбіраюць кукурузу на зерне.
— Сёлета мы вырошчвалі яе на 400 гектарах, — распавядае галоўны аграном СВФ «Аграбуд» Леанард Мельнік. — Назапасілі 7 тысяч 16 тон сіласу з 250 гектараў, астатняе пакінулі на зерне. З больш чым паловы ўборачнай плошчы намалацілі яго ўжо 954 тоны. Ураджайнасць радуе: у сярэднім з гектара маем 93 цэнтнеры зерня.
– Пад гэтую культуру мы ўнеслі поўныя дозы арганічных і мінеральных угнаенняў, якасным прэпаратам правялі хімпраполку, – працягвае Леанард Мельнік. – Прыемна, што праца і ўкладзеныя сродкі не прапалі марна…
Сёлета пры ўборцы кукурузы ў гаспадарцы, нароўні з традыцыйнай дапрацоўкай зерня, асвойваюць тэхналогію яго закладкі ў герметычныя поліэтыленавыя рукавы метадам плюшчэння з дабаўленнем кансерванту. Для гэтага набылі плюшчылку вытворчасці Шчучынскага рамонтнага завода, якая агрэгатуецца з трактарам.
Як патлумачыў Леанард Мельнік, гэта дасць магчымасць істотна знізіць выдаткі на сушэнне зерня, паколькі ў рукавы яно закладваецца з вільготнасцю сорак працэнтаў, што амаль адпавядае натуральнай.
А яшчэ на гэтым тыдні ў СВФ “Аграбуд” пачалі касьбу траў трэцяга ўкосу. Убраўшы люцэрну, а таксама яе сумесь з канюшынай і цімафееўкай, у гаспадарцы разлічваюць цалкам забяспечыць патрэбу буйной рагатай жывёлы ў сенажы.
Вядуць у сельгасфіліяле і ворыва зябліва. Пакуль не задажджыла, тут спяшаюцца заараць найбольш нізкія ўчасткі.
Ігар АДАМОВІЧ.
Фота аўтара

