Алена Уладзіміраўна Хурсевіч – малодшая медыцынская сястра аддзялення забеспячэння кругласутачнага знаходжання Чэрвенскага раённага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва ў вёсцы Рудня. Яе агульны стаж работы з хворымі і нямоглымі людзьмі налічвае ўжо 27 гадоў. Спачатку была санітаркай ў Руднянскай участковай бальніцы, а апошнія дванаццаць гадоў жанчына працуе ў аддзяленні забеспячэння кругласутачнага знаходжання.
Алена мае інваліднасць. Бацькі дзяўчынку шкадавалі, аберагалі ад цяжкасцей. Але ж так не можа доўжыцца ўсё жыццё – выпрабаванні таксама выпалі на яе долю. Давялося загартоўваць характар, і за дапамогай жанчына заўсёды звярталася да Усявышняга. Менавіта гэта дапамагала і дапамагае ёй набыць душэўную раўнавагу і спакой, а яшчэ дае сілы спраўляцца з работай. А яна ў аддзяленні няпростая. Сюды трапляюць людзі састарэлыя, інваліды, пакінутыя дзецьмі, іншы раз і тыя, хто быў калісьці пазбаўлены волі… Тут трэба мець вытрымку, спагаду, цярпенне, умець выслухаць чалавека і падтрымаць, суцешыць…
— Я тут і нянька, і мамка, і псіхолаг, і “доктар”, — сведчыць Алена Уладзіміраўна. — Бо некаторыя прыходзяць сюды на пражыванне і, бывае, не лічацца з парадкамі, якіх павінны прытрымлівацца. Іншы раз, як малых дзяцей, даводзіцца вучыць элементарнаму: мыцца, распранацца на ноч, берагчы матэрыяльныя каштоўнасці…
Алена Уладзіміраўна лічыць, што кожнаму чалавеку Бог дае выпрабаванні. І прачытала такі верш:
Не ропщи на суровую долю,
Крест свободно тяжёлый неси,
Уповай лишь на Божью волю
И терпенья, и силы проси.
Бог послал тебе испытанье,
Чтоб окрепнуть в тяжёлой борьбе.
И те муки, и сердца страданье
В этой жизни на пользу тебе…
Кожная жыццёвая сітуацыя, нават самая цяжкая, штосьці нясе – жыццёвы вопыт, моцнасць духу. І не займаць яго жанчыне. Адна выгадавала дваіх дзяцей — дачку Аляксандру і сына Рамана. Ёсць чатырохгадовы ўнучак Мацвей – самая вялікая радасць Алены…
Стараецца яна зрабіць утульным свой дом, штосьці рамантуе, перабудоўвае. Дзеці дапамагаюць. Ніякіх асаблівых захапленняў няма. У юнацтве любіла маляваць, а потым закруцілі жыццёвыя клопаты, не да таго было…
Затое цяпер Алена Уладзіміраўна – самая актыўная ўдзельніца мастацкай самадзейнасці, якая добра арганізавана ў аддзяленні. Была таксама і артысткай самадзейнага тэатральнага гуртка ў мясцовым клубе. Жыве яна ў Краснай Ніве, да работы дабіраецца на веласіпедзе, і гэтыя вандроўкі лічыць вельмі прыемнымі, асабліва ў такую прыгожую восень…
Таццяна МАРЦЬЯНАВА.
Фота аўтара

