Пра гэтую традыцыю я даведалася зусім нядаўна, і з’явілася ідэя адрадзіць яе і стварыць тым самым так званы “клуб па інтарэсах”. Жанчыны-аднавяскоўцы адгукнуліся з энтузіязмам. І ў першую суботу лістапада ў мясцовым Доме культуры прайшла першая сустрэча. Супала яна з традыцыйным народным святам “Дзядамі”.
Тэма пасяджэння акрэслілася сама сабой. Прыйшлі ўдзельніцы з фотаздымкамі сваіх бацькоў, бабуль, дзядоў, сваякоў. Здавалася, зусім побач з намі постаці тых, каго ўжо няма. Асяроддзе напоўнілася ўспамінамі: шчымлівымі і жартоўнымі. За кубачкам гарбаты вялася ажыўленая гутарка. Разыходзіцца не хацелася.
Дружна дамовіліся аб наступнай сустрэчы. А ў зале засталася светлая, добрая аўра прыемных зносін эмоцый, надзей.
Вольга МАНЮШКА,
загадчык Шасціснопскага сельскага Дома культуры.
Фота аўтара

