Але ў 2009-м надарыўся круты паварот лёсу: педагог па адукацыі перакваліфікавалася ў жывёлаводы, стаўшы брыгадзірам малочнатаварнай фермы “Чарнава” філіяла “Агра-Бокс Заатэх” СП “Унібокс”.
– Так сталася, што я адна выхоўвала траіх дзяцей, – распавядае Святлана Бакунец. – На той час сыну было чатырнаццаць гадоў, дочкам – дванаццаць і пяць. Настаўніцкай зарплаты не хапала, таму хадзіла з мамай падпрацоўваць на ферму: добраўпарадкаваць тэрыторыю, садзіць кветкі. Там і атрымала ад колішняга дырэктара гаспадаркі Юрыя Мартыненкі нечаканую прапанову стаць брыгадзірам. Школа наша зачынялася ўжо, а заробак на ферме прапанавалі амаль удвая большы, чым мела. Са шкадаваннем пакідала педагагічную працу, якую любіла і люблю дагэтуль, але трэба было падымаць на ногі сваіх дзяцей. Дзякуй бацькам, якія ў няпросты жыццёвы перыяд падзялілі са мной клопаты аб іх.
Як узгадвае Святлана Мікалаеўна, першы год на новым месцы выдаўся вельмі цяжкім. Трэба было асвойваць азы кіравання калектывам, разбірацца ў высокатэхналагічных вытворчых працэсах. Да таго ж, мяккая па характару, інтэлігентная жанчына не адразу прызвычаілася да стасункаў з жывёлаводамі, якія, з-за спецыфікі працы, у большасці сваёй маюць круты і суровы нораў. Па начах плакала ў падушку, ад перажыванняў за два месяцы схуднела на дваццаць кілаграмаў.
– Быў момант, калі хацела ўсё кінуць, – прызнаецца Святлана Мікалаеўна. – Але неўзабаве дырэктарам філіялу стаў апантаны і няўрымслівы Аляксандр Аляксандравіч Рубан. Ён пераканаў мяне, што ўсё атрымаецца, многаму навучыў. З вопытам прыйшла ўпэўненасць у сваіх сілах.
Увогуле, мне шчасціць на добрых кіраўнікоў. З цяперашнім дырэктарам Аленай Іванаўнай Алай таксама прыемна і камфортна працаваць.
Сёння пад адказнасцю брыгадзіра – 38 жывёлаводаў, 1280 галоў буйной рагатай жывёлы, у тым ліку – 1005 кароў. Перажыўшы фінансавы крызіс, калектыў фермы вярнуў сабе часова страчаныя пазіцыі лідара малочнай вытворчасці сярод гаспадарак раёна: зараз тут штодня надойваюць у сярэднім ад каровы амаль па 19 кілаграмаў малака. А Святлана Бакунец сёлета стала пераможцай раённага спаборніцтва за дасягненне лепшых паказчыкаў у развіцці аграпрамысловага комплексу.
Фота Ігара АДАМОВІЧА

