Ён нагадаў, што супраць адмены смяротнага пакарання на рэспубліканскім рэферэндуме прагаласавалі больш за 82 працэнты яго ўдзельнікаў. Перагледзець гэтае пытанне маюць паўнамоцтвы Прэзідэнт Беларусі і парламент. Аднак пазіцыя кіраўніка дзяржавы тут вядомая: як вырашыў народ, так і павінна быць.
– Прынамсі ў бліжэйшыя два гады вяртання да гэтага пытання чакаць не варта, – сказаў Пётр Атрошчанка. – Калі толькі не адбудзецца рэферэндум, што малаверагодна.
Паводле слоў дэпутата, не будзе і кардынальных змяненняў у артыкул 328 Крымінальнага кодэксу, які тычыцца незаконных аперацый з наркотыкамі. Адзінае, што плануецца – зменшыць ніжні парог тэрмінаў пакарання: па частцы 2 – з 6 да 4 гадоў, па частцы 3 – з 8 да 6 гадоў.
На сустрэчы Пятра Атрошчанкі з прадстаўнікамі працоўнага калектыву Чэрвенскага лясгаса ішла гаворка аб праблемных пытаннях лясной галіны. Бліжэйшым часам яны будуць абмяркоўвацца ў парламенце. Таму дэпутат заклікаў работнікаў лясгаса далучыцца да ўнясення прапаноў па змяненнях у лясное заканадаўства.
Таксама Пётр Атрошчанка правёў прыём грамадзян, падчас якога да яго звярнуліся жыхары вёскі Раванічы. Яны папрасілі падтрымкі ў газіфікацыі вёскі. Галоўная праблема – у фінансаванні будаўніцтва газаправода высокага ціску працягласцю каля 22 кіламетраў. Дэпутат паабяцаў прапрацаваць гэтае пытанне на абласным і рэспубліканскім узроўнях.
Ігар АДАМОВІЧ.
Фота аўтара

