– Наталля Мікалаеўна, вядома, што калектыў вашага аддзялення невялікі. Але, мяркуючы па тым, што запатрабаванасць працэдур, якія вы выконваеце, з кожным годам узрастае, нагрузка на супрацоўнікаў даволі высокая…
… – Сапраўды, нас не так ужо і шмат. Разам са мной працуюць інспектар аддзялення старшы лейтэнант міліцыі Дзмітрый Агурцоў, пашпартысты Жанна Знаскевіч і Кацярына Невяроўская, а таксама вядучы спецыяліст па рэгістру насельніцтва Ларыса Шаўчэнка.
Што да нагрузкі, мяркуйце самі. Сёлета за адзінаццаць месяцаў мы ажыццявілі 3354 адміністрацыйныя працэдуры. Пераважна гэта задавальненне заяў грамадзян: на выдачу пашпартоў, віз, запрашэнняў, відаў на жыхарства, дазволаў на пастаяннае і часовае пражыванне для іншаземцаў. Адных толькі пашпартоў аформлена больш за дзве тысячы.
– Так шмат!? Гэта, мабыць, неяк звязана з тым, што набірае папулярнасць сямейны адпачынак за мяжой?
– Сапраўды, калі бацькі едуць адпачываць у іншую краіну з дзецьмі, то наяўнасць пашпарта ў дзяцей абавязковая, незалежна ад іх узросту. Выключэнне складае Расійская Федэрацыя. Але і пры выездзе ў гэтую краіну мы рэкамендуем аформіць дзецям пашпарты. Так што нават у некаторых малых, якія толькі навучыліся хадзіць і размаўляць, ужо ёсць гэты дакумент.
Іншая прычына, па якой грамадзяне вымушана мяняюць пашпарты – заканчэнне старонак для адзнак пры перасячэнні мяжы. Тыя ж так званыя дальнабойшчыкі выконваюць гэтую працэдуру раз у два-тры гады. Рэдка, але здараецца, што грамадзяніну ўжо няма куды ставіць штамп аб заключэнні або скасаванні шлюбу…
Але пераважная большасць мяняе пашпарт у сувязі з заканчэннем тэрміну яго дзеяння. Бо такі дакумент з’яўляецца несапраўдным.
– Вы неяк кантралюеце выкананне грамадзянамі пашпартнага рэжыму па гэтай пазіцыі?
– Безумоўна. У нас ёсць тэхнічная магчымасць выяўляць асоб, якія маюць рэгістрацыю на тэрыторыі раёна, але жывуць па несапраўднаму пашпарту. Мы накіроўваем ім паведамленні з просьбай неадкладна прыйсці да нас, каб аформіць дакументы для замены пратэрмінаванага дакумента. На жаль, рэагуюць на нашы просьбы-напаміны не ўсе. З пачатку года давялося прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне пашпартнага рэжыму 156 жыхароў раёна. Абсалютным “чэмпіёнам” сёлета стаў мужчына, які жыў па несапраўднаму дакументу 14 (!) гадоў. Пашпарт яму быў непатрэбны, пакуль не надышоў час афармляць пенсію…

