Режим работы
Режим работы
  • пн
  • вт
  • ср
  • чт
  • пт
  • сб
  • вс
8:30-13:00 | 14:00-17:30
20 марта 2019

Медыяпраект «Міншчына дзіўная»: Курган Славы і Вялікі камень

Смалявічы ўпершыню ўзгадваюцца ў летапісе 1448 года. Дарэчы, назва горада пайшла ад смалы – галоўным промыслам старажытных смалявічан была яе здабыча. Усяго на тэрыторыі Смалявіцкага раёна знаходзіцца 22 помніка, уключаных у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь. Сярод іх 12 помнікаў гісторыі, 7-археалогіі і 3-архітэктуры.

У Смалявіцкім раёне знаходзіцца знакавы для гісторыі сучаснай Беларусі аб’ект — мемарыяльны комплекс «Курган славы». Манумент узведзены ў памяць аб гераізме савецкіх салдат і афіцэраў. У аснове ўзгорка вышынёй 35 метраў закладзеная зямля усіх гарадоў-герояў былога Савецкага Саюза. На вяршыні пагорка ўзвышаецца скульптурная кампазіцыя з чатырох штыкоў, якія сімвалізуюць франты, што змагаліся за вызваленне Беларусі. Ад падножжа кургана да іх вядуць дзве лесвіцы — па 241 прыступкі кожная.
Сярод іншых гісторыка-культурных каштоўнасцяў, якімі славіцца край Смалявіцкі, асаблівае месца займае комплекс былой сядзібы «Алесіна» сярэдзіны ХІХ стагоддзя.
У невялікай сядзібе, паводле мясцовых легенд, жыла Паўліна Манюшка, унучка Станіслава Манюшкі. Сёння ў вёсцы працуюць сельскі Дом культуры, сярэдняя школа, паштовае аддзяленне, магазіны, кафэ, мясцовая сельская ўрачэбная амбулаторыя.

Штогод шматлікія групы паломнікаў і турыстаў прыязджаюць у мужчынскі манастыр у гонар Дабравешчання Прасвятой Багародзіцы ў вёсцы Малыя Ляды. Вакол мясцовай славутасці існуе легенда. Адзін з летапісцаў манастыра, гісторык архімандрыт Мікалай (Трускоўскі), у 1864 годзе пісаў: «Царыца Нябесная злітавалася над мясцовым людам з-за яго цяжкай працы і бездухоўнага побыту і захацела ўмацаваць яго сваёй жыватворнай дапамогай. Яна, з’явіўшыся селяніну па імені Кірык, паказала месца для ўзвядзення праваслаўнай царквы, якая і была пабудаваная лядзенскім і вакольным насельніцтвам у апошняй чвэрці XVII ст.». З тых часоў святыня некалькі разоў знікала з карты і адбудоўвалася нанова.

Смалявічы знакамітыя і тым, што тут знаходзіцца помнік святому Валянціну. Каменная скульптура, усталяваная ў 2008 годзе, досыць унікальная, бо помнікаў святому Валянціну на постсавецкай прасторы ўсяго два — другі знаходзіцца ў Маскве. Лічыцца, што дотык да далоні апекуна закаханых можа прынесці шчасце.
У 25 кіламетрах ад Смалявічаў раскінуўся Кітайска-Беларускі індустрыяльны парк «Вялікі камень».

Гэта спецыяльная тэрыторыя, адведзеная для размяшчэння новых вытворчасцяў і інфраструктуры. Тут створаны ўсе адміністрацыйна-прававыя ўмовы для вядзення бізнесу. Індустрыяльны парк раскрывае патэнцыял Беларусі як камунікацыйнага звяна паміж СНД і Еўропай, дае магчымасць бяспошліннага ўваходу на рынак краін Мытнага саюза і Адзінай эканамічнай прасторы.

На тэрыторыі Смалявіцкага раёна, побач з вёскай Емяльянава, знаходзіцца яшчэ адно ўнікальнае збудаванне — адзіная ў Беларусі і ў краінах СНД станцыя спадарожнікавай сувязі, якая ажыццяўляе электронную сувязь з Індыяй, Кітаем, ЗША, Ізраілем і шэрагам іншых краін.

Наведаўшы Смалявічы ў жніўні, можна стаць сведкам відовішчнага мерапрыемства — чэмпіянату па торфафутболе, які праводзіцца акурат на тарфяных радовішчах торфабрыкетнага завода «Усяж» ужо шмат гадоў. Гульня ў мяч у вязкім торфе стала брэндам раёна.

Можна назваць традыцыйным і міжнародны арт-пленэр педагогаў-мастакоў «Лета ў правінцыі». Выкладчыкі школ мастацтваў Беларусі і Расіі, ВНУ і студый збіраюцца і малююць карціны на пэўную тэму, затым выставу творчых работ прымаюць выставачныя залы і галерэі Беларусі.

Смалявіцкі край — радзіма многіх вядомых людзей, якія сваёй дзейнасцю праславілі Беларусь. Сярод іх — этнограф і географ Эдуард Пякарскі, астраном Гаўрыіл Ціхаў, батанік, былы прэзідэнт Акадэміі навук БССР Васіль Купрэвіч, пісьменнікі Ігнат Дубоўскі, Мікола Нікановіч, Уладзімір Юрэвіч, Іван Сіняўскі, заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Таццяна Мархель, алімпійскія чэмпіёнкі Антаніна Кошаль і Марына Лобач.

Галерея изображений

Просмотреть встроенную фотогалерею в Интернете по адресу:
https://cherven.gov.by/ru/novosti-rajona/item/6518-medyyapraekt-minshchyna-dzi%D1%9Enaya-kurgan-slavy-i-vyaliki-kamen.html#sigProId1fa726034c

Инвестиционные предложения

Инвестиционные предложения

Туристические объекты района

сброс