У сельскагаспадарчым вытворчым філіяле “Новыя Зелянкі” адкрытага акцыянернага таварыства “Мінскі малочны завод №1” скасілі ўжо 86 працэнтаў траў першага ўкосу ад неабходнага. На гэтым тыдні тут завяршылі закладку сенажу. Больш за 4500 тон бабова-злакавай сумесі затрамбавалі ў траншэі і каля 300 тон назапасілі рулонным спосабам у палімерную ўпакоўку.
– У самым пачатку нарыхтоўкі кармоў непакоіліся, каб не падвяла тэхніка, – кажа дырэктар гаспадаркі Уладзімір Лаўрык. – Бо, на жаль, сёлета не мелі магчымасці абнавіць машынна-трактарны парк. Зразумела, наяўныя сельгасмашыны старанна адрамантавалі, але ім па 7-8 гадоў ужо. З улікам нагрузак, якія выпадаюць штогод на долю кормаўборачнай тэхнікі, гэта амаль гранічны для яе “ўзрост”. Але, дзякуй Богу, прафесіяналізм нашых механізатараў, іх сумленнае стаўленне да працы дазволілі правесці касавіцу практычна на адным подыху. Засталося ўбраць каля 100 гектараў траў на сена…
Сельгасфіліял “Новыя Зелянкі” мае на сёння адну з лепшых сярод гаспадарак раёна забяспечанасць кармамі ў разліку на ўмоўную галаву жывёлы – 7,31 цэнтнера кармавой адзінкі. Гэта амаль удвая больш, чым было на такі ж час летась.
Наперадзе – другі ўкос траў. І, канешне ж, увосень важкім рэзервам для папаўнення кармавых запасаў будзе кукуруза, якая займае на палетках сельгаспрадпрыемства 480 гектараў. Днямі тут завяршылі яе хімапрацоўку і пачалі падкормку. З улікам кукурузы, сёлета ў гаспадарцы разлічваюць назапасіць не менш за 34 цэнтнеры кармавой адзінкі кармоў на ўмоўную галаву жывёлы.
Ігар АДАМОВІЧ. Фота аўтара

