Складваецца ўражанне, што тут працаваў спецыяліст. Я не памылілася: Алена Юльянаўна паведаміла, што размеркаваць пасадкі раслін дапамагала дачка, а яна дыпламаваны фларыст. (Зараз яна займаецца іншай справай).
На падворку добра адчуваюць сябе расліны як з паўночных, так і з паўднёвых шырот: японская вербачка – хакіра нішакі, разнастайныя віды спірэй, пузыраплоднікаў, біручына, рабіннік, юка, купена, прутковае проса, клемацісы, самшыт. Шмат хвойных: коніка, разнастайныя туі, елка круглая, елка канадская і кветкавых раслін: півоні, ружы, лілеі, цюльпаны і іншыя. Прычым, кветкі радуюць гаспадыню ўвесь вегетацыйны сезон: зацвітаюць, змяняючы адна адну.
Ёсць і агарод. Роўнымі радочкамі растуць памідоры і бульба, якая ўжо цвіце.
Алена Юльянаўна, скончыўшы Мінскі педагагічны інстытут, паехала працаваць на Палессе. У Пінску выкладала гісторыю ў школе, працавала намеснікам дырэктара ў тэхнікуме. Была на савецкай і партыйнай рабоце.
Малая радзіма ўвесь час была ў думках жанчыны: хацела вярнуцца на Чэрвеньшчыну. Тут пахаваны тата, сястра і мама, Ганна Іванаўна Храмава, якая сорак гадоў адпрацавала ў Грабянецкай школе. Мара спраўдзілася. Зараз ў Алены Юльянаўны і яе мужа Альберта Людвігавіча (ён будаўнік, працаваў у меліярацыі) дыхтоўны дом, які дапамглі выбраць у Чэрвені сваякі.
У Пінску таксама было добрае жыллё і падворак, вось і тут стварылі прыгажосць, сярод якой прыемна жыць і сустракаць сяброў і сваякоў…
Таццяна МАРЦЬЯНАВА. Фота аўтара

