У сельскагаспадарчым вытворчым філіяле “Аграбуд” адкрытага акцыянернага таварыства “Мінскжалезабетон” гэтымі днямі ўбіраюць апошнія гектары скошаных траў. Першы ўкос выдаўся тут ураджайным. З яго нарыхтавалі 5347 тон сенажу (71 працэнт гадавой патрэбы) і 216 тон сена (48 працэнтаў). Сельгаспрадпрыемства мае лепшую ў раёне забяспечанасць кармамі ў разліку на ўмоўную галаву жывёлы – 11,24 цэнтнера кармавой адзінкі. Гэта на чатыры цэнтнеры кармавой адзінкі больш, чым было на такі ж час летась.

Вопытны механізатар Вячаслаў Койпіш гэтымі днямі ўбірае травы на сена рулонным прэс-падборшчыкам ПП-1450 “Спадар”. Гэтую тэхніку гаспадарка атрымала для абкаткі з Беларускай машынавыпрабавальнай станцыі. Яе адметная асаблівасць – высокая шчыльнасць намоткі рулонаў, што спрашчае ўмовы іх адвозкі і захоўвання.
– Стварэнню трывалай кармавой базы спрыяе тое, што мы кожны год падсяваем значныя аб’ёмы шматгадовых траў, – распавёў галоўны аграном гаспадаркі Леанард Мельнік. – У прыватнасці, летась падсеялі іх 375 гектараў. Гэта пераважна бабова-злакавыя сумесі – люцэрна, канюшына, цімафееўка. Шмат увагі надаём і догляду за сенажацямі. Кармавыя палеткі атрымліваюць дастатковыя дозы калійных і азотных угнаенняў…

Адразу два віды работ паспявае выконваць на сенажаці механізатар Уладзімір Бусянкоў. Пасля варушэння і зграбання сена ў валкі граблямі, ён убірае яго ў рулоны прэс-падборшчыкам.
Ігар АДАМОВІЧ.
Фота аўтара

