На сустрэчу да рабочых прыехаў кіруючы справамі райвыканкама Андрэй Яцко.
Асвятляючы асноўную тэму Дня інфармавання “Перамога. Незалежнасць. Памяць”, Андрэй Анатольевіч прыгадаў двух сваіх дзядоў, якія таксама ваявалі, зведалі ўсе цяжкасці ваеннага часу. “Памяць аб подзвігу савецкага народа, аб ахвярах, прынесеных дзеля міру, — сказаў Андрэй Яцко, — павінна жыць у вяках. Аб тых часах павінны ведаць нашы ўнукі і праўнукі, каб ліха вайны ніколі не паўтарылася”. Шмат увагі Андрэй Анатольевіч удзяліў і дадатковай тэме – “Дарослыя – будзьце ўважлівы”.
Прыводзіць у жах лічба ахвяр вады. На 14 чэрвеня ў рэспубліцы патанула 110 чалавек, з іх 13 – непаўналетнія. Студзяць кроў іншыя выпадкі смерці дзяцей. У большасці выпадкаў прычына няшчасцяў – недагляд за дзецьмі з боку бацькоў. Яскравыя прыклады: трохгадовы хлопчык падавіўся таблеткай, якую прызначыў урач, а маці не дадумалася яе змяльчыць. У другім выпадку гадавалы хлопчык падавіўся яблыкам, які дала яму маці. Паступова гаворка зайшла аб добраўпарадканні месц купання, населеных пунктаў. Андрэй Анатольевіч рассказаў аб перспектывах будаўніцтва новых аб’ектаў у Чэрвені і Смілавічах. Гэта безумоўна, парадавала работнікаў ПМК-237. Значыць будуць вытворчыя аб’ёмы, будзе заробак.
Галіна Гамеза. Фота аўтара

