Аўтапрабег праходзіў у чацвёрты раз і быў арганізаваны пры падтрымцы аддзела па ідэалагічнай рабоце, культуры і па справах моладзі райвыканкама. Яго ўдзельнікі праехалі па месцах баявых дзеянняў партызанскіх брыгад імя Шчорса, імя Кірава, “За Савецкую Беларусь”, “Разгром”. У ім, нягледзячы на шаноўны ўзрост, прынялі ўдзел ветэраны вайны Мікалай Фёдаравіч Козыраў і Акім Цітавіч Якаўлеў. Сімвалічна, што ў мерапрыемстве брала ўдзел моладзь: члены БРСМ, валанцёры Чырвонага Крыжа Андрэй Краўчанка, Аляксандр Няхай, Кірыл Краснагір і Марк Булойчык.
Па дарозе Любоў Джафарава, бібліятэкар аддзела бібліятэчнага маркетынгу, старшыня раённай арганізацыі Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа распавяла пра арганізацыю партызанскай брыгады імя Мікалая Шчорса, яе дзейнасць і пра партызан-флегантаўцаў.
Першы прыпынак зрабілі ля “Помніка землякам”, ўстаноўлены на вуліцы Мінскай ля вёскі Хвойнікі. Ён устаноўлены ў гонар 117 жыхароў, якія загінулі на франтах і ў партызанскіх атрадах, змагаючыся супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Ініцыятарам стварэння гэтага помніка быў Сямён Майсеевіч Стэльмашонак, былы старшыня калгаса “Бальшавік”.
Далей наведалі брацкія пахаванні партызан на могілках у Грабёнцы і помнік-абеліск землякам у цэнтры вёскі.
У Новых Зелянках зрабілі прыпынак ля помніка землякам у цэнтры вёскі, які ўстаноўлены ў гонар памяці 129 землякоў, якія загінулі ў Вялікай Айчыннай вайне. Абеліск пастаўлены ў 1966 годзе.
На тэрыторыі Руднянскага сельсавета дзейнічалі партызанскія брывгады “Разгром” і імя Шчорса. Тут у вёсцы Чарнава на мясцовых могілках знаходзяцца два брацкія пахаванні савецкіх воінаў і партызан, на якіх устаноўлены абеліскі.
У Рудні Любоў Джафарава распавяла пра тое, як партызаны арганізавалі засаду супраць афіцэраў гітлераўскага гарнізона. Тут наведалі помнік у цэнтры вёскі.
На могілках у вёсцы Кутузаўка наведалі брацкае пахаванне, у якім пахавана 40 воінаў і партызан. У 1958 годзе тут пастаўлена стэла.
Апошні прыпынак удзельнікі аўтапрабега зрабілі ў вёсцы Праўда. На мсцовых могілках знаходзіцца два брацкіх пахаванні. У адным пахавана 16 воінаў і партызан у другім – 13, якія загінулі ў 1941-1944 гадах у баях супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Ля кожнага помніка ўдзельнікі мерапрыемства хвілінай маўчання ўшанавалі памяць загінуўшых і ўсклалі кветкі.
Таццяна МАРЦЬЯНАВА. Фота аўтара

