Беларускаму паэту, празаіку, драматургу, публіцысту, перакладчыку, кінасцэнарысту ў гэтым годзе споўнілася 85 гадоў з дня нараджэння.
Старшыня клуба Уладзімір Дарагуж узгадаў, што яго знаёмства з пісьменнікам пачалося з кнігі “Зямля пад белымі крыламі”. Адзначыў, што Караткевіч навучыўся чытаць у тры з паловай гады, а першы верш напісаў у 6 гадоў. Дзякуючы Уладзіміру Георгіевічу ўдзельнікі клуба на мультымедыйнай устаноўцы паглядзелі пяціхвілінны фільм “Уладзімір Караткевіч”. З задавальненнем паслухаді голас самога пісьменніка на вечарыне, прысвечанай яго 50-годдзю. Потым паглядзелі фотаздымкі юбіляра з сябрамі і жонкай, звязаныя з Кіевам і Оршай…
Былы настаўнік роднай мовы і літаратуры Яўген Несцяровіч прадставіў сябрам клуба кнігу Алега Лойкі “Уладзімір Караткевіч вядомы і невядомы”. Ён узгадаў пра сваё сяброўства з пісьменнікам Алегам Лойкам. Расказаў пра дзяўчыну, якую ў студэнцкія гады кахаў Валодзя Караткевіч, пра тое, што пісьменнік пісаў па 17 гадзін у суткі…
Сябра клуба Уладзімір Шатэрнік пазнаёміўся з творчасцю Караткевіча ў канцы 80-х пачатку 90-х гадоў, калі набыў васьмітомнік пісьменніка.Ён прыгадаў свае любімыя творы. Быў сведкай, як здымаўся фільм па аднаіменнаму твору юбіляра “Сівая легенда”. На літаратурным вечары Уладзімір Уладзіміравіч прачытаў легенду з нарыса “Зямля пад белымі крыламі” пра тое, як бог дзяліў між народамі землі.
Напрыканцы сустрэчы сябры клуба Вера Хаткевіч, Васіль Шачок, Аляксандра Раманькова, Раіса Теляціцкая, Лідзія Манулік, Зоя Сушкевіч, Марыя Чаган чыталі вершы юбіляра. Потым з задавальненнем слухалі запісы песень на словы Уладзіміра Караткевіча “Нават сцюжым зімовым вечарам”, “Кветка-шыпшына”, ”Калі ідуць на абардаж” у выкананні Галіны і Барыса Вайханскіх, Таццяны Грыневіч-Матафонавай і Лявона Вольскага.
Святлана ЖДАНОВІЧ,
загадчыца аддзела
абслугоўвання і інфармацыі
Чэрвеньскай цэнтральнай бібліятэкі