Сам паэт родам з Вушаччыны (Віцебская вобласць). Пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, працаваў у рэдакцыях газет і часопісаў, у выдавецтвах. Выдаў звыш 100 зборнікаў лірыкі, гумару, перакладаў, кніг эсэ і ўспамінаў. За пераклады з латышскай мовы ўзнагароджаны ордэнам Трох Зорак – найвышэйшай узнагародай Латвіі. Творы рыгора Барадуліна перакладаліся на 40 моваў свету.
Гэта ўнікальны паэт. Ён непарыўна быў звязаны з жыццём і часам. У яго вершах чытачы знаходзяць свае думкі, свае мары, свае спадзяванні. А паэтычныя творы закранаюць патаемныя струны душы кожнага чалавека, і не важна, любіць ён паэта ці не.
У кожнага свой Барадулін. Для сябра клуба Уладзіміра Адамовіча Рыгор Барадулін – Беларус з вялікай літары, патрыёт сваёй зямлі, найпершы паэт крывіцкай мовы, чалавек-эпоха, чалавек-легенда. Мудры і сталы, шчыры і добры, востраслоў і чараўнік, які ніколі не здраджваў праўдзе, сумленню і людзям. Уладзімір Паўлавіч у сваім расповядзе закрануў і асабістае жыццё народнага паэта. Свае думкі на гэты конт выказаў і Анатоль Турбал. Гэта тэма выклікала гарачую дыскусію ва ўдзельнікаў клуба.
У выкананні сяброў аматарскага а’бяднання Людмілы Чаркоўскай, Зоі Сушкевіч, Наталлі Жданок, Эдуарда Дулебы, Марыі Чаган, Аляксандры Макатовіч, Ганны Чуган, Тамары Ганчарык, Васілія Шачка прагучалі хвалюючыя вершы юбіляра, прысвечаныя радзіме, маці, сябрам... Апладысментамі ўспрынялі гумарыстычныя творы аўтара, якія артыстычна прадэкламавалі Уладзімір Адамовіч і Сафія Картавусава.
Потым з задавальненнем праслухалі запіс песні «Трэба дома бываць часцей» на словы паэта і праглядзелі відэаролік «Гэта мы. Паэт Рыгор Барадулін».
У рубрыцы «Наш каляндар» гаворка ішла пра пісьменніцу, першую жанчыну-драматурга Вялікага Княства Літоўскага Францішку Уршулю Радзівіл. У гэтым годзе спаўняецца 315 гадоў з дня яе нараджэння. Доўгі час яе імя не было вядома ў нашай гісторыі. А паходзіла яна з княскага роду Карыбут–Вішнявецкіх. Дзяўчына атрымала выдатную хатнюю адукацыю. Вольна валодала некалькімі мовамі, цікавілася літаратурай. Потым яна пачала пісаць і першыя ўласныя вершы. У дваццацігадовым узросце Францішка Уршуля выйшла замуж за будучага вялікага гетмана ВКЛ Міхала Казіміра Радзівіла. Шлюб атрымаўся ўдалым і трывалым. Ён паяднаў роды Вішнявецкіх і Радзівілаў. Уршуля вельмі кахала мужа і прысвячала яму шматлікія паэтычныя пасланні. Жылі маладыя ў родавай рэзыдэнцыі Радзівілаў – старажытным Нясвіжы. Тут Францішка становіцца паўнапраўнай гаспадыняй. Яе намаганнямі былі ўпарадкаваны інтэр’еры Нясвіжскага замка, адноўлена знакамітая друкарня, прыведзены ў добры стан архіў, шмат работы было зроблена ў замкавай бібліятэцы, якая намаганнямі новай гаспадыні павялічылася да 9000 тамоў.
Уршуля пісала вершы і сатырычныя мініацюры, а потым захапілася яшчэ адной формай мастацтва – тэатрам. Яе драматычная спадчына складае 16 п’есаў, сярод якіх камедыі, трагедыі і оперныя лібрэта.
Удзельнікі сустрэчы з задавальненнем праглядзелі фільм пра Францішку Уршулю Радзівіл «Арыстакратка духу» і паслухалі яе верш пра каханне ў выкананні Уладзіміра Адамовіча.
Святлана ЖДАНОВІЧ,загадчык аддзела абслугоўвання і інфармацыіЧэрвеньскай цэнтральнай раённай бібліятэкі.
Фота Кацярыны Дземахiнай