З нагоды юбілею раённая бібліятэка наладзіла з ім сустрэчу, на якую сабраліся прыхільнікі творчасці нашага земляка.
Першай слова для віншавання ўзяла галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Марына Патапенка. Уручаючы пісьменніку Падзяку старшыні райвыканкама, яна адзначыла, што Генадзя Аўласенку ведаюць і цэняць на Чэрвеньшчыне не толькі, як таленавітага творцу, але і як добрага, прыстойнага і неабыякавага да жыцця раёна чалавека, актыўнага ўдзельніка асветніцкай працы, патрыятычнага выхавання дзяцей, падлеткаў і моладзі.
Арганізатары сустрэчы пагарталі старонкі багатай жыццёвай і творчай біяграфіі юбіляра. У прыватнасці, супрацоўнікі бібліятэкі прыгадалі, што ўраджэнец Ушацкага раёна Віцебскай вобласці з дзяцінства “захварэў” на літаратуру: напрыклад, яшчэ школьнікам ён прачытаў чатырохтомны раман Міхаіла Шолахава “Ціхі Дон” літаральна за два з паловай дні. Пасля школы была вучоба на біялагічным факультэце БДУ, дзе Генадзь Аўласенка грунтоўна захапіўся вывучэннем чмялёў, першыя лірычныя вершы і нешчаслівае каханне, сыход з універсітэта на апошнім курсе і вандроўкі па неабсяжных прасторах Сібіры, падчас якіх нават даводзілася вырошчваць на звераферме пясцоў. А потым будучага пісьменніка пацягнула дахаты і неўзабаве яго другой радзімай стала Чэрвеньшчына. Тут ён пачаў працаваць настаўнікам у Вайнілаўскай школе і друкаваць вершы ў перыядычных выданнях, сярод першых – у нашай “раёнцы”.
Плёнам паэтычнай творчасці Генадзя Аўласенкі стаў зборнік “Час збіраць камяні”. Потым ён паспяхова асвоіў драматургію: з п’есамі для дзяцей і дарослых пісьменнік неаднойчы ўваходзіў у лік прызёраў рэспубліканскіх конкурсаў, яго творы гучалі ў праграме “Радыёкарусель”. Пазней рэалізаваў сябе і як празаік – у казках, апавяданнях для моладзі, фантастычных творах.
Шмат шчырых слоў сказала Генадзю Аўласенку яго колішняя калега пра працы ў Вайнілаўскай школе Тамара Рухлова. Яна з цеплынёю прыгадала, як любілі яго ўрокі вучні, і як ён укладаў душу ў выкладанне сваіх прадметаў – біялогіі і хіміі, а таксама праспявала пад баян некалькі яго песень.
Сябра літаратурна-паэтычнага клуба “Ветразь” Уладзімір Адамовіч ацаніў пісьменніцкі талент Генадзя Аўласенкі ва ўсіх жанрах літаратуры. Асобна ён засяродзіўся на грамадзянска-патрыятычнай лірыцы Генадзя Аўласенкі дзевяностых гадоў мінулага стагоддзя, якая не згубіла актуальнасці гучання і сёння.
На імпрэзе прагучалі вершы ў выкананні яе ўдзельнікаў.