Да васьмідзесяцігоддзя з дня нараджэння беларускага паэта Генадзя Бураўкіна была прымеркавана сустрэча “І стаў вытокам радасці радок”. Пра жыццё і творчасць юбіляра распавяла сябра клуба Алена Туміловіч. На мультымедыйнай устаноўцы для ўдзельнікаў клуба былі прадэманстраваны відэаролік і фотаздымкі, звязаныя з літаратурнай дзейнасцю паэта. Затым аматары паэзіі Аляксандра Раманькова, Людміла Чаркоўская, Марыя Чаган, Васіль Шачок чыталі вершы юбіляра. З задавальненнем усе слухалі запісы песень на словы паэта: “Калыханка”, “Завіруха”, “Зачараваная мая”. Пра свае сустрэчы з паэтам у студэнцкія гады ўзгадалі Уладзімір Дарагуж, Уладзімір Адамовіч і Яўген Несцяровіч. З успамінаў Яўгена Антонавіча цікава было паслухаць пра тое, як Гена жаніўся падчас вучобы ва ўніверсітэце. Уладзімір Паўлавіч параіў прысутным чытаць вершы паэта душою для таго, каб па-сапраўднаму зразумець іх. Ён адзначыў, што Генадзь Бураўкін пакінуў яскравы след у сваіх вершах не толькі для Беларусі, але і для ўсяго свету.
Наступнай асобай, пра якую ішла гаворка на пасяджэнні клуба, быў Ніл Гілевіч. Сустрэча была прысвечана 85-годдзю з дня нараджэння народнага паэта Беларусі. Яна мела назву “… І песні - да сэрца даходзяць!”. Пра жыццёвы і творчы шлях паэта распавялі бібліятэкары. Настаўнікі Яўген Антонавіч і Уладзімір Паўлавіч узгадалі пра тое, што Ніл Гілевіч меў добры голас, спяваў ва ўніверсітэцкім хоры, быў вялікім гумарыстам. Затым прачыталі вершы юбіляра. Сябра клуба Уладзімір Шатэрнік распавёў пра сустрэчу з паэтам падчас вучобы ў інстытуце марксізма-ленінізма. У яго выкананні на памяць прагучаў сатырычны верш народнага паэта. Яшчэ паэтычныя творы Ніла Гілевіча чыталі: Сафія Картавусава, Таццяна Гаўрыльчык, Кацярына Дадалка, Лідзія Пыка. Потым сябры клуба з задавальненнем слухалі запісы песень на словы Ніла Гілевіча: “У бацькоўскім кутку”, “Жаўраначка”, “Шуміце, бярозы”.
З цудоўным настроем аматары літаратурнага аб’яднання пакідалі вераснёўскую сустрэчу.
Святлана ЖДАНОВІЧ,
загадчыца аддзела абслугоўвання і інфармацыі
Чэрвеньскай цэнтральнай раённай бібліятэкі.
Фота аўтара.