Пра час, у які нарадзілася, жыла і працавала Эмілія Плятэр распавёў старшыня клуба Уладзімір Дарагуж. На мультымедыйнай устаноўцы ён прадэманстраваў аднайменны дакументальны фільм. У гэтым годзе споўнілася 210 гадоў з дня нараджэння Эміліі Плятэр. Вершы і баладу, прысвечаныя юбілярцы, збіральніцы беларускага фальклору, удзельніцы паўстання 1831 года ў Польшчы, на Беларусі і Літве, графіне, прагучалі ў выкананні Аляксандры Раманьковай, Зоі Сушкевіч і бібліятэкараў.
Пра жыццё другой гераічнай жанчыны – Цёткі, Алаізы Пашкевіч распавяла Вера Хаткевіч. У гэтым годзе споўнілася 140 гадоў з дня яе нараджэння. Пра яе творчасць узгадала Юлія Бандарык. Вершы юбіляркі чыталі ўдзельніцы клуба Марыя Чаган, Лідзія Пыка, Галіна Калеснік, Ганна Чуган, Людміла Турбал.
Былы настаўнік роднай мовы і літаратуры Уладзімір Адамовіч узгадаў, што раней ў школе творчасць Цёткі вывучалі даволі глыбока. Уладзімір Паўлавіч адзначыў, што гэтыя дзве гераічныя асобы - Алаіза Пашкевіч і Эмілія Плятэр - вельмі мужныя, энэргічныя, смелыя і прыгожыя жанчыны. Дзеля Радзімы яны не пашкадавалі свайго жыцця, марылі бачыць сваю Беларусь шчаслівай.
“Залатая восень” – другая тэма пасяджэння клуба. Яго сябры падрыхтавалі любімыя вершы пра восень. Гучалі паэтычныя творы Якуба Коласа, Уладзіміра Караткевіча, Ліны Кастэнка, Генадзя Аўласенкі ў выкананні Лідзіі Пыка, Веры Хаткевіч, Уладзіміра Дарагужа, Сафіі Кайрыс.
Уласныя вершы прачыталі Раіса Церашонак, Наталля Жданок і Уладзімір Адамовіч. Паэтычныя радкі гучалі на беларускай, рускай і ўкраінскай мовах.
Святлана ЖДАНОВІЧ,
загадчыца аддзела абслугоўвання і інфармацыі
цэнтральнай бібліятэкі.
Фота аўтара