Режим работы
Режим работы
  • пн
  • вт
  • ср
  • чт
  • пт
  • сб
  • вс
8:30-13:00 | 14:00-17:30
06 января 2017

“Цвяток радзімы васілька…”

Так называлась літаратурна–паэтычная гасцёўня, прысвечаная творчасці беларускага паэта Максіма Багдановіча, яе падрыхтаваў старшыня клуба “Ветразь” Уладзімір Дарагуж, які вельмі захапляўся яго талентам і лічыў яго сапраўдным беларусам. Яскрава было паказана жыццё і творчасць у фільме “Максім Багдановіч” з паказам фотаздымкаў пра Ігуменскія карані, каханне ў яго жыцці, музеі і помнікі, прысвечаныя яму. Дапаўнялі матэрыял Уладзімір Адамовіч і Яўген Несцяровіч. Вершы Максіма Багдановіча чыталі Соф’я Гурына, Аляксандра Раманькова, Людміла Турбал, Валянціна Белавусава, Аляксандра Макатовіч, Ганна Чуган, Васіль Шачок і іншыя. Успамінаючы вялікага паэта, ў сувязі са 125-годдзем з дня яго нараджэння, мы спрабавалі адкрыць яго Веліч і Неўміручасць. Пражыўшы усяго 25 гадоў, ён шмат паспеў зрабіць для Беларусі. Зорка паэта і сёння гарыць на небасхіле не толькі беларускай, але і сусветнай літаратуры. Нам прыемна, што яго карані тычацца і нашага роднага Чэрвеня, радзімы маці паэта Марыі Апанасаўны Мякоты, якая паходзіла са старажытнага беларускага шляхецкага роду (герба “Курч”).

Марыя нарадзілася ў г. Ігумені ў 1869 годзе. Бацька яе Апанас Іванавіч Мякота быў губернскім сакратаром, служыў наглядчыкам Ігуменскай павятовай бальніцы. Ужо ў сталым узросце другі раз узяў шлюб з Таццянай Восіпаўнай Малевіч, з ёй меў чатыры дачкі і сына. Пасля яго смерці (пахаваны ён на чэрвеньскіх могілках, яго магілу знайшоў Уладзімір Дарагуж) трох дзяцей адправілі ў прытулак, у тым ліку і Марыю. Там і сустрэла яна свой лёс: Адама Ягоравіча Багдановіча, які быў накіраваны на працу настаўнікам у Ігумен (Чэрвень). Адам Ягоравіч блізка да сэрца ўспрымаў справы сваіх гадаванцаў, стараўся дапамагчы ім. Сярод яго любімых вучняў вылучаліся дзве сястры Маша і Саша Мякоты. Марыя вучылася далей у Аляксандраўскім жаночым вучылішчы ў Мінску. Жыла ў доме губернатара, дзе вучылася музыцы, французскай мове, спевам і танцам. У гэтым горадзе яна сустрэлася са сваім настаўнікам Адамам Ягоравічам. Пасля заканчэння вучылішча паехала ў Пецярбург, у земскую настаўніцкую школу.У 1889 годзе Марыя Апанасаўна Мякота і Ягор Адамавіч Багдановіч абвянчаліся і здымалі кватэру ў Мінску на Аляксандраўскай вуліцы.

Цёплае пачуццё вызываюць тыя мясціны, дзе першыя свае пяць гадоў жыцця пражыў паэт. Гэты перыяд з’явіўся важным для фарміравання яго асобы. Менавіта тады Максім убраў у душу ўсё пачутае і пабачанае.

З беларускай сталіцай звязаны два моманты жыцця паэта – нараджэнне 9 снежня 1891 года ў Траецкім прадмесці па вуліцы Аляксандраўскай, 25 і перыяд апошняга прыезду ў Беларусь, які адбыўся ў канцы снежня 1916 года. Сёння вуліца носіць назву самога паэта. Праз паўгода пасля нараджэння паэта ў 1892 годзе сям’я пераехала ў Гродна. Забудова, дзе жылі Багдановічы не захавалася, у 1981 годзе Максіму Багдановічу быў пастаўлены помнік, позірк паэта скіраваны ў бок роднага дома.Паэт з букецікам сваіх любімых васількоў застыў перад будынкам опернага тэатра, задуменны, прыгожы і нязменна малады.

Знаёмства паэта з родным горадам адбылося толькі праз 25 гадоў. Максім Багдановіч прыехаў на радзіму цяжка хворым пасля заканчэння яраслаўскага ліцэя.У той час ішла першая сусветная вайна. Жыў паэт у доме Сцяпана Рэдзькі, які арэндавала “Беларуская хатка”. Калі ў канцы 1916 года з дома з’ехалі бежанцы, яго аддалі пад кватэры, адзін з пакояў і засялілі паэта. Сябры ўладкавал яго працаваць у камітэт дапамогі пацярпелым ад вайны.У пасёлку Ратамка Мінскага раёна размяшчаўся прытулак для дзяцей-бежанцаў. На лета іх вывозілі адпачываць у Карпілаўку да Ядвігіна Ш, а ў восень забіралі назад. Таму і Ратамку і Карпілаўку таксама наведваў Багдановіч. Паэт вельмі любіў спыняцца каля Чырвонага касцёла Святых Сымона і Алены. Гэта месца было адным з улюблёных у Багдановіча.

Дзяцінства паэта прайшло ў Гродна. Дом, у якім жыла яго сям’я, захаваўся і сёння – цяпер там працуе Гродзенскі музей Максіма Багдановіча.У гэтым горадзе прайшлі бадай самыя шчаслівыя яго гады. Маці ўвесь час аддавала выхаванню дзяцей, якіх моцна любіла. Адпачывала сям’я ў вёсцы Вяззе (цяпер Асіповіці раён). Калі Максіму было пяць гадоў, памерла маці. Гродзеннскія старыя могілкі – знакавае месца для паэта, там пахавана яго маці.

Бацьку Адаму Ягоравічу прапанавалі работу ў Ніжнім Ноўгарадзе. З гэтага горада шаснаццацігадовы юнак Максім Багдановіч даслаў у рэдаккцыю “Наша ніва” лірычнае апавяданне “Музыка”, якое пакінула найбольшы след у гісторыі беларускай літаратуры дакастрычніцкага часу, стала сапраўды народным і любімым інтэлігнцыяй і сялянствам. Потым у 1908 годзе сям’я і сёстры Адама Ягоравіча, якія неўзабаве пабраліся шлюбамі, пераехала ў Яраслаўль. Утварыўся своеасаблівы беларускі анклаў, адзначалі беларускія святы, размаўлялі на беларускай мове, ў сваёй уласнай бібліятэцы былі і кнігі на беларускай мове. Радок з песні “А дзе тая крынічанька, што голуб купаўся”, якую часта напявала цётка Магдалена, Максім выкарыстаў пазней у сваім вершы “Вечар”. З Яраслаўля дасылае паэт першыя друкаваныя вершы. Сёння побач з будынкам Яраслаўскага ўніверсітэта стаіць помнік паэту. Захаваліся і некаторыя кватэры, якія здымала сям’я Багдановічаў у гэтым горадзе.

Фактычна 20 гадоў Максім Багдановіч не жыў у Беларусі. Ён прыязджаў летам 1911 года ў Ракуцёўшчыну (бліз Краснага, цяпер Маладзечанскі раён).Па дарозе заехаў у Вільню, наведаў рэдакцыю “Нашай Нівы”, у якой ужо актыўна друкаваўся, наведаў дом, у якім жылі браты Луцкевічы і які пазней стаў музеем старажытнасцяў. Там Багдановіч убачыў знакамітыя слуцкія паясы, вельмі натхніўся ўбачаным і напісаў верш “Слуцкія ткачыхі”. Менавіта Вільня натхніла напісаць такі шэдэўр як “Пагоня”. У Ракуцёўшчыне быў плённы час для яго працы, тут стварыў славутую “Вераніку”, паэму “У вёсцы”, дапрацаваў і напісаў многія вершы. Гасцяваў у фальварку дзядзькі братоў Луцкевічаў. Сустрэча з радзімай, аднадумцамі з “Нашай нівы” стала вялікім стымулам для творчасці, абагаціла яго вершы шэрагам новых сюжэтаў і вобразаў. Вярнуўшыся ў Яраслаўль, паэт даслаў у рэдакцыю “Нашай Нівы” сшытак вершаў, каб яго выдалі як кніжку “Вянок”, які стаў адзіным зборнікам Багдановіча. У Ракуцёўчыне захаваўся падворак фальварка і некалькі будынкаў адноўленых, ці аўтэнтычных.

У лютым 1917 года цяжка хворы Максім Багдановіч паехаў на ляченне ў Ялту.Памёр 25 мая 1917 года. У 1990-я гады на гарадскіх  ялцінскіх могілках усталяваны бюст – паэт трымае раскрытую кнігу.

За сваё кароткае жыццё Максім Багдановіч падаравў нам выдатныя прыклады грамадзянскай, філасофскай, пейзажнай і любоўнай лірыкі. На яго вершы напісаны цудоўныя песні: трапяткую і светлую “Вераніку” на музыку Ігара Лучанка ў выкананні вядомага інструментальнага ансамбля “Песняры” ведаюць і любяць у самых розных краінах свету. Паспеў праявіць сябе Максім Багдановіч і як таленавіты публіцыст. Актыўна друкуючыся ў расійскіх і ўкраінскіх выданнях, ён дапамагаў іх чытачам больш даведацца пра Беларусь. Такімі словамі звяртаўся Максім Багдановіч да беларускага народа ў 1915 годзе: “Не пакінем свае гаворкі, сваіх песняў, сваіх звычаяў – свайго кроўнага, спрадвечнага, беларускага. Не адрачомся, не забудзем, не кінем на глум; будзем шанаваць, бараніць, дзецям сваім пра тое распавядаць.”

Адданы сын сваёй Бацькаўшчыны, паэт Максім Багдановіч даўно ўжо пераступіў абсягі роднай зямлі. Неверагодная ўласная вера Максіма Багдановіча ў Беларусь, сіла духу і ўпартасць у дасягненні пастаўленай мэты дапамаглі яму, народжанаму беларусам, стаць беларусам сапраўдным. Як свайго яго прымаюць і за межамі Беларусі. Пра гэта засведчылі юбілейныя літаратурнвя вечары, якія прайшлі ў Маскве, Ніжнім Ноўгарадзе, Яраслаўлі. Максім Багдановіч шануецца ў Азербайджане, Казаххстане і шматлікіх іншых краінах.

Алена Шульга,

 бібліёграф Чэрвеньскай цэнтральнай

раённай бібліятэкі

Фота – Святлана Ждановіч

Галерея изображений