Режим работы
Режим работы
  • пн
  • вт
  • ср
  • чт
  • пт
  • сб
  • вс
8:30-13:00 | 14:00-17:30
26 марта 2014

Сябрам «Ветразя» распавялі пра Аркадзя Куляшова

Чарговае пасяджэнне гэтага літаратурна-паэтычнага клуба распачалося з ушанавання беларускай мовы. Старшыня клуба Уладзімір Дарагуж узгадаў, што 21-га лютага адзначаўся Міжнародны дзень роднай мовы.

Ён прачытаў на памяць вершы, прысвечаныя мове, і адзначыў, што яна нам дадзена ад Бога і што калі жыве мова, тады жыве і народ. Свае думкі наконт таго, чаму мы, беларусы, не размаўляем на роднай мове выказалі Зоя Сушкевіч і Ганна Сірэнская.

Потым слова ўзяў колішні настаўнік роднай мовы і літаратуры Уладзімір Адамовіч. Напачатку ён расказаў пра творчасць народнага паэта Аркадзя Куляшова, 100-годдзю якога было прысвечана пасяджэнне клуба, спыніўся на некаторых малавядомых старонках яго біяграфіі.

Працягнуў паэтычны вечар старшыня клуба «Ветразь» Уладзімір Дарагуж. На мультымедыйнай устаноўцы ён паказаў фотаздымкі з сямейнага альбома Аркадзя Куляшова.

Затым слова ўзяў яшчэ адзін колішні выкладчык роднай мовы і літаратуры — Яўген Несцяровіч. Ён узгадаў пра кнігу дачкі народнага паэта Беларусі «Лясному рэху праўду раскажу», прысвечаную бацьку.

Напрыканцы сустрэчы сябры клуба з задавальненнем слухалі песні Ігара Лучанка на словы Аркадзя Куляшова «Алеся», «Згадай усё, што сэрцу міла» ў выкананні Леаніда Барткевіча і гурту «Чараўніцы». Аматаркі паэзіі Софія Гурына, Лідзія Пыка, Зоя Сушкевіч, Аляксандра Раманькова, Ганна Сірэнская і Кацярына Дадалка чыталі вершы паэта «Я хаце абавязаны прапіскай», «Лес адпалаў і чорным стаў ад страты», «Да паэзіі», «Камсамольскі білет», «Балада аб чатырох заложніках», «Камуністы». Паэтычны вечар скончыўся на ўзнёслай ноце. Ён доўжыўся крыху больш за дзве гадзіны.